Выбрать главу

Старажытны сілуэт горада склаўся ў XVII-XVIII стагоддзях, і асноўнай яго дамінантай сталі вежы кляштараў і гарадской ратушы (магдэбургскае права Пінск атрымаў у 1581 годзе, яго герб — на чырвоным полі шчыта залаты лук са стралой і нацягнутай цецівой).

Па захаванасці архітэктурных помнікаў, старой забудовы Пінск сёння займае на Беларусі другое месца ўслед за Гродна. Сапраўды, з плошчы можна ўбачыць велічныя гмахі былога езуіцкага калегіума, францысканскага касцёла, кляштара і званіцы, палац Бутрымовіча...

Самы старажытны з іх — францысканскі касцёл і кляштар. Гэты ансамбль ствараўся на працягу трох стагоддзяў — XVI, XVII і XVIII, але першы драўляны касцёл быў пабудаваны яшчэ князем Жыгімонтам Кейстутавічам у 1396 годзе. У 1510 годзе стаў будавацца новы, мураваны, названы касцёлам Успення Дзевы Марыі. Трэці раз касцёл быў перабудаваны ў 1712-1730 гадах, калі тут паўсталі карпусы кляштара. Велічны, з багата дэкараваным фасадам, дзе ёсць і карнізы, і нішы, і франтон з дзвюма маленькімі вежамі, гэты касцёл робіць велічнае ўражанне і знутры, дзе мы зможам убачыць драўляныя скульптуры святых, вітыя калоны галоўнага алтара з таксама драўлянай разьбой, фрэскі, выкананыя ў 1909 годзе мастаком Б. Вішнеўскім, а таксама паслухаць цудоўны арган.

Ансамбль — гэтая застылая музыка вякоў — жывы арганізм, які патрабуе пастаяннай працы. Спецыялісты спрачаюцца, ці арганічна ўваходзіць у забудову трох'ярусная вежа-званіца, пастаўленая пад кіраўніцтвам архітэктара Каменскага ў 1817 годзе (неўзабаве пасля паражэння Напалеона) і дабудаваная ўжо на пачатку XX стагоддзя да чатырох'яруснай. Быў рэканструяваны і сам кляштар — таксама ў 20-ыя гады нашага стагоддзя (праўда, агонь рэвалюцыі не крануў яго магутных сцен). Некаторыя даследчыкі беларускай архітэктуры называюць рускага акадэміка архітэктуры I. Жалтоўскага аўтарам чацвёртага яруса званіцы.

...Летам часта можна ўбачыць людзей, якія моўчкі стаяць перад ансамблем, нібыта аддаючыся Часу і Прасторы, якія ўвасоблены ў гэтых магутных сценах, у архітэктуры, што нібы аддзяляе сябе ад мірской мітуслівасці, абмяжоўваецца стро-гай велічнасцю манастырскіх сцен, стварае замкнёны свет духоўнасці. Двух- і трохпавярховыя карпусы замыкаюць ансамбль на галоўнай плошчы Пінска, упрыгожваючы гэтую плошчу.

Цяпер няма езуіцкага касцёла, які таксама быў, здавалася, неад'емнай часткай старога Пінска,— спалены ў час апошняй вайны, пасля разабраны. Захаваўся калегіум — будынак у форме літары «Г», створаны яшчэ ў першай палове XVII стагоддзя разам з касцёлам. На здымках, што захаваліся, можна ўбачыць лёгкую, амаль карункавую пабудову касцёла, дзве ягоныя вежы, палюбавацца архітэктурным помнікам барока. Калегіум, мабыць, ураўнаважваў агульнае ўражанне: нават шасцігранная вежа здаецца суровай, вызначанай для абароны (дарэчы, некалі так і было), аднак у цэлым ён дае спалучэнне рысаў рэнесанса і барока. Сярод жылых і рабочых памяшканняў тут у XVIII стагоддзі працавала аптэка, а пазней, з 1729 года, існавала нават друкарня.

Увогуле, друкарні на Беларусі былі досыць распаўсюджаны яшчэ з пачатку XVI стагоддзя, але належалі яны, як правіла, магнатам. Друкарня ў калегіуме гаворыць аб добрым разуменні ролі друкаванага слова ў папулярызацыі патрэбных ідэй. Але з варожымі кнігамі самі езуіты змагаліся агнём: нездарма ў Вільні былі спалены пратэстанцкія кнігі, ад чаго наша культура панесла вялікія страты...

Палац Бутрымовіча цяпер здаецца зусім маленькім побач з высокай сучаснай гасцініцай і як бы «зацёртым» ёю. Але варта спыніцца — і сціплая прыгажосць гэтага палаца, пабудаванага ў канцы XVIII стагоддзя для пінскага старосты М. Бутрымовіча ў стылі барока з рысамі класіцызму, прымусіць больш пільна разглядаць яго сцены, калоны дарычнага ордэра, што вынесены наперад,— у гэтым асаблівасць архітэктурнага рашэння. Парадны двор тут як бы раскрываецца насустрач рацэ, а сіметрыя карпусоў стварае ўражанне святочнасці і багацця. Асабліва прыгожая авальная зала, як бы вынесеная на тэрасу. Захавалася дата пабудовы — 1794 год, і гэта па іроніі гісторыі быў час, калі скасоўвалася пасля другога раздзелу Рэчы Паспалітай само Пінскае староства, якое стала проста паветам Мінскай губерні.

З пінскімі Бутрымовічамі, дарэчы, у нашай гісторыі звязаны цікавы прыём, на-ладжаны каралю Рэчы Паспалітай Станіславу Аўгусту. Тут, пад Пінскам, у маёнтку Бутрымовічаў Крыстынова, яго віталі сотні сялян вакол дарогі, пасцеленай сенам і ўпрыгожанай аркамі і надпісамі ў вершах. Надпісы гэтыя былі зроблены на чатырох мовах — лаціне, польскай, беларускай і яўрэйскай. Сяляне ігралі на цымбалах, дудках, паказвалі свае вырабы. А пасля на канале ў прасмоленых чоўнах паплылі хлопчыкі, якія выраблялі розныя дзівосы — танцавалі, скакалі з вады на чоўны і наадварот, пераганялі адзін аднаго...