I яшчэ — па дарозе з Мінска, проста ля адной з крайніх хат вёскі Крэва ляжыць валун, на якім выбітыя шасціканцовыя праваслаўныя крыжы, а побач дата —1871.
...У тым годзе тут лютавала халера, і сяляне паставілі вакол вёскі чатыры камні, якія называліся абярогамі — ад слова «аберагаць». Да нашага часу дайшоў толькі гэты камень. Але і ён шмат расказвае тым, хто ведае паданні і легенды свайго краю.
Лічылі, што халеру, чуму і розныя пошасці прыносіла Моравая Панна — маладая жанчына з чорнай хусткай у руцэ. Яна перад эпідэміяй з'яўлялася над селішчам, і ля тых хат, дзе яна ўзмахвала чорнай сваёй хусткай, ды і ў саміх хатах не заставалася нічога жывога. Адагнаць яе можна было замовамі і абворваннем селішчаў. Для гэтага выбіралі трох нявінных дзяўчат, якія запрагаліся ў саху і голымі абворвалі гэтай сахой селішча. За імі ішлі старыя жанчыны, якія білі ў вёдры, патэльні — увогуле ва ўсё, што магло грымець. Ніводзін мужчына не мог наблізіцца да гэтага шэсця — яго маглі і забіць у запале, як вакханкі некалі забілі Арфея...
Цікава, ці дапамагалі камні-абярогі каля Крэва адагнаць страшную госцю — ці і тут дзяўчаты ішлі вакол замка пры месяцовым святле, змагаючыся за жыцці сваіх блізкіх?
Хочацца верыць, што ўсе пошасці над гэтым краем скончыліся, і ў наступным стагоддзі абноўлены Крэўскі замак прыцягне гасцей з замежжа, якім цікава ведаць гісторыю беларусаў.
Але быць у Крэве і не наведаць мясціны, якія ляжаць зусім побач і якія маюць сведкаў цікавай беларускай гісторыі, нельга. Таму едзем у Баруны.
Баруны адметныя перш за ўсё сваім архітэктурным помнікам другой паловы XVIII стагоддзя. Гэтая царква і манастыр былі пабудаваны як уніяцкія. Як піша беларускі гісторык А. Грыцкевіч, да 1793 года — першага падзелу Рэчы Паспалітай — на Беларусі каля 75 % насельніцтва адносілася да уніяцкага. I гэты час даў своеасаблівае мастацтва і своеасаблівую плынь нашай культуры, якая спалучала ў сабе ўсходні і заходні ўплывы. Шкада, што пасля «ўз'яднання» з Расіяй многія помнікі былі знішчаны, шмат якія уніяцкія цэрквы — а пасля і ўсе — былі пазакрываны, а іх архівы ў большасці вывезены ў Расію альбо, у лепшым выпадку, у Вільню. Тагачасная белетрыстыка дае яскравае ўяўленне аб той жорсткасці і знявазе да ўсяго уніяцкага, неправаслаўнага, якія панавалі ў адносінах да «Северо-Западного края», як пачалі называць беларускія землі. Палітыка заўсёды змагаецца з мас-тацтвам, нават калі і прыкрываецца самымі добрымі намерамі...
Уніяцкі комплекс у Барунах мае мураваную царкву, якая была пабудавана ў 1747-1757 гадах павбдле праекта А. Асікевіча, дабудоўвалася да 1770 года. Паўночная брама злучае царкву з двух'яруснай вежай-званіцай.
Перад самым раздзелам Рэчы Паспалітай пабудаваны і манастыр (1778-1793), куды ўваходзілі будынак школы і капліца ў стылі барока. Манастыр належаў базыльянам — уніяцкаму ордэну. У школе ў XIX стагоддзі выраслі тры пісьменнікі — А. Адынец, Ю. Корсак, I. Ходзька. У грамадзянскую вайну тут была заснаваная беларуская настаўніцкая семінарыя, якую закрылі ў 1922 годзе польскія ўлады.
Цяпер тут касцёл — ды праз усе гады храм захаваў сваю непаўторнасць — ён асіметрычны, але сілуэт яго надта мяккі і пластычны; партал, франтоны і галоўны фасад — як застыглая ў камені музыка. Безумоўна, гэты комплекс дае імпульс прыгажосці, здаецца, такі нечаканы ў сціплым мястэчку. Але Беларусь была не толькі сялянскай краінай — яна дасюль захавала пэўную шляхетнасць, аблічча многіх яе мястэчак і вёсак мела еўрапейскі выгляд і вызначалася культурай.
Гальшаны сёння — вёска, і толькі два вялікія збудаванні нагадваюць пра былую славу гэтага родавага гнязда князёў Гальшанскіх, а потым Сапегаў. Самі Гальшаны ўспамінаюцца ў пісьмовых крыніцах з XIII стагоддзя як уладанні князёў Гальшанскіх.
Першы князь Іван Гальшанскі быў постаццю знакамітай — дыпламатам і грамадскім дзеячам Вялікага княства Літоўскага. З гэтага роду паходзіла і Соф'я Гальшанская — будучая каралева Польшчы і вялікая княгіня, апошняя жонка караля Ягайлы і першая, якая нарадзіла яму дзяцей — трох сыноў, два з іх сталі каралямі. У беларускіх летапісах расказваецца аб першым знаёмстве немаладога ўжо караля. Гасцюючы ў князя Сямёна Гальшанскага ў Друцку, ён убачыў дзвюх ягоных родзічак — старэйшую, Васілісу, празваную Бялухай — мажную і прыгожую дзяўчыну, і маладзейшую, семнаццацігадовую Соф'ю, ці, як пазней сталі яе называць, Сонку. Паабедаўшы ў князя, кароль Ягайла запомніў дзяўчат і папрасіў Вітаўта быць ягоным сватам. Летапіс так перадае словы старога караля: «Меў я за сабою тры жонкі, дзве ляхавіцы (полькі), а трэцюю нямкіню, а плоду з імі не меў». Але князь Сямён Дзмітрыевіч адказаў, што з радасцю аддаў бы за караля старэйшую, бо будзе ёй ганьба, калі малодшая апярэдзіць яе замужжам. I зноў, як кажа летапіс, кароль Ягайла адмовіўся ўзяць Васілісу: «Сам ведаю, што сястра старэйшая — прыгажэйшая, і мае вусікі, а гэта значыць, што дзеўка яна моцная, а я чалавек стары, не смею на яе паквапіцца». Але выйсце было знойдзена: Васілісу выдалі за родзіча,