Выбрать главу

Манастырскі комплекс — помнік архітэктуры беларускага барока. Тут размяшчаліся будынкі трапезнай, келлі духоўнага вучылішча.

Цікава, што з гэтым манастыром звязаны і пячоры на ўскраіне горада, ва ўрочышчы «Дубкі», дзе таксама жылі манахі — прынамсі, у келлях-пячорах знойдзены невялікія печкі, свяцільнікі. Даволі вялікія, пячоры гэтыя пазнейшым часам былі закінутыя, але хады вялі і на ўскраіну горада, і гэта, пры бесперапынных войнах, якія праходзілі па аршанскай зямлі, невыпадкова — трэба было шукаць прыстанішча пад зямлёй. Магчыма, у будучым пячоры будуць адкрыты для наведвальнікаў і шмат чаго раскажуць аб жыцці аршанскіх манахаў.

Другія манахі, якія жылі ў Оршы — езуіты,— пакінулі пасля сябе памяць — рукапісны зборнік «Аршанскі кодэкс», дзе змешчаны драмы з інтэрмедыямі, якія ставіліся ў духоўным вучылішчы і школьным тэатры, што існаваў тут з 1610 па 1703 год. Увогуле, Беларусь уносіла свой уклад — і немалы — у развіццё агульна-еўрапейскай тэатральнай і музычнай цывілізацыі. Развіццю культуры спрыялі і шматлікія школы пры манастырах. Варта толькі назваць храмы, якія належалі розным ордэнам, каб зразумець шырокую палітру рэлігійнага жыцця на Беларусі ў тыя часы: драўляная царква Іллі Прарока (1505), манастыр бернардзінцаў (1636), базыльянак (1642), дамініканцаў (1649-1650), францысканцаў (1680), трынітарыяў (1714), марыявітак (XVIII стагоддзе), цэрквы Ушэсця (1757), Іаана Багаслова (1790)... Усе гэтыя храмы былі ў розныя часы разбураны, прапалі летапісы, архівы... Толькі ў 1812 годзе знойдзены рукапісны помнік XIII стагоддзя — Аршанскае Евангелле, дзе, апроч каштоўнасці самога тэксту, маюцца рэдкія помнікі жывапісу: мініяцюры, Мастацкія застаўкі і ініцыялы. Яно знаходзіцца цяпер у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы АН Украіны.

Ад манастыра базыльянак, пабудаванага ў другой палове XVIII стагоддзя, застаўся жылы будынак, які стаіць у цэнтры Оршы на правым беразе ракі Аршанкі, мае рысы барока і ранняга класіцызму. Пабудаваны ў галерэйным стылі. 3 1832 года належаў Пакроўскаму праваслаўнаму манастыру, цяпер жылы дом.

На левым беразе Дняпра стаіць царква Іллі Прарока, пабудаваная на месцы драўлянай у 1880 годзе. Крыжова-купальны храм мае рысы псеўдарускага стылю з яго какошнікамі, цыбулепадобнымі галоўкамі, што не характэрна для архітэктуры Беларусі.

У Оршы нарадзіўся беларускі пісьменнік, творчасць якога зрабіла вялікі ўплыў на сучаснае Адраджэнне. Гэта — Уладзімір Караткевіч. Яго раманы «Каласы пад сярпом тваім», «Чорны замак Альшанскі», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» і іншыя і сёння фармуюць нацыянальную свядомасць беларусаў, пераадольваючы трагічны разрыў паміж дзвюма суседнімі культурамі, дзвюма рэлігіямі. У Оршы яго імем названа вуліца, ёсць невялікі музей.

З сучасных прадпрыемстваў у горадзе працуе льнокамбінат, прадукцыя якога ідзе ў многія краіны свету. Тут, на поўначы Беларусі, расце высакаякасны лён, кветкі якога сталі паэтычным сімвалам зямлі. Лёну, гэтай паўночнай бавоўне, прысвечаны многія песні, прымаўкі, паданні. Тут, на камбінаце, ткуць цікавыя абрусы, сурвэткі, палотнішчы. За прадзівам і ткацтвам нашы жанчыны некалі праводзілі доўгія зімовыя вечары, і ў кожнай хаце былі кросны, калаўрот, чаўнакі — усё тое, што сёння знаходзіцца ў этнаграфічных музеях. Праўда, мастацкае ткацтва сёння зноў аднаўляецца на Беларусі, як аднаўляюцца многія старажытныя народныя рамёствы — ганчарства, разьба, пляценне саломкі.

Тут на дамах шмат памятных дошак, прысвечаных падзеям мінулай вайны. Яны як бы перагукаюцца са шматлікімі курганамі на тэрыторыі горада і раёна. Напрыклад, за 2,5 км ад Аршанскага гарадзішча на левым беразе Дняпра ва ўрочышчы «Дубкі» знаходзіцца ажно 30 курганоў. Так, у Оршы — багатая шматвяковая гісторыя, якая яшчэ чакае сваіх сапраўдных даследчыкаў.

Мір — Карэлічы — Навагрудак

На 109-м кіламетры Брэсцкай шашы стаіць указальнік направа: «Мір, Навагрудак».

Некалькі кіламетраў ад шашы — і на гарызонце зачырванелі вежы Мірскага замка. Іх чатыры па баках і адна над уваходам. Адноўлены пакуль дзве, і ў адной з іх у лістападзе 1992 г. адкрыта экспазіцыя. Назва Міра, які сваёй гісторыяй цесна звязаны з гісторыяй замка, упершыню ўспамінаецца ў 1395 годзе — тады крыжакі на чале з грасмайстрам Тэўтонскага ордэна Конрадам фон Юнгінгенам, не ўзяўшы Наваградка, напалі на менш ум-цаваныя гарады Мір і Ліду і разбурылі іх. Уладальнікамі Міра быў спачатку Сенька Гедыгольдавіч, які атрымаў яго ад вялікага князя літоўскага Сігізмунда Кейстутавіча, затым — род Ільінічаў.