Выбрать главу

Ва ўзгаданы ж час (недзе ў 80-ыя гады XVIII стагоддзя), калі быў адкрыты канал, названы Каралеўскім, Бутрымовіч, які шмат зрабіў для адкрыцця канала, накіраваў па ім у Варшаву дзесяць чоўнаў, нагружаных грыбамі, воскам, лоем, мёдам і г. д. Апранутыя па старадаўняй модзе пінчукі, што прывезлі гэты «палескі караван», зрабілі ў Варшаве сенсацыю.

Прайшлі гады, а палац, пастаўлены Бутрымовічамі, застаўся, хаця староства ў той час было скасавана. А былы бернардзінскі кляштар, пабудаваны ў 1786 годзе, ператварыўся ў Варварынскую царкву. У гэтым даволі простым, аднанефавым храме прыгожы галоўны фасад — у стылі барока. Ёсць на фасадзе нішы і паяскі, а таксама пілястры і карнізы, а ў самім храме захоўваецца старадаўні, XVI стагоддзя, абраз «Божая Маці Ерусалімская». Варта ўспомніць, што непадалёк ад Пінска, у Купяцічах, знаходзілася да першай сусветнай вайны вельмі вядомая ў беларусаў святыня — цудатворны абраз Божай маці Купяціцкай. Вядома, што ў 1643 годзе з ёю з'явіўся на варшаўскі сейм А. Філіповіч (пазней кананізаваны), выступаючы супраць уніі. Апошнія сляды гэтай святыні губляюцца недзе ў Кіеве. Царква названа ў гонар вялікамучаніцы Варвары, мошчы якой пачалі пасля смерці тварыць цуды вылечвання цяжка хворых. Ужо ў першай палове XIX стагоддзя ля царквы былі пабудаваны званіца з двума ярусамі і манастырскі корпус: пасля падзей 1831 года (паўстанне супраць каланізатарскай палітыкі Расіі) улады ўзяліся выкараняць каталіцызм і ўзмацняць праваслаўе. Тады ж быў зачынены і Віленскі універсітэт як галоўны рассаднік ідэй вольнасці ў краі.

У колішнім прадмесці Каралін, якое цяпер даўно стала часткай горада, стаіць касцёл Карла Барамея, названы так у гонар архіепіскапа Міланскага. Пабудаваны ён у 1770-1782 гадах у стылі барока. Таўшчыня ягоных сцен складае болей за два метры, асабліва ўражвае вежа — масіўная, завершаная двух'ярусным купалам, упрыгожаная архітэктурнымі аздобамі — пілястрамі, паяскамі і г. д.

Непадалёк ад галоўнай плошчы горада знаходзіцца Пінскі краязнаўчы музей, які некалькі гадоў насіў імя Ю. Пілсудскага, а пасля 1939 года вярнуў старую назву. 1 ліпеня 1996 года будзе адзначаць сваё 70-годдзе.

Музей цікавы перш за ўсё сваімі рукапіснымі граматамі XIV-XVII стагоддзяў, старадрукамі, а таксама манетамі са скарбаў XVII-XVIII стагоддзяў. Ёсць тут славутыя тураўскія саркафагі, матэрыялы археалагічных раскопак, над якімі працуюць сапраўдныя знаўцы сваёй справы. Экскурсія па музеі прынясе ўсім, хто цікавіцца гісторыяй, сапраўднае задавальненне.

Па вуліцах Пінска ўвогуле цікава хадзіць, сочачы за тым, як старое замчышча арганічна звязала ў адно вуліцы і пабудовы, як ад галоўнай плошчы і цяпер адыходзяць старадаўнія накірункі шляхоў, а на беразе Піны захаваліся старыя будынкі самых розных архітэктурных стыляў, якія разам ствараюць уражанне непаўторнасці і ўтульнасці невялікага горада. Ад XVII стагоддзя ёсць тут барочная званіца, а таксама драўляная царква XIX стагоддзя і касцёл.

Непаўторная сама прырода Палесся з яе ціхімі паўнаводнымі рэкамі, з песнямі і мовай, з традыцыямі. Уборы маладзіц і дзяўчат тут захаваліся асаблівыя, вельмі выразныя.

Надта прыгожым і непадобным да абрадаў іншых рэгіёнаў Беларусі бывае вяселле, з якога самы цікавы — абрад выпякання каравая.

Як выпякуць каравай — так маладыя і будуць жыць. Так лічылі ў народзе і таму рабілі гэта з найвялікшай адказнасцю. Пячы каравай павінны былі спецыяльныя жанчыны — каравайніцы, спяваць падчас прыгатавання — маладыя дзяўчаты, рыхтаваць дровы — жанатыя мужчыны, а садзіць караван у печ — нежанаты хлопец (пажадана кучаравы). Дровы для выпечкі бралі з трох розных двароў, прычым з трох розных парод, якія лічацца шчаслівымі, ваду — з трох розных крыніц, муку — з сырога зерня або таго, якое сушылі не ў печы, масла — ад кароў першага ацёлу. Усе прылады — дзяжа, вілкі, памяло, лапата — павінны былі быць новымі, а замешваць каравай трэба было па ходу сонца правай рукой, і рабіць гэта магла толькі старшая каравайніца. Усё ў караваі мела глыбокі сэнс: напрыклад, сплеценая з цеста каса вакол яго значыла дзявоцкую красу, а замешванне далонямі, а не кулакамі значыла пажаданне, каб малады ніколі не паднімаў рукі на сваю жонку...

Гэта — толькі адзін з элементаў палескага жыцця, вельмі паэтычнага ў сваёй глыбіннай аснове. Захаваліся тут і рэдкія расліны, жывёлы. Дарэчы, пісьменнік мінулага стагоддзя Юзаф Крашэўскі, апісваючы Палессе, называў Пінск «сталіцай чарапах», а таксама расказваў, што тут ловяць шмат ракаў, і «іх каменьчыкі, што называюцца рачынымі вачыма, ужываюць для лячэння ядавітых укусаў, заразных хвароб...»