Выбрать главу

Тыя ці іншыя людзі заўсёды прычасныя да гісторыі гарадоў і іх культуры. Нягледзячы на тое што абодва Сапегі — Леў і Казімір Леў — прыклалі шмат намаганняў, каб у горадзе працавалі розныя рамесныя цэхі, развівалася ткацтва, ювелірная справа, цяслярства, сапраўднымі «бацькамі горада» сталі магнаты Агінскія. Магчыма, таму, што пры іх тут развівалася магутнае культурнае асяроддзе, працавала капэла і быў тэатр.

Але і першы перыяд шляхецкага Слоніма даў развітыя рамёствы, даў прыгожа забудаваны горад, дзе на месцы былога замчышча быў палац князёў Сапегаў, адкуль ва ўсе бакі адыходзілі вуліцы. Так выглядаюць і сёння многія сярэдневяковыя гарады; асабліва гэта бачна ў недалёкім адсюль Навагрудку, дзе плошча — як сэрца горада, адкуль разбягаюцца крываносныя сасуды.

Гэты першы, адносна спакойны перыяд скончыўся ў 1654 годзе, калі пачалася вайна паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай. Яна, а пасля і вайна са шведамі амаль цалкам спалілі горад, так што ў пастанове сейма 1661 года ў Гродне горад быў вызвалены на некалькі гадоў ад падаткаў, таму што ён «амаль датла спалены і заграблены».

Другі перыяд аднаўлення Слоніма характарызуецца будаўніцтвам мноства храмаў, асабліва інтэнсіўным з прыходам на Беларусь езуітаў. Напачатку, у год Люблінскай уніі (1569) іх прыехала ў Вільню, сталіцу беларуска-літоўскай дзяржавы, усяго пяць чалавек, якія адкрылі першую школу. Выкладанне ў гэтай школе было бліскучае, слава аб ёй пайшла далёка, і езуіты неўзабаве сталі пашыраць сваё значэнне ў духоўным жыцці Беларусі, умеючы здабыць падтрымку самых знакамітых людзей княства. Праз якія пяць гадоў у каталіцтва перайшло ўжо некалькі славутых родаў Вялікага княства, чаму моцна спрыяла і тое, што менавіта каталікі пачалі адыгрываць першую ролю ў палітычным жыцці Рэчы Паспалітай, Вялікае ж княства Літоўскае адцяснялася на другі план. З гэтага часу пачаўся і падзел беларусаў: акаталічаная шляхта загаварыла па-польску, просты чалавек працягваў гаварыць па-беларуску. Пра гэта ярка сведчаць многія п'есы, якія ставіліся тады на школьных сцэнах і на плошчах гарадоў: яны напісаны на дзвюх мовах, бо так гаварылі простыя людзі і магнаты (а за імі і шляхта). У 1705 годзе езуіты адчынілі ў Слоніме калегію і школу. Кароль Аўгуст II даў ім цэлую вуліцу, якая стала насіць назву Студэнцкай (захавала сваё найменне).

У 1639-1645 гадах былі пабудаваны першыя касцёлы — у прыватнасці, касцёл бернардзінаў (назва ордэна — ад імя рэфарматара Бернардзіна Сіенскага) і бернардзінак. Абодва гэтыя будынкі належаць да стылю барока і з'яўляюцца арыгінальнымі формамі архітэктуры, якія добра замыкаюць перспектыву вуліц і бачны здалёку. Кожны з іх мог бы стаць візітнай карткай горада, калі б не было тут яшчэ аднаго, узведзенага пазней, у 1775 годзе, у Замосці, трохі далей ад гістарычнага цэнтра, а менавіта касцёла святога Андрэя (яго мы згадаем трохі пазней). А пакуль тут, на самай старажытнай плошчы горада, мы бачым, як храмы месціліся вакол былога замка: бенедзіктынак (касцёл пабудаваны ў 1669 годзе), дамініканцаў (пабудаваны ў 1680-1798 гадах)... Апошняга мы не ўбачым — ён не захаваўся, замест яго зараз стаяць сучасныя будынкі. У цэлым жа ў XVIII стагоддзі тут існавалі яшчэ касцёл канонікаў латэранскіх, тры уніяцкія царквы, драўляная мячэць...

Тры звязаныя між сабой плошчы аздабляліся прыгожымі храмамі, а на галоўнай, цэнтральнай, была ратуша і гандлёвыя рады. Захавалася сінагога, пабудаваная ў 1642 годзе. Лічаць, што яна па сваёй форме вельмі нагадвае барочны касцёл, толькі без вежаў. Ад ратушы засталася каменная двухпавярховая пабудова на перасячэнні вуліц Савецкай і Першамайскай, у якой цяжка пазнаць былую гордую прыгажуню — сімвал незалежнасці горада. Магдэбургскага права горад быў пазбаўлены ў 1776 годзе, заплаціўшы тым за непакорства свайго старосты — Агінскага. Дарэчы, той пасля разгрому войска канфедэратаў і эміграцыі ўсё ж прыехаў у Слонім і вырашыў тут пасяліцца на сталае жыхарства.

Былы палац Сапегаў перароблены, на яго месцы вырас велічны мураваны будынак, створаны замежнымі архітэктарамі. Тут былі манеж, аранжарэя, друкарня. Між палацам і выпрамленым рукавом ракі Шчары паўстаў тэатр, які прыводзіў у захапленне ўсіх, хто яго бачыў. Шчара выпрамлена была каналам, які трывала атрымаў назву «Канал Агінскага». Гэты канал (даўжынёй разам з Возерам 73 кіламетры) злучыў раку Ясельду са Шчарай і дазволіў з 1804 года значна ажывіць гандаль горада. Па каналу, а пасля па рэках Шчары і Нёману адпраўлялі ў Прыбалтыку шмат воску, хлеба, скур і будаўнічага лесу. Але вада з гэтага канала служыла і мастацкім мэтам: яна, у выпадку патрэбы, затапляла частку сцэны і па ёй маглі плаваць лодкі. Сама ж сцэна была надта вялікая, так што на ёй адбываліся тэатралізаваныя баталіі коннікаў, водныя феерыі, магла даваць прадстаўленне вялікая трупа акцёраў.