Выбрать главу

Можа быць, так і было, але корань у назве гэтай вёскі хутчэй нагадвае слова «паліць», г. зн. звязаны з вайной, з вогнішчам... Пра французаў сярод нашых паданняў ёсць розныя — трагічныя, ваяўнічыя, паэтычныя. Адно з іх — пра звон з манастыра. Лепшы ў акрузе быў той звон, і за гэта празвалі яго певуном. Калі ж сталі набліжацца французы, якія ўсё нішчылі, схавалі манахі манастырскае дабро, а звон схаваць доўга не маглі рашыцца, таму што грэў ён душы людзей... I, нарэшце, памаліўшыся, ціха апусцілі яго ў ваду возера, а самі разышліся хто куды. Кажуць, што на тым возеры, калі прыйсці да яго перад усходам сонца, чуваць дзіўны перазвон — але самы звон ужо не можа знайсці ніхто з шукальнікаў...

Вайна 1812 года зменшыла насельніцтва Віцебска ў тры разы. Толькі ў канцы XIX стагоддзя, калі праз горад была пракладзена Рыга-Арлоўская чыгунка, якая злучыла горад з Кіевам, Брэстам, Пецярбургам і іншымі гарадамі Расіі, тут інтэнсіўна пачала развівацца прамысловасць, узнікла шмат фабрык і заводаў (узгадаем, што і ў канцы XVIII стагоддзя, да падзелаў Рэчы Паспалітай, Віцебск быў па велічыні, па развітай прамысловасці другім пасля Магілёва горадам Беларусі). Тады ж ратуша набыла свой цяперашні выгляд (за выключэннем таго, што трэці паверх ратушы дабудаваны ў пачатку XX стагоддзя). I гэты сімвал незалежнасці горада, пастаўлены ў XVII стагоддзі на Рыначнай плошчы Узгорскага замка, захаваўся да нашага часу і з'яўляецца як бы адпраўным пунктам для экскурсіі па Віцебску. У ратушы размешчаны і краязнаўчы музей, які некалі быў заснаваны на базе калекцый краязнаўцаў, а пасля, у 1924 годзе, аб'яднаны з Віцебскім царкоўна-археалагічным музеем, музеем Віцебскай вучонай архіўнай камісіі і прыватным музеем краязнаўцы В. Федаровіча.

Трэба сказаць, што багатая гісторыя Віцебска як бы «нарадзіла» славутых вучоных-краязнаўцаў, якія тут жылі і працавалі: Е. Раманаў, А. Сапуноў, М. Нікіфароўскі і іншыя, якія шмат пісалі пра горад і выдавалі кнігі пра яго мінулае.

Традыцыі культуры ў Віцебску даволі вялікія: так, у XVII стагоддзі (1671-1766 гг.) існаваў тэатр пры езуіцкім калегіуме; пазней пры кляштары піяраў — батлейка (альбо жлоб). Такія тэатры давалі прадстаўленні падчас сеймаў, кірмашоў, судоў, святаў — калі з'язджалася ў горад павятовая шляхта. Спектаклі таксама ставіліся на школьнай сцэне калегіумаў. Дарэчы, на апошніх курсах гэтых калегіумаў вучні павінны былі добра валодаць латынню, чытаць антычных аўтараў, перакладаць і пісаць на латыні дакументы, а таксама «выкладаць свае думкі па ўсіх правілах красамоўнага мастацтва». Тут жа існавала школьная капэла, сфармаваная з вучняў бурсы, якіх набіралі са збяднелай шляхты і гараджан. У 1845-1847 гг. працаваў балет Піёна, французскага балетмайстра, які аб'ядноўваў як вольных, так і прыгонных артыстаў у трупу, здольную даваць на сцэне такія класічныя творы, як «Чароўная флейта» В. А. Моцарта, «Дзве статуі» Ю. Эльснера і іншыя. Апроч таго, сюды пастаянна прыязджалі гастрольныя музычныя і драматычныя трупы. У 1768 годзе жыхаром Віцебска Сцяпанам Аверкам складзены Віцебскі летапіс, дзе ёсць шмат каштоўных звестак пра гісторыю горада, як і ўвогуле пра гісторыю Вялікага княства Літоўскага. Запісы кароткія, але па іх можна бачыць цэлыя карціны жыцця горада:

«Году 1686. Вада ў Дзвіне надта вялікая была ў Віцебску, многа шкоды віцяблянам нарабіла, дамы іх заліўшы альбо знесшы прэч.

Году 1694. Град вялікі быў вакол Віцебска, выбіў усё збожжа ў полі, месяца жніўня 3 дня.

Году 1701. Мая той жа камісар (караля) Рыбінскі прыехаў паўторна да Віцебска і з ім рэйтараў саксонскіх тысяча. Пабыў у Віцебску дзён 14; вялікая была цераз яго шкода месцу, гвалт і свавольства саксонаў, страх вялікі. Шмат даўгоў пабраў у купцоў, Рызе вінных, у суме таляраў бітых шэсцьдзесят чатыры тысячы». У канцы XIX-пачатку XX стагоддзя ў Віцебску стала фармавацца цікавае мастацкае асяроддзе, пачатае прыватнай школай Пэна, якая была адчынена ў 1892 годзе. Пасля на аснове яе ў 1918-1920 гг. створана народная мастацкая школа, потым — вучылішча, якое дало Беларусі (і свету) такіх мастакоў з сусветным імем, як Казімір Малевіч, Марк Шагал, якія выкладалі ў гэтым вучылішчы. Яго закончылі такія вядомыя беларускія мастакі, як В. Цвірка, З. Азгур.