Выбрать главу

«Даўным-даўно з-пад вялізнага каменя, дзе б'е крынічка, нарадзіўся славуты багатыр, якога празвалі Нёманам. Быў ён прыгожы і працавіты. А непадалёк жыла прыгажуня Лоша — лянівая, распешчаная. За што пакахаў яе Нёман — ніхто не ведае, але гулялі вяселле ўсе суседзі — Сула, Уса, Уздзянка, Шчара [1]. Пайшлі будзённыя дні; не хацела Лоша разам з Нёманам працаваць на людзей, выходзіць на шырокія прасторы. I аднойчы цёмнаю ноччу кінуўся ён бегчы ад некалі каханай жанчыны: вельмі хацелася яму знайсці спатолю ў моры!

Прачнулася Лоша, усё зразумела і ўслед за багатыром кінулася. Доўга бегла, пакуль не дагнала яго каля груда пясчанага, дзе цяпер Пясочнае, і кінулася, плачучы, да яго на грудзі. Так зноў злучыліся Лоша з Нёманам, і разам пабеглі да мора...» На Новым мосце і Каложа, і два каралеўскія замкі, і набярэжная глядзяцца па-новаму. I, праязджаючы паралельна рацэ, можна колькі часу глядзець на касцёл і кляштар францысканцаў, якія ўпрыгожваюць сілуэт Занёманскай часткі Гродна.

Пабудаваны ў 1635 годзе, комплекс быў ахвярай вялікага пажару і адноўлены ў XVIII стагоддзі. Цяпер тут — касцёл у выглядзе трохнефавай базілікі, трох'ярусная вежа-званіца з самастойным уваходам. Разам з двухпавярховым кляштарным корпусам яны ўтвараюць замкнёны двор. Тут, у засені дрэў, вельмі ўтульна сядзець, разглядаючы ярусы галоўнага фасада, яго вокны. У самім жа касцёле захавалася прыгожае багатае афармленне — накладная драўляная разьба, шмат скульптур, ляпніны, прыгожы двух'ярусны галоўны алтар і амбон у стылі ракако, упрыгожаны выявамі чатырох евангелістаў.

Недалёка адсюль знаходзіцца тытунёвая фабрыка — былая фабрыка Шарашэўскага, а вуліца, якая вядзе да старога моста, названая імем аднаго з пагранічнікаў, якія загінулі пры абароне беларускай зямлі ў першыя ж дні вайны — Р. Гарнавога.

Пералічваць імёны славутых сыноў і дачок Гродна, мабыць, не варта — іх спіс вельмі доўгі. Назавём толькі паэтаў, якія сядзелі і пісалі вершы ў Гродзенскай турме — П. Пестрак, Б. Тарашкевіч, В. Таўлай. Тут адбылося творчае станаўленне аднаго са знакаміцейшых пісьменнікаў сучаснай Беларусі — Васіля Быкава, сюды не раз прыязджаў класік нашай літаратуры Ф. Багушэвіч... але досыць, бо пяро само просіць называць яшчэ і яшчэ... Гродна — не толькі каралеўскі горад, гэта горад-вартаўнік, праз які імкнуліся на нашу зямлю чужынцы. I няхай яго высокія вежы, яго званіцы не скажуць ніколі аб новым нашэсці, а радуюць людзей, што прыязджаюць да нас са светлымі пачуццямі...

Крэва — Баруны — Гальшаны

Па дарозе на Вільню праз Ашмяны, на скрыжаванні аўтамабільных дарог на Смаргонь, Маладзечна, Ашмяны месціцца невялічкая вёска, цэнтр сельсавета. А некалі гэтая назва — «Крэва», пачынаючы з XIII стагоддзя, была вядомай усім жыхарам Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. Па сваёй гістарычнай значнасці для лёсу беларусаў гэтае месца, бадай што, самае важнае, самае памятнае. Шмат гарадоў на Беларусі, дзе прымаліся розныя акты, пастановы, рашэнні — але ніводнае з іх не мела таго значэння, якое мела Крэўская унія 1385 года,— унія, падпісаная ў замку, толькі рэшткі якога гавораць нам аб магутнасці і значнасці яго ўладальнікаў. Замак у пачатку XIV стагоддзя пабудаваў вялікі князь беларуска-літоўскай дзяржавы Гедымін.

Вядомае з XIII стагоддзя як сталіца Нальшчанскай зямлі, Крэва ў 1338 годзе атрымаў Альгерд — вялікі князь літоўскі, чыя жонка — князёўна віцебская Марыя Яраслаўна — пабудавала ў Вільні першы мураваны праваслаўны храм Параскевы Пятніцы (1345).

Пасля Альгерда засталося вялізнае княства, а таксама 12 сыноў і 9 дачок ад дзвюх жонак (абедзве, дарэчы, былі праваслаўнымі). Таксама застаўся яго брат Кейстут, постаць велічная і магутная. Завязаўся вялізны вузел страсцей, інтрыг, славалюбства — і водгукі іх не толькі страсянулі сцены гэтага замка, але рэхам аддаліся ў гісторыі.

Уладарства пасля сябе Альгерд, як гэта часта бывае, пакінуў не самаму кемліваму, а самаму любімаму, малодшаму сыну — Ягайле.

Дзядзька Ягайлы, Кейстут, быў храбрым воем, яго любілі ў княстве. Дарэчы, сама ягоная жаніцьба сталася рамантычнай баладай: аднойчы падчас язычаскага свята князь убачыў жрыцу-вайдэлотку — Біруту. Паколькі замуж ёй выйсці не выпадала — яна назаўсёды павінна была заставацца нявінніцай — Кейстут проста выкраў Біруту і ажаніўся з ёю, нягледзячы на пратэсты жрацоў, і кахаў яе да самай сваёй смерці. А смерць яго была жахлівай — тут, у Крэўскім замку, ён быў задушаны па загаду Ягайлы.

вернуться

1

Назвы рэчак, якія ўпадаюць у Нёман.