Выбрать главу

Сюды на пакланенне цудатворнай іконе прыязджалі практычна ўсе каралі Рэчы Паспалітай, апроч аднаго, дый той не прыехаў па прычыне цяжкай хваробы. Супернічаць па знатнасці і вядомасці з Жыровіцкім мог у канцы XVII стагоддзя хіба што Чэнстахоўскі манастыр у каталікоў. Адзін за адным узнікалі храмы — самы галоўны і пышны з іх Успенскі сабор, пабудаваны ў 1650 годзе ў стылі барока. Архітэктары лічаць, што алтарная частка яго — унікальная, апсідальнае завяршэнне цэнтральнага нефа мае ў ім «ступенчатую тэлескапічную структуру па вертыкалі» (Т. Габрусь), таму ў час будаўніцтва памеры яго скарачаліся. Аднак вышыня храма дастаткова вялікая — звыш 35 метраў, а даўжыня каля 50 метраў. У ансамбль Жыровіцкага манастыра базыльянаў уваходзілі Богаяўленская царква (пабудавана ў 1769 годзе) і Крыжаўздвіжанская (той жа год пабудовы). Абедзьве яны пабуда-ваны ў стылі барока. Але Крыжаўздвіжанская царква мае адметнасць: унутры змешчаны своеасаблівы храм — кальварыя, які імітуе паломніцтва Хрыста ў Ерусалім. Наведвальнік паднімаўся ў храм і нібы аказваўся на вышыні — сімвалічнай Галгофе. Спускаўся ён па прыступках паралельна роспісу на сценах, што стварала ілюзію вялікай прасторы і аб'ёму. Веруючыя адчувалі незвычайны экстаз, сюды прыязджалі спецыяльна, каб пабыць на «намоленым месцы», паспавядацца... Да таго ж тут была семінарыя, якая, перастаўшы быць уніяцкай, стала праваслаўнай і здолела перажыць часы ганенняў і праследаванняў. 20 год назад, прыехаўшы сюды, аўтар назірала дзіўную карціну: каля Успенскага сабора перад маладым хлопцам на каленях стаяў настаўнік, сівы чалавек з ордэнскай калодкай. Высветлілася — выдатнік адной са школ Беларусі прыехаў паступаць у семінарыю, і дырэктару школы пагразілі, што, калі той стане семінарыстам, у яго самога адбяруць партыйны білет. У тыя часы гэта значыла — канец дырэктарству, канец выкладчыцкай працы. I ён прасіў свайго вучня, стоячы перад ім на каленях, і ўгаварыў яго. Яны паехалі адсюль разам на таксі, якое тут чакала два дні...

Паміж саборам і келлямі манахаў сціпла прытулілася Богаяўленская царква, пабудаваная ў 1769 годзе. Своеасаблівасць ёй надаюць барабан з купалам у сярэдняй частцы. У комплекс манастыра ўваходзяць, апроч названых храмаў, будынак семінарыі, жылы корпус, трапезная, бальніца, агарод, сажалкі. Часткова кляштар абнесены мураванай сцяной з брамамі.

Пастаім ва Успенскім саборы каля алтарнай іконы «Маці Божая Жыровіцкая» — невялікай іконкі з каменнай разьбой, закаванай зараз у чаканны сярэбраны аклад, паглядзім на вызалачаную разьбу ў стылі барока на іканастасе, дзе залацяцца вінаградныя лозы, лісты, херувімы, дзе лёгкімі, светлымі фарбамі намалявана фрэска «Спас Пантакратар», і пойдзем вандраваць па мястэчку. На другім баку невялічкай плошчы стаіць капліца, на ёй ясна можна ўбачыць нехарактэрны для праваслаўнай будыніны знак — вока ў трохкутніку. Капліца складаецца як бы з дзвюх частак — верхняя выглядае як званіца.

На паўночна-заходняй ускраіне Жыровічаў, на могілках стаіць простая драўляная царква — Георгіеўская, пабудаваная ў канцы XVIII стагоддзя. Яна ўваходзіць у комплекс манастыра, але планіровачна з ім не звязана. Тут ёй, адной, мабыць, больш прасторна, сюды прыходзяць тыя, каму хочацца пабыць у адзіноце і на прыродзе. У іканастасе ёсць цікавая ікона «Георгій Пераможца».

Недалёка ад храмаў, туды варта прайсціся і захапіць з сабой біклагу, знаходзіцца цудадзейная крынічка. Ля крынічкі збіраюцца паломнікі — акунуць у ваду хворыя рукі, галаву, папырскаць на сябе вадою. У святочныя дні тут вельмі шматлюдна, некаторыя так і сядзяць ля крыніцы цэлы дзень пасля ранішняй службы. Сляпыя спяваюць царкоўныя, а часта і проста сумныя, спакойныя песні. I ўсе чакаюць цуда, таму што, калі яны, цуды, адбываліся раней, чаму не быць ім зараз?

Вяртаючыся ў Слонім, можна з'ездзіць да недалёкага возера Альбярцін, а па дарозе на скрыжаванні вуліц Пушкіна і Міцкевіча паглядзець на капліцу святога Дамініка, вядомую з 1746 года; на Савецкай пабачыць Гарадскі асабняк (1923 год), а таксама «Аўстэрыю» (№ 10), якая пабудаваная ў XVIII стагоддзі, як лічаць, архітэктарам Я. Боем, тым самым, што праектаваў пабудовы пры палацы М. К. Агінскага.

Каля возера Альбярцін, у Фабрычным пасёлку, каля былога Французскага тракта (цяпер вуліца Калгасная) знаходзіцца сядзібна-паркавы ансамбль В. Пуслоўскага. Прадпрымальнікі з гэтага роду таксама пакінулі свой след у гісторыі Слоніма, не толькі адкрыўшы некалькі буйных фабрык (дывановая мануфактура, суконная фабрыка), але і пабудаваўшы на рацэ Ісе першую ў Заходняй Беларусі гідраэлектрастанцыю.