Выбрать главу

Магіла Ю. Пэна знаходзіцца на старых Старасямёнаўскіх могілках, і на Радуніцу на яе таксама кладуць, успамінаючы памерлых, чырвонае яйка, ставяць свечку і зычаць спакою душы нябожчыка простыя людзі, якія, магчыма, да канца не разумеюць сутнасць ягонай творчасці і дзейнасці. Але яны ведаюць: магіла не павінна заставацца недагледжанай на такое свята, як Радуніца — дзень памяці і шанавання продкаў.

У летапісах Панцырнага і Аверкі часта ўпамінаецца Дабравешчанская царква XII стагоддзя. Рэшткі яе тут — у заходняй частцы Ніжняга замка, а да 1961 года яна яшчэ была цэлаю (колішні гораданачальнік загадаў яе ўзарваць, і гэты выбух сімвал таталітарнай сістэмы, якая хацела пачаць гісторыю ад кастрычніцкага перавароту 1917 года...). Тут, на Ніжнім замку, беларускімі археолагамі знойдзены матэрыялы другой паловы I тысячагоддзя, а само паселішча ўзнікла недзе ў VI-VIII стагоддзях нашай эры. Тут быў абгароджаны пасад, дзе былі тры абарончыя вежы — Жыдоўская, Заручайская (па назве ручая) і Валконскі круглік, а таксама дзесяць «глухіх» вежаў. Яшчэ адна царква — Пятніцкая (XIV стагоддзе) — была ва ўсходняй частцы замка, забудаванай у асноўным драўлянымі дамамі. Выяўленыя рэшткі карчмы — як жа мог гарадскі жыхар абысціся без яе! — у самым канцы замка, на поўдні. Далей, на Паўднёвым усходзе, была Заручайская слабада, яна з XII стагоддзя па XVII была пасадам Віцебска, але менавіта тут, на высокай частцы, археолаг Г. Штыхаў знайшоў своеасаблівы курганны некропаль — магілы, якія ў народзе завуць «валатоўкамі» ад слова «волат» — «багатыр». У XIV стагоддзі побач была Святадухаўская царква, на нізкім участку ў XVI стагоддзі існавала «кажамяцкая» царква, што гаворыць аб багацці цэха гарбароў, якія маглі мець сваю ўласную царкву.

Замкавая гара, на якой быў пабудаваны Верхні замак (мясцовая назва Горні), называлася Ламіхай. Самае старажытнае паселішча Віцебска паступова пашыралася, яго тэрыторыя з 1 гектара стала ў XII-XIII стагоддзях прыкладна 4 гектары, а з XIV месца носіць сваю цяперашнюю назву — Верхні замак.

...Абодвух замкаў тут цяпер няма. Але яшчэ ў XVI стагоддзі гісторык (і кароткачасовы камендант горада) А. Гваньіні пісаў: «У Віцебску ёсць два вельмі прасторныя і, дзякуючы свайму зручнаму месцазнаходжанню, вельмі ўмацаваныя замкі... Абодва гэтыя замкі ўмацаваны вежамі і сценамі, якія пабудаваны з дубу і напоўнены зямлёю ды каменнем». Верхні замак меў 6 драўляных вежаў, палаты, турму, царкву Архангела Міхаіла.

Уздоўж Заходняй Дзвіны ішла вуліца Вялікая, яна праходзіла праз тэрыторыю Ніжняга замка. Недалёка адсюль у час раскопак была знойдзена першая на Беларусі берасцяная грамата.

Трэці замак, Узгорскі, стаяў на ўзгорку, які называўся Лысай гарой, альбо гарой Успенскай (пазнейшая, хрысціянская назва). Гэтае паселішча, якое ў XIII-XV стагоддзях павольна пашыралася ў паўночным напрамку, паступова фармавалася ў пазнейшы цэнтр горада. Менавіта ў гэты час тут былі пабудаваны цэрквы Успенская, Увядзенская, Васкрасенская. У канцы XVI стагоддзя Узгор'е называецца ўжо горадам, які з Ніжнім замкам злучаўся мостам цераз Віцьбу. Васкрасенскую царкву, пабудаваную ў 1772 годзе, з усходу атачаў кляштар бернардзінцаў (1737-1755). Тут знаходзіліся таксама двор ваяводы і турма.

У XVII стагоддзі дакументы расказваюць аб 33 вежах Віцебска, на якіх можна было ўбачыць прыгожыя флюгеры-«ветранікі», харугвы, выявы Пагоні. Пасля штурму войскамі Пятра I (28 верасня 1708 года) большасць з іх была спалена. У 1719 годзе застаўся запіс, што па Верхняму замку ішлі паўз «месца, дзе брама бывала». А 2 жніўня 1752 года, калі надарыўся пажар, «выгарэў замак ад касцёла ксяндзоў Дамініканаў, Дабравешчанне, плябанія, езуіты, шмат дамоў».

Езуіцкі калегіум, пра які ідзе гаворка, таксама размяшчаўся на тэрыторыі Ніжняга замка. Быў тут і Аляксееўскі манастыр, цікавыя па архітэктурнаму рашэнню дамы...

Горад будаваўся і пасля гэтага пажару. Сведчаннем таго застаўся недалёкі ад цэнтра Палац губернатара, пабудаваны не пазней 1772 года ў стылі класіцызму. Палац адноўлены пасля апошняй вайны, але ён вядомы тым, што тут у 1845-1847 гг. былі паказаны балеты і вадэвілі М. Піёна, тут жыў віцэ-губернатар горада (1853-1854) рускі пісьменнік I. Лажэчнікаў, а раней, у 1812 годзе, знаходзілася штаб-кватэра Напалеона. (Праз стагоддзе ля губернатарскага палаца з'явіўся абеліск у гонар перамогі над Напалеонам.) Яшчэ праз стагоддзе з нечым тут размяшчаўся ваенна-рэвалюцыйны камітэт, які абвясціў савецкую ўладу... Хочацца верыць, што ў наступным стагоддзі тут калі і будзе якая ўлада, то толькі дэмакратычная (а можа, людзям ужо наогул не будзе патрэбна ніякая ўлада?).