Выбрать главу

Непадалёк ад гістарычнага цэнтра, на вул. Політэхнічнай, па стромкім беразе Заходняй Дзвіны, размясціўся манастыр базыльянаў.

Трэба адзначыць, што апошнім часам у Беларусі ўзнікаюць непаразуменні паміж канфесіямі — каму належыць той ці іншы будынак? Часта бывала, што храм пераходзіў з рук у рукі. Вось і манастыр базыльянаў уніяцкага ордэна пабудаваны на месцы былой праваслаўнай Успенскай царквы, якая існавала з XIV стагоддзя. Мураваная ж царква і жылы манастырскі корпус пабудаваныя ў 1743-1785 гг. архітэктарам I. Фантана. Комплекс цікавы тым, што гэта помнік архітэктуры пераходнага перыяду ад барока да класіцызму, яго манастырскі корпус мае форму літары «Т». Будынак пастаўлены як бы паралельна Заходняй Дзвіне, а ў кароткай яго частцы, што ў два паверхі, некалі размяшчалася ўнутраная, «цёплая» царква, яе цыліндрычнае скляпенне мае прыгожыя распалубкі.

На правым беразе Дзвіны, амаль насупраць, калі глядзець па прамой, стаіць касцёл Варвары (вул. Ленінградская), які быў некалі (1785 год) пабудаваны на каталіцкіх могілках разам з капліцай, а перабудаваны ў канцы XIX стагоддзя і з'яўляецца помнікам несапраўднай готыкі. Касцёл уяўляе сабой трохнефавую базіліку з дзвюма вежамі на галоўным фасадзе. Кожная вежа мае трох'ярусную кампазіцыю; паміж вежамі — партал увахода.

На плошчы Свабоды (былая Саборная) стаіць помнік грамадзянскай архітэктуры XIX стагоддзя, які захоўвае рысы класіцызму. Разам з Мікалаеўскім саборам, які не збярогся, некалі завяршаў кампазіцыю плошчы.

Увогуле, помнікі мінулага, якія не зберагліся, маглі б скласці асобнае апісанне. Па сутнасці, уся Віцебская школа дойлідства, якая сфармавалася ў XVII-XVIII стагоддзях у драўляным дойлідстве Віцебска, сёння існуе толькі на чарцяжах тых цэркваў, якія гарэлі першымі, паколькі дрэва — найбольш слабы матэрыял у паласе бесперастанных войнаў: Васкрасенская, Праабражэнская, Увядзенская, Троіцкая царква на Пескаватыку, Троіцкая царква Маркава манастыра, Ільінская... Усе яны былі дастаткова арыгінальнымі, каб гаварыць аб асобнай школе, як гаворым мы пра школу традыцыйных тканых ручнікоў, што вырабляюцца на Віцебшчыне, віцебскую кераміку, вырабы якой знойдзены пры археалагічных раскопках...

Старадаўнія жылыя дамы Віцебска можна бачыць і сёння на вуліцах Суворава, Чэхава, Талстога. Цікавае, напрыклад, былое мужчынскае духоўнае вучылішча на рагу вуліц Суворава і Чэхава, пабудаванае ў 1890 годзе (позні класіцызм). Або дом № 4 па вуліцы Л. Талстога: у 1882—1910 гг. тут працаваў выкладчык гімназіі, беларускі этнограф і фалькларыст М. Нікіфароўскі; альбо дом № 7 па вуліцы Крылова, пастаўлены ў канцы XVIII стагоддзя як корпус базыльянскага манастыра — у колішняй гімназіі тут вучыўся малады дзекабрыст I. Гарбачэўскі.

У Віцебску шмат помнікаў сучаснай гісторыі, асабліва партызанскага руху, а таксама 9 помнікаў Леніну. Але пра гэтыя помнікі напісана шмат болей, чым пра тысячагадовую гісторыю горада. Таму мы хацелі б, каб вы ўбачылі і іншы Віцебск — той, дзе, як у любым горадзе сучаснай Еўропы, цесна ад храмаў, самых розных, са сваёй гісторыяй, з людзьмі, якія тут жылі ў мінулыя вякі. У Віцебскай вобласці, у маёнтку Цяпіна, рэфармацыйны дзеяч і пісьменнік Васіль Цяпінскі ў 1580 годзе выдаў (у сваёй уласнай друкарні) Евангелле, перакладзенае ім на старабеларускую мову, на Віцебшчыне нарадзіліся Францішак Скарына, Сімяон Полацкі, тут дзей-нічала славутая друкарня Спірыдона Собаля (1630 год). У Бешанковіцкім раёне нарадзіўся дзяржаўны і грамадскі дзеяч Леў Сапега (1557-1633 гг.), які прыняў вялікі ўдзел у стварэнні Статута Вялікага княства Літоўскага, дзе была зафіксавана прававая сістэма юрыспрудэнцыі, якая зрабіла вялікі ўплыў на развіццё права Польшчы, Расіі, Латвіі, Эстоніі і Украіны і была адменена расійскімі ўладамі паступова на ўсёй тэрыторыі Беларусі з 1831 года. Дасканалы для свайго часу, Статут з'яўляецца унікальнай крыніцай звестак пра жыццё нашых продкаў, іх звычаі, узровень культурнага развіцця. На Віцебшчыне працавалі славутыя мастакі I. Рэпін, I. Хруцкі, беларуска-польскі паэт і мастак А. Рыпінскі, скульптар Г. Дмахоўскі... I многія, многія іншыя творцы, чые душы былі скіраваны на праслаўленне сваёй Бацькаўшчыны...

Сённяшні Віцебск — буйны індустрыяльны цэнтр з развітай прамысловасцю. Але гэта — і той горад Марка Шагала, які ўбачылі людзі свету на яго «віцебскіх» палотнах, з яго ўтульнымі старымі вулачкамі, ад якіх мала засталося — але ж засталося! Тут цяпер адкрыўся музей М. Шагала, краязнаўчы музей папаўняецца новымі знаходкамі археолагаў, рэстаўруюцца старажытныя будынкі. I, як шмат вякоў назад, стаіць Ратуша — сімвал незалежнасці горада, адлічвае час яе гадзіннік. Нам хочацца паказаць, што гэта быў за час...