Паўнаводная Піна, уздоўж якой знаходзіцца прыгажэйшая частка горада, надае гэтаму гораду непаўторнасць, з ёю звязаны гісторыя і эканоміка, мастацтва і творчасць гараджан.
Менавіта непадалёк ад ракі ўзнікла першае паселішча. Раскопкі археолагаў расказваюць нам пра драўляны горад, умацаваны равамі і валамі, з вялікімі гандлёвымі сувязямі (Кіеў, Прычарнамор'е, Валынь), досыць высокай культурай. Тут знойдзены самая багатая на тэрыторыі Кіеўскай Русі і Полацкай зямлі калекцыя каляровых керамічных плітак, шмат упрыгожанняў для старажытных модніц (бранзалеты, каралі, падвескі).
Вядома ж, першае ўспомненне пра горад, якое адносіцца да 1097 года ("Аповесць мінулых часоў") і называе горад Пінескам альбо Піньскам, расказвае не пра пачатак яго гісторыі, а пра час, калі тут ужо стаяў вялікі горад, які належаў да Тураўскай зямлі, а пасля, у XII стагоддзі, стаў цэнтрам удзельнага княства, дзе развіваліся асвета і навука. З адной такой школы ў Пінску выйшаў Мітрафан-летапісец. На жаль, летапісы, ім напісаныя, не захаваліся, як не захаваліся і старажытныя мураваныя храмы, якія тут былі. А вось імёны першых князёў летапісы называюць: гэта сыны тураўскага князя Юрыя Яраслававіча — Яраполк і Яраслаў. Іх успамінаюць летапісы XII стагоддзя. Наступны, XIII век дае Уладзіміра, затым Расціслава, які ваяваў з Данілам Галіцкім, валадаром магутнага тады Галіцка-Валынскага княства. У 1229 годзе ўспомнены князь Уладзімір, які абараняў Бярэсце, а таксама трое Уладзіміравічаў — Фёдар, Дзямід і Юрый (пад самы канец стагоддзя). Вядома, Іпацьеўскі летапіс, які пра гэта расказвае, пісаўся далёка адсюль, а мясцовыя летапісы загінулі, таму пра сваю гісторыю мы даведваемся з чужаземных крыніц. Але нават з тых крыніц вынікае, як мужна ўмелі змагацца нашы продкі, як абаранялі яны сваю зямлю.
...Сюды, на Піну, прыязджалі гандляваць і ў больш познія часы, калі горад за вялікім князем Гедымінам увайшоў у Вялікае княства Літоўскае. Сын яго, Нарымунт, хрышчаны Глебам (дарэчы, няхрышчаных князёў на чале беларускіх гарадоў не было) валодаў горадам. З 1348 года вядомы як уладары Пінска ягоныя сыны Міхаіл, Васіль і Юрый, а пазней — вялікі князь літоўскі Жыгімонт Кейстутавіч.
Гэты князь, які пазней быў забіты ў Трокскім замку (яго бацька — у Крэўскім), атрымаў вялікакняжацкі пасад воляй лёсу і болей вядомы не сваімі карыснымі справамі, а тым, што быў жорсткі і бязлітасны, а яшчэ тым, што ў 1392—1398 гадах разам з сынам быў вязнем ордэна як заложнік Вітаўта — вялікага сына нашай зямлі. Прыхільнасць да Жыгімонта каштавала жыцця мітрапаліту Герасіму, які быў спалены ў Віцебску ў 1435 годзе супернікам Жыгімонта Свідрыгайлам.
Вядомы яшчэ дзве валадаркі Пінска — княгіня Марыя з роду Алелькавічаў і каралева Бона, жонка караля Жыгімонта I Старога, якая ўтварыла на тэрыторыі Пінскага княства стараства (1539).
Каралева Бона бывала ў гэтым горадзе. Вядома з летапісаў, што разам з каралём Жыгімонтам яна была на вялікім сойме ў Брэсце ў 1545 годзе, дзе маладога каралевіча Жыгімонта Аўгуста зацвердзілі вялікім князем Літоўскім. I на тым сойме, піша летапісец, «многа было біскупаў, паноў-рад, панове-рада Вялікага княства, панята, уся шляхта харугоўная і ўсё рыцарства ўсіх зямель і княства Літоўскага, такжа было мноства людзей на тым сойме, што на абодвух баках вакол Бярэсця (Брэста) на колькі міль стаялі...» У далёкім Кракаве падпісвала Бона ўказы, што тычылі староства, але кожны гэты каралеўскі подпіс змяняў нешта ў жыцці людзей. Бона, як вядома, была з італьянскага роду Сфорцаў, мела палкую кроў і жаданне тварыць палітыку. Дамагалася ўлады спачатку ад свайго мужа, за што атрымала нелюбоў магнатаў і шляхты, нязвыклай да гэткіх жаночых памкненняў, пасля — ад свайго сына, Жыгімонта Аўгуста. Але сын не даў ёй звыклай улады (характэрная дэталь — ужо стаўшы ўдавой, яна працягвала па звычцы карыстацца чырвонай фарбай для пячаткі і чырвонымі чарніламі — як знакам таго, што яна ўсё роўна валадарка). Пінскам яна цікавілася пастаянна, пра што сведчыць шмат дакументаў.
Дарэчы, менавіта гэтая каралева правяла славутую зямельную рэформу, вядомую як «Устава на валокі», падчас якой шляхціцы, што дакументамі не даказвалі права карыстацца зямлёй, павінны былі аддаць яе ва ўладанне вялікага князя і караля, а таксама пазбавіцца сваёй шляхетнасці — а гэта горай за смерць: селянін у тыя часы быў у становішчы трохі лепшым за быдла...
Каралеве Боне прысвяціў сваю славутую паэму «Песня пра зубра» беларускі паэт-лацініст Мікола Гусоўскі, сакратар пасла пры рымскім папе Лявоне X. У паэме ўслаўляецца Вялікае княства Літоўскае, яго людзі і звычаі. Народжаная ў Рыме і выдадзеная ў Кракаве ў 1523 годзе, гэтая паэма — патрыятычная песня Беларусі.