Выбрать главу

Ён не разумеў, што дрэва, у якім так доўга працягваўся ягоны сон, апынулася на беразе, на сушы. Яму здавалася, што тое, што з ім адбываецца цяпер, робіцца не з ім, а з некім іншым, а ён проста збоку назірае за гэтай незразумелай істотай, якая з’явілася з чорнай дзіркі дупла, у якім праляжала немаведама колькі гадоў. Чалавек толькі і памятаў, што трэск дрэва і бляск маланкі. Ён яшчэ не разумеў, што ўжо выпаў з таго дупла, у якім правёў столькі часу, і бачыць ноч, і варушыць рукамі і нагамі.

Калі Лена піскнула і моцна ўчапілася за Пятра, ён сам спужаўся, хоць выгляду не падаў.

— Што гэта? Што гэта такое? — выглядвала дзяўчына з-за хлопцавага пляча, узіраючыся на нешта цёмнае і валасатае, што ляжала пад калодай і сілілася ўстаць на карачкі.

— Гэта не «што», гэта — хто! — адказаў Пятро, уважліва разглядаючы нешта падобнае хутчэй на малпу, чым на чалавека. Святла поўні не хапала, каб можна было добра разгледзець істоту, таму хлопец адважыўся і падышоў бліжэй.

— Не падыходзь, Пецечка, яшчэ кінецца…

— Не кінецца, ён ледзь варушыцца… Слухай, хадзі сюды… Не бойся. Гэта яно і ёсць! Тое самае…

— Што? — баязліва падступалася дзяўчына.

— А той самы манах, пра якога Савіцкі расказваў.

— Што-о?

— Падыходзь, не бойся. Ён ледзь жывы. Уга… Увесь слізкі ад мёду.

Некалькі хвілін Лена ніяк не магла адважыцца падступіцца бліжэй. Пятро тым часам дзейнічаў: адсунуў знойдзеную істоту ад дрэва, распрастаў яе, ацёр ад мёду рот і нос, і нават паспрабаваў зрабіць штучнае дыханне.

— Ён што, дыхае? — стала ўзірацца Лена ў стварэнне, якое, — хто б мог паверыць? — на яе вачах выпала з дубовага дупла.

— Здаецца, дыхае, — адказаў Пятро. — І сэрца стукае.

— І сэрца стукае?

— Калі жывы, чаму ж не будзе стукаць. Трэба людзей паклікаць. На, пакратай яго — не рукі, а адныя косткі. Усох. Рэбры як у школьнага шкілета. Слухай, Лена, ушчыкні мяне. Я не веру сваім вачам!

— А я сваім веру?

— Кгдзе аз есм? — пачуўся невыразны шэпт, які, сумненняў не магло быць, сыходзіў менавіта ад чорнага, усохлага, як вэнджаны лешч, але ўсё-ткі чалавека, і чалавека жывога.

— Гэта ён, ён шэпча! Гісторык меў рацыю! Ён прадбачыў падзеі пра гэтага манаха, наш Савіцкі — вяшчун, празарлівец, а ты не верыла, — разгарачана прашаптаў Пятро. — А я верыў!

— Трэба бегчы па людзей, выклікаць «хуткую», — замітусілася Лена. — Яму трэба… кропельніцу.

— Кгдзе мой кій? — раптам даволі выразна прамармытаў манах. — Мой посах…

— Посах? Недзе ў дупле, а дзе ж яму быць. Ты ж з дупла? — гучна, схіліўшыся над манахам, прамовіў Пятро.

— Вочы, ай, мае ж вочачкі… Як ў мяне баляць вочы! Я не магу бачыць. Я нічога не бачу… Вады, дайце мне вады! — прастагнаў манах і паднёс аслабелую руку да вуснаў. — Кгэта што, крывя?

— Мёд!

— Дайце папіць, вады дайце… У мяне язык у роце сухі, як трэска…

Лена ў адзін міг збегала на падворак да Колбаў, было чуваць, як яна выкруціла калаўротам вядро вады, неўзабаве прынесла цэлы трохлітровы слоік.

Манаху далі напіцца, крыху абмылі. Ён пажвавеў, заварушыўся, павярнуўся ў бок ракі, з цяжкасцю стаў на калені і стаў нешта шаптаць, час ад часу кланяючыся і дакранаючыся лобам да зямлі.

— Моліцца, — ціха сказала Лена. — А ледзь не голы, адзенне на ім распаўзаецца. Сатлела.

— Угу, — мыркнуў Пятрук. — Дзе ж не сатлее. Гэтулькі гадоў праляжаць. Бачыш, які я кій ягоны знайшоў… Ён з дупла тырчэў. Пэўна, гэты во згубіў. З рук выпусціў…

Але Лена не паспела глянуць на хлопцаву знаходку, бо манах раптам заплакаў. З яго вачэй не цяклі слёзы, бо ён сам быў яшчэ сухі, усё адно як егіпецкая мумія. Адзіная вільгаць, якая была ў ім — гэта вільгаць вачэй, бо яны блішчэлі ў святле поўні месяца.

— Хвала… Хвала Табе, — гучна вымавіў праз сухія, даўкія рыданні манах, — Кгоспадзе Ісусе Хрысце, Сыне Божы, Ратавацель мой, упаванне маё, надзея мая, Кгасподзь мой, што паказаў мне кгэтае святло, хвала Табе!

І манах працягнуў да серабрыстай поўні худыя, як два кіі, рукі.

Лена з крыкам кінулася ў бок сяла.

— Людзі, людзі! — крычала дзяўчына. — Манах з дуба выпаў!

Яна бегла, крычала і не азіралася. Яна баялася азірнуцца — да яе нарэшце дайшло, што здарылася.