Як і Полацк, Віцебск ужо ў XII стагоддзі стаў буйным гандлёвым цэнтрам, нездарма ён ляжыць на шляху «з вараг у грэкі», ажно да самой Візантыі. Адсюль водныя шляхі вядуць таксама ў Ноўгарад, Смаленск і Пскоў. Гандляваў горад таксама з Рыгай, сведчаць аб гэтым дагаворныя граматы. Напрыклад, у «грамаце князя Гердзеня Вітабскага і Полацкага» ад 22 снежня 1264 года гаворыцца: «... Нямецкаму госцю ў Полацкую (зямлю — прым. аўтара) вольна ехаці і гандляваці, купіці і прадаці, гэтак жа Палачанам і Віцябляніну вольна гасціці ў Рыгу і на Гоцкі бераг". Стагоддзем раней тут быў пабудаваны госцевы двор, дзе іншаземныя купцы маглі і гандляваць, і жыць. Аднак гандаль гандлем, а палітыка палітыкай — у 1410 годзе віцебская харугва прымала вялікі ўдзел у Грунвальдскай бітве і разам з іншымі славянскімі воямі перамагла, што, дарэчы, не спыніла гандлёвых варункаў паміж гарадамі.
Яшчэ да надання магдэбургскага права горад меў устаўныя граматы (1503 і 1506 гг.), якія рэгулявалі адносіны паміж гараджанамі і вялікім князем. Магдэ-бургскае ж права набыў у 1597 годзе. Герб — на блакітным полі пагрудная мужчынская выява, пад якой чырвоны меч.
Што меч гэты мог быць сапраўды чырвоным ад крыві, сведчыць уся гісторыя горада. У час пастаянных войнаў з Маскоўскай дзяржавай ён на працягу амаль двух стагоддзяў першым прымаў на сябе ўдары ад суседзяў. Разам з тым пакутаваў і ад унутраных разладаў.
Увядзенне уніі, нязгода з яе прынцыпамі, якія здаваліся акаталічваннем і рэлігійнай здрадай, прывялі да вострага канфлікту паміж уніяцкім біскупам Ясафатам Кунцэвічам і часткай гараджан, у выніку чаго епіскап быў забіты. Паколькі ажыццяўленне уніі было дзяржаўнай палітыкай, горад быў пакараны (1623 год): пазбаўлены магдэбургскага права, гарадская ратуша разбураная, каля сотні чалавек прысуджаны да смерці. Засталася гісторыя аб пакаранні — канешне, сімвалічным — нават званоў, якія заклікалі да паўстання: яны былі знятыя са званіц і пераплаўленыя. Я. Кунцэвіч быў аб'яўлены святым, і гэтая трагічная постаць на Беларусі абвеяна смугою нейкай няпэўнасці, неакрэсленасці. «Як ставіцца да яго, хто гарэў жаданнем стварыць адзіную нацыянальную рэлігію ў краіне, якую раздзіралі рэлігійныя непаразуменні, але выбраў для таго метады жорсткія і занадта энергічныя?» — пытаюцца сёння гісторыкі.
Праз 21 год права на самакіраванне аднавілася, ратуша стала адбудоўвацца. Але яшчэ праз дзесяць гадоў пачалася вайна паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай, горад быў заняты рускім войскам — пасля чатырнаццаці тыдняў упартай асады. Што застаецца пасля такіх аблог? Але горшае чакала наперадзе. Вернуты ў склад Рэчы Паспалітай, Віцебск падчас наступнай, руска-шведскай вайны зноў упарта супраціўляўся рускаму войску, і цар Пётр I загадаў калмыцкім і казацкім (самым буйным) палкам спаліць яго. Зноў гарэлі Верхні і Ніжні замкі, вежы муроў, гандлёвыя рады... Усё, што засталося ў архівах пра гарадскія прывілеі, дадзеныя многімі каралямі Рэчы Паспалітай, было амаль праз стагоддзе (у 1803 годзе) па загаду з Пецярбурга адпраўлена ў Расію і так надзейна схавана, што дасюль месцазнаходжанне дакументаў невядома.
Вайна 1812 года з Напалеонам прайшла па нашай зямлі двойчы — калі французскае войска ішло на Маскву і вярталася з яе, пакідаючы за сабою вымершыя ад голаду беларускія вёскі і разбураныя селішчы. Аўтар кнігі «Кароткая гісторыя Беларусі», акадэмік В. Ластоўскі (загублены савецкаю ўладай у пазнейшыя часы) прыводзіць расказ аб тым, што Напалеон, ідучы на Маскву, загаварыў з беларускаю сялянкай і запытаўся, як яна хоча: каб француз пабіў расейца, ці расеец пабіў француза? На што жанчына адказала: «Я б... хацела, каб француз, заняўшы Маскву, пагнаў, пагнаў, ды і сам не вярнуўся!» Менавіта ў гэтай, усходняй частцы Беларусі былі страшныя бітвы з французамі — пад Клясціцамі і Чашнікамі, ля Астроўна і шмат дзе яшчэ, асабліва пад Барысавам (Мінская вобл.). У сусветнай белетрыстыцы ёсць шматлікія апісанні пераправы французаў праз Бярэзіну. Прывядзем некалькі сказаў з мемуараў адмірала Чычагава, які прымаў удзел у бітве: «Зямля была пакрытая трупамі забітых і замёрзлых людзей; яны ляжалі ў розных позах. Сялянскія хаты былі ўсюды імі перапоўненыя, рэчка была запружана мноствам патанулых пехацінцаў, жанчын і дзяцей; каля мастоў валяліся цэлыя эскадроны, якія кінуліся ў раку. Сярод гэтых трупаў, што ўзвышаліся над паверхняй вады, бачныя былі скачанелыя кавалерысты на конях, як статуі, што стаялі ў вадзе ў тых позах, у якіх застала іх смерць...» У паданнях беларускага народа ёсць і такое — пра вёску Паленаўку: «Расказваюць, што раней вёска гэтая называлася Напаляонаўка. У час вайны 1812 года тут стаялі французскія войскі. Але вымаўляць такую доўгую назву было цяжка, нязручна, вось і перарабілі яе ў Паленаўку».