Выбрать главу

У тэатры Агінскага — «Опернгаўз» — працавалі італьянскія і польскія оперныя спевакі, мастакі, тут меўся прыгонны балет, а таксама хор. Асабліва бліскучай была капэла; у аркестры — адным з самых вялікіх у Еўропе з ліку прыдворных — удзельнічалі 53 музыкі. Сучаснікі параўноўвалі яго з «мангеймскім», які называлі камертонам Еўропы. Пасля смерці М. К. Агінскага яго архівы налічвалі 60 опер, 18 балетаў, 3 музычныя камедыі, 253 сімфоніі і шмат іншых розных музычных твораў.

Гетман Агінскі быў у сваім родзе постаццю унікальнай — ён граў на некалькіх музычных інструментах, у час выступленняў капэлы вёў партыю першай скрыпкі. Апроч гэтага, пісаў літаратурныя творы, некаторыя з іх былі выдадзены ў слонімскай друкарні. Як аўтар кнігі «Байкі і не байкі» ўвайшоў у гісторыю польскай літаратуры.

Але аснову тэатра ўсё ж складалі прыгонныя людзі гетмана. Менавіта яны, а таксама прыгонныя артысты Гродзенскага тэатра, падараваныя каралю Станіславу Аўгусту і перавезеныя ў Варшаву, склалі асноўную трупу першага польскага балета ў Варшаве.

...Калі ў гэты тэатр прыязджаў па кантракту прэм'ер венецыянскага тэатра «Сан-Самуэле» Дж. Кампанучы, калі тут працавала прымадонай славутая ў свой час спявачка А. Давія дэ Бярнуці — значыць, яны ведалі, што едуць не ў «мядзведжы кут», а туды, дзе іх таленты ацэняць, дзе ёсць культурнае асяроддзе.

Асяроддзе было. I, можа, менавіта таму ў музыцы славутага кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага (дарэчы, вядомы беларускі вучоны Адам Мальдзіс выказвае версію, што бацька Міхала Клеафаса паходзіў са старадаўняга беларускага шляхецкага роду, пачынальнікам якога быў шляхціц Дзмітрый Глушонак) адгукнуцца беларускія мелодыі, а творы яго стануць славай абодвух народаў. Сярод іх славуты паланэз «Развітанне з радзімай», які часта выконваюць артысты Беларусі.

Такімі людзьмі, як Агінскі., сапраўды можа ганарыцца кожны народ — дваццаціпяцігадовым юнаком ён выконвае дыпламатычныя даручэнні ў Нідэрландах і Англіі, пасля прымае ўдзел у паўстанні Тадэвуша Касцюшкі, заявіўшы Нацыянальнаму савету, што «прыносіць у дар радзіме сваю маёмасць, працу і жыццё». Каля 20 гадоў, вярнуўшыся сюды пасля паўстання, ён жыве ў маёнтку Залессе пад Смаргонню, пакінуўшы Беларусь толькі ў 1822 годзе. А пахаваны вялікі кампазітар у Фларэнцыі, дзе памёр 15 кастрычніка 1833 года, пакінуўшы свой след у гісторыі культуры двух народаў.

Шмат чаго тут ужо няма — няма палаца з яго пышнай «залай багінь» у стылі ракако, у якую заглядвалі экзатычныя дрэвы выдатна дагледжанага сада — настолькі прыгожага, што засталіся вядомымі імёны майстра паркавай архітэктуры Лерака і прыгоннага садоўніка Васіля. Але ёсць канал, абрысы сажалкі, ёсць цудоўная музыка Міхала Клеафаса, які з-за яе застаўся ў гісторыі (а не таму, што быў дэпутатам сеймаў, падскарбіем літоўскім і нават пецярбургскім сенатарам). I пра другога Агінскага, гетмана, нам цікава даведацца, напрыклад, што ў свой час Кацярына II вылучала яго кандыдатам у польскія каралі. Але сваё імя ён найперш праславіў стварэннем опернага тэатра і Слонімскай капэлы.

Служэнне культуры — найбольш высакароднае. I сведчанне гэтаму — музей у Слоніме, створаны ў 1929 годзе энтузіястам, закаханым у гісторыю гэтага краю. Некалькі слоў пра яго.

Іосіф Стаброўскі быў сынам капітана Мурманскага пяхотнага палка і нарадзіўся тут, у Слоніме, у 1869 годзе. Закончыў Полацкі кадэцкі корпус, Маскоўскі археалагічны інстытут, Вышэйшыя археалагічныя курсы пры Самарскім універсітэце. Палкоўнікам сустрэў першую сусветную вайну.

Палкоўнік — і археолаг? Але жаданне не нішчыць, а захоўваць тое, што створана чалавецтвам, было мацнейшым. У 52 гады ён вярнуўся ў Слонім, стаў вывучаць яго культуру, даследаваць старадаўнія курганы. Сабранае падчас гэтай працы вырашыў аб'яднаць у музей.

Калі пачалася другая сусветная вайна, схаваў ад разбурэння ўсё што мог — музей і бібліятэку. I можа, ад таго, што жыццё яго было прысвечана мэце высокай і светлай, пражыў доўга — аднаго году не дажыў да стагоддзя. Да самага пачатку 1968 года рупіўся I. Стаброўскі пра свае скарбы — дакладней, пра скарбы зямлі, на якой нарадзіўся.