Івана Бельскага, а кароль ажаніўся з малодшаю. Шлюб адбыўся ў 1422 годзе, у першай сталіцы Вялікага княства Літоўскага Навагрудку, што сведчыць аб павазе Ягайлы да родных каранёў. Характэрна, што гэтае месца напісана (як і ўся «Хроніка Быхаўца») па-беларуску, але ўжо лацінскімі літарамі.
Каралева ўпрыгожыла род Гальшанскіх. Але ўвогуле ў гэтым родзе любілі ладзіць змовы супраць каралёў: Аляксандр-Нялюб (цікава, што імя носіць след нелюбові) выношваў здраду супраць вялікага Вітаўта, вымушаны быў з'ехаць у Маскву; Сымон (памёр у 1433 годзе) рабіў замах на жыццё вялікага князя Свід рыгайлы, за што ўтоплены ў Заходняй Дзвіне ў Віцебску; Іван (памёр у 1481 годзе) інтрыгаваў супраць вялікага князя Казіміра і таксама пакараны смерцю. Праўда, першы Іван (памёр у 1401 годзе) быў прыхільнікам Вітаўта, вазіў ягоную дачку 793), Соф'ю ў Маскву, дзе яна выйшла замуж за сына вялікага князя Маскоўскага, і памёр сваёй смерцю.
Род князёў Гальшанскіх вымер у 1556 годзе, але пакінуў па сабе памяць у дакументах і гісторыі нашай зямлі. Адно з паданняў расказвае: «... Быў пан, князь, Ольшай зваўся. У пушчы месца знайшоў, паляну такую красівую. Пачалі там будавацца. I пасяленне стала... Замак там, і ў Медніках, і ў Крэве. А паміж імі падземныя хады, чацверыком можна ездзіць. А ў Альшанах так і паміж замкам і да кляштара».
Па сутнасці тут засталіся толькі рэшткі палаца, ды і не ўсяго, а толькі чацвёртай часткі. Лічыцца, што пабудаваны ён пры Паўле Стэфане Сапегу ў пачатку XVII стагоддзя, але ёсць і думка, што гэта была перабудова больш сціплага комплексу.
Сапегі, па некаторых звестках, паходзяць з полацкіх баяр і былі на Беларусі другім пасля Радзівілаў магутным магнацкім родам, займаючы з пакалення ў пакаленне важныя пасады ў Вялікім княстве, а то і прэтэндуючы на заснаванне дынастыі (як гэта было, напрыклад, у канцы XVII стагоддзя). Першы з іх, што ўпамінаецца ў пісьмовых крыніцах,— пісар вялікага князя Казіміра Сямён.
Найбольш славутым у гэтым родзе быў Леў Іванавіч Сапега, які нарадзіўся ў маёнтку Астроўна Віцебскага павета ў 1557 годзе (а ўладанні Сапегаў распасціраліся на ўсю Беларусь, і нездарма Астроўна і Гальшаны знаходзяцца ў розных кутках Беларусі). Леў Сапега быў канцлерам вялікім літоўскім, адукацыю атрымаў у Ляйпцыгскім універсітэце, стаў рэдактарам і па сутнасці, стваральнікам аднаго з лепшых у Еўропе юрыдычных статутаў — Статута Вялікага княства Літоўскага, выдатным дыпламатам. Ашмянскі староста Павел Сапега, які будаваў палац, быў з ружанскай (яшчэ гаварылася — северскай ці чарэйскай) лініі роду і застаўся ў гісторыі мастацтва тым, што надмагільны помнік яму і тром ягоным жонкам у поўны рост захаваўся і цяпер знаходзіцца ў музеі старажытнабеларускага мастацтва Акадэміі навук Беларусі.
...Некалі ў гэтым раскошным палацы, малюнкі якога захаваліся і асабліва ўражваюць на фоне таго, што мы бачым цяпер, грымелі аркестры, і паны ў каштоўных уборах танцавалі грацыёзныя танцы, а ў вежах размяшчаліся пакоі з кафлямі і ляпнінай, і над вежамі ў зімовыя ночы глуха гудзеў вецер. Замак уяўляў сабою прамавугольны замкнуты будынак з дваром пасярэдзіне (гэта падобна да замка ў Міры). Пабудовы былі трохпавярховымі, супраць уязной брамы стаяла дамавая капліца. Па керамічных плітках падлогі, дзе засталіся толькі рэшткі, што цяпер збіраюць археолагі, хадзілі людзі, якія вызначалі лёс цэлай дзяржавы, уздымалі на паўстанне сваіх падданых і плацілі за гэта і іхняй, і ўласнай крывёй (у лістападзе 1700 года Сапегі, напрыклад, былі разбіты пад Алькенікамі абуранай шляхтай, а пасля выгнаны з Вялікага княства Літоўскага і пазбаўлены ўсіх сваіх пасад). Яшчэ на пачатку гэтага стагоддзя існавала думка аб узвядзенні іх на пасад Літоўскай дзяржавы, якую планавала стварыць Германія!
Пра раскошу і бляск двара ў Гальшанах хадзілі легенды, але самая апошняя нарадзілася ў зусім нядаўнія гады, калі па распараджэнню мясцовых улад узрывалі і бурылі сцены палаца. У адзін з такіх дзён пад разбуранай сцяной загінуў малады хлопец, які — як дасюль расказваюць у Гальшанах — асабліва заўзята працаваў, каб і следу ад «праклятага мінулага» не засталося. Кажуць, што пакаралі яго продкі...