Некалі гэты палац абкружалі равы, дзе бруілася вада, непадалёк была і сажалка. Цяпер — толькі руіны і забыццё. У дакументах чытаем, як у другіх маёнтках Сапегаў — у Ружанах і Зэльве — працавалі ў XVIII стагоддзі тэатральныя трупы, дзе апроч сваіх, мясцовых, былі і французскія артысты, а ў музычнай, опернай ды балетнай школах вучыліся дзеці прыгонных, будучыя артысты. Сярод рэпертуару — опера «Вясковы вядзьмар» Ж.-Ж. Русо, музычная камедыя «Чароўнае дрэва» Малінэ,— такім рэпертуарам маглі ганарыцца і сталічныя сцэны! Гэтыя трупы маглі прыязджаць і сюды, у Гальшаны, уладары якога былі знаёмыя і з творамі Ж.-Ж. Русо, і з еўрапейскай класікай — нездарма ж вучыліся яны ў асноўным ва універсітэтах Еўропы. Запрашалі сюды і італьянскіх архітэктараў і жывапісцаў. Сам палац, як лічаць спецыялісты, быў вельмі падобны да помнікаў нідэрландскай архітэктуры.
Францысканскі касцёл у Гальшанах пабудаваны ў 1618 годзе, мае адметныя рысы стылю барока. Ён уражвае цэласнасцю аб'ёмнай будовы, манументальнымі формамі. Найбольш жа цікавы — унутры. Распісаны ён прыгожа і маляўніча, і ззянне свечак у час набажэнстваў, роспіс сцен, паўкружжа апсіды надаюць яму выгляд пышнасці, характэрнай для XVIII стагоддзя, калі ён ствараўся. Гэта сапраўды пышнасць — раскошны храм, музыка, якая лілася зверху, дзе абавязкова стаяў арган; прыгожая ляпніна. Набажэнствы нездарма ператвараліся ў грандыёзнае відовішча, падчас якога раскрываліся чалавечыя душы... Некалі тут былі фрэскі, алебастравыя скульптуры з капліцы Сапегаў. У касцёле захавалася надмагілле Сапегаў.
Касцёл быў адным часам занядбаны, але ў апошнія гады адрэстаўраваны, а нядаўна аддадзены вернікам. I, як у ранейшыя часы нашы продкі шукалі тут супакаення сэрца, так і сёння людзі прыходзяць сюды, магчыма, і не думаючы пра тое, колькі лёсаў і падзей віравала некалі тут, у маленькай сёння вёсцы Гальшаны.
А з далёкіх-далёкіх часоў захавалася пра Гальшанскае гарадзішча паданне, што некалі тут быў храм, які ў адзін момант праваліўся ў эямлю разам з людзьмі. Правал гэты ўсё болей і болей звужаўся, так што ўрэшцё меў не болей як аршын. Туды часта кідалі грошы, якія, падаючы, моцна звінелі. Але з цягам часу адтуліна зацягвалася, і цяпер усюды ціха — хіба што звон далёкай гісторыі пачуе паэт і складзе верш пра першага пачынальніка горада — Гольшу і пра рыцараў і трубадураў, а таксама таямнічыя падземныя хады.
Нездарма ж ёсць і другая легенда пра Гальшанскае гарадзішча на Варунскай вуліцы. Нібыта немцы хацелі раскапаць гэтае месца, бо там пазней была крэпасць. Але некаму з іх прысніўся сон: калі кранеце гарадзішча, усе загінеце! I ніхто не асмеліўся кранаць таямнічае месца, куды звінелі, падаючы, манеты...
Па ўсёй Беларусі ходзяць легенды, што падземныя хады ёсць не толькі ў Гальшанах, але і пад Нясвіжам, і каля Замкавай гары ў Навагрудку. Паўсюдна расказваюць і пра зачараваныя клады, заклятыя іх уладальнікамі. Над кожным вісела сваё закляцце, так што раскапаць клад было гэтак жа небяспечна, як і сустрэцца з нячыстай сілай. Ёсць паданне, што стары дзядок, які аднойчы знайшоў клад, заплакаў: «Я смерць сваю выкапаў!»
Трагічная і паэтычная зямля — наша Беларусь.
Слонім
Паварот ад Брэсцкай шашы на Слонім вельмі маляўнічы — прыгожы лес, дарога, што патанае ў засені дрэў. Слонім некалі, у XVIII стагоддзі, кажуць, называлі паўночнымі Афінамі. Сапраўды, пабудаваны на рацэ Шчары — там, дзе ў яе ўпадае другая рака — Іса, ён і цяпер, пасля страшных войнаў (у адным 1881 годзе ў агні згарэла тры чвэрці жылога фонду) дае ўяўленне аб тым, якімі былі перадавыя беларускія гарады ў XVI—XVIII стагоддзях.
Слонім упершыню ўспамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1252 годам (нагадаем, што старадаўнія беларускія летапісы гэтага часу амаль не захаваліся), з назвамі Услонім, Васлонім. З тых часоў засталася толькі назва «Замчышча», дзе археолагі і па сёння знаходзяць шмат цікавых матэрыялаў па старажытнай гісторыі і культуры горада, вельмі высокай для свайго часу. Час успомнення горада — час барацьбы галіцка-валынскіх князёў з князем Міндоўгам за ўладу над Верхнім Панямоннем, дзе стаіць Слонім. Тады горадам валодаў сын Міндоўга — Войшалк, воін і манах, які заснаваў пад Навагрудкам праваслаўны Лаўрышаўскі манастыр.
Аб магутнасці Слоніма тых часоў сведчыць той факт, што пад абарону яго замка аддаліся прусы, якім у 1276 годзе пагражалі крыжакі, тут праходзіў гандлёвы шлях з Русі ў Прыбалтыку. Сярод уладальнікаў горада — князь Кейстут, які скончыў свае дні ў турме Крэўскага замка, славутыя людзі Вялікага княства Літоўскага: Ян Літавор Храптовіч, Грэгоры Багданавіч Валовіч, Леў Сапега, магнаты Агінскія. I, канешне, як адзін з буйнейшых гарадоў, ён атрымаў і магдэбургскае права — у 1591 годзе. Герб Слоніма — залаты леў з падвойным сярэбраным крыжам на блакітным полі.