Выбрать главу

Калісьці тут, на маленькай сёння плошчы Міра, хадзілі з харугвамі і песнямі вясёлыя рамеснікі, святкуючы Спас ці Каляды, праводзіліся вядомыя па ўсёй Рэчы Паспалітай кірмашы, і некалі тут, у недалёкай карчме, славуты беларуска-польскі паэт Уладзіслаў Сыракомля паслухаў сумную гісторыю фурмана і выклаў яе ў вершы, што стаў пасля ў Расіі любімай песняй, якую часам там называюць народнай: «Когда я на почте служил ямщиком».

Мір звязаны не толькі з прозвішчам Радзівілаў. Апошні з яго ўладальнікаў, князь Васіль Іванавіч (Базыль) Святаполк-Мірскі, адзін час працаваў у ЗША, у 1939 годзе вярнуўся ў Мір, ажаніўся з графіняй Рдултоўскай і жыў недалёка ў Любчы, дзе гадаваў серабрыстых ліс. Памёр ён далёка ад Радзімы, па генеалагічных даведніках у 1974 годзе.

Некалі ў замку, пасля вайны, хаваліся ад непагадзі тутэйшыя жыхары, жылі ў пакоях даўняга палаца, спадзяючыся, што замак будзе адноўлены. На паўднёвай сцяне ёсць галава барана. I нездарма існуе паданне — пакуль яна захоўваецца, замак будзе існаваць.

Цяпер Мір аднаўляецца — у каторы раз. Можа, назаўсёды...

Яшчэ раз азірнемся на старадаўнюю плошчу Міра і — наперад, да Навагрудка, прыгожага гарадка першай сталіцы вялікай дзяржавы сярэднявечнай Еўропы, ранейшая назва якога — Новагародак, Наваградак. Але не спяшайцеся: напе-радзе яшчэ ёсць цікавыя мясціны.

Адна з іх — вёска Турэц, былое мястэчка (паходзіць ад слова «Тур»). Успамінаецца ў летапісах ужо ў XIV стагоддзі, але ад мінулага ў ёй захавалася толькі Пакроўская царква — помнік другой паловы XIX стагоддзя. Аднак, як лічаць некаторыя беларускія даследчыкі, менавіта гэты рэгіён і складаў некалі старажытную летапісную Літву. Пасля назва гэтая перайшла на ўсе землі Вялікага княства Літоўскага і засталася пазней у асноўным за былой Жамойціяй.

Карэлічы, раённы цэнтр, некалі быў слаўны сваімі габеленамі. Самыя славутыя з іх — з серыі, прысвечанай роду Радзівілаў.

Калі ўзіраешся ў постаці на габелене «Бітва пры р. Славечна», адчуваеш, колькі працы і натхнення ў іх укладзена, і колькі сілы — нездарма тады габеленшчыкамі былі толькі мужчыны... Сёння ў нас у Барысаве ткуць самыя вялікія габелены ў свеце, і вырабляюць іх у асноўным жанчыны. Месца ў будынку Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, дзе экспануецца адзін з барысаўскіх габеленаў, работы Кішчанкі, наведваюць экскурсанты. У ваколіцах Карэліч працавалі таксама фурфурні, дзе рабілі прыгожы фаянс, тут былі суконныя фабрыкі, майстэрні, у якіх выраблялі шкло. Сёння яно можа ўпрыгожыць любы музей. Саксонскія каралі ганарыліся сваёй парцэлянай, захавалася шмат яе ўзораў. Але тут прайшло асабліва многа войнаў, а шкло і парцэляна такія крохкія...

З-пад Карэліч, куды вядзе вясёлая, па ўзгорках, дарога, ішоў на Новагародак літоўскі князь Міндоўг, выгнаны пасля паражэння з роднай зямлі і гасцінна пры-няты баярамі Навагрудка спачатку як вядомы воін-наёмнік, а пасля — як наваградскі князь.

Наваградскае княства стала цэнтрам утварэння новай дзяржавы, якая паступова збірала вакол сябе вялікія землі. Дастаткова сказаць, што праз стагоддзе вялікі князь Літоўскі, Рускі і Жамойцкі Альгерд (1345-1377) пасадзіў удзельным князем у Кіеве свайго сына Уладзіміра, які вызваліў ад татарскага прыгнёту і падпарадкаваў сабе землі ажно да Чорнага мора. Акунаючы кап'ё ў Чорнае мора, ён паўтарыў гэты жэст у Маскве, куды, паводле летапісаў, прыйшоў з вялікім войскам пасля пагрозы маскоўскага князя Дзмітрыя Данскога захапіць і спаліць Вільню на Вялікдзень. Ён сам прыйшоў да маскоўскага князя і згадзіўся не чапаць Крамля толькі пры ўмове вялікага выкупу і пры тым, што разам з 300 коннікамі ўедзе ў Крэмль і паточыць дзідай «браму крамлёўскую...»

Міндоўг, першы князь Літвы, быў неардынарнай фігурай: ён, спачатку хрышчаны ў праваслаўе, пасля, калі гэта стала яму выгадна, прыняў каталіцтва і быў увенчаны каронай караля. Але, як піша Галіцка-Валынскі летапіс, «хрышчэнне яго было няшчырае: ён таемна прыносіў ахвяры сваім багам: першаму Нанадзею, і Целявелю, і Дзіверкізу, заечаму богу, і Міндзяіну. Калі ён выязджаў у поле і выбягаў заяц на поле, ён не заходзіў у лес і не асмельваўся нават дубца выламаць». Можа, і праўда так шанаваў Міндоўг знакі багоў. Але што воін ён быў храбры — несумненна. Праўда, храбрасць яго спалучалася з жорсткасцю і самаўладдзем. Паказальны такі факт з яго біяграфіі — калі памерла яго першая жонка, і прыехала на пахаванне яе сястра, жонка нальшанскага князя Даўмонта, Міндоўг папросту пакінуў гвалтам у сябе жанчыну, чым нанёс смяротную абразу сваяку свайму, Даўмонту. За што той і адпомсціў праз колькі часу, расправіўшыся з Міндоўгам і двума ягонымі сынамі.