Выбрать главу
На шляху запыленым і тлумным, Па якому суджана прайсці, Вы мяне не ўспамінайце сумным. Вам і так нявесела ў жыцці.
Згадвайце нястомным і вясёлым, З кошыкам лазовым I кійком Гаманкім вясковым балаголам Ці гарэзным босым пастушком.
Як мяне прыпомніце аднойчы, Хай да вас смяшынкі прылятуць I на міг памаладзеюць вочы, I ва ўсіх усмешкі расцвітуць ...
* * *
У планеты весняй На віду Завяду я песню, Завяду.
Тую, Не забытую, Маю, Што ні з чым не зблытаю, Пяю.
Тую, Не забітую Яшчэ, Што з душы Малітваю Цячэ.
Завяду я песню, Завяду. Можа, Не на шчасце — На бяду.
Кіну, Як расінку, На жарству, Каб сказала ўсім, Што я жыву.
* * *
Я сваё жыццё, нібы пірог, З многімі дзяліў і не бярог. Менш за ўсё каханай адламіў... Каб жа хоць каго ды накарміў!
Талент, вершы, веру і любоў Раскідаў, нібы паштовых галубоў. Можа, ад Дняпра ці ад Дзвіны На змярканні вернуцца яны...

ДУША БАЛІЦЬ...

* * *
Не за сябе душа мая баліць,
Бо я пражыў на гэтым свеце трохі I мне не страшна за сабой паліць Падгнілыя масты маёй эпохі.
Няхай гараць у праведным агні I атухаюць у кастрах гарачых Няўдачамі закрэсленыя дні I тоненькія свечкі сноў юначых.
Не ўсё мы так зрабілі, Як маглі. Ішлі, Кульгаючы на кожным кроку. Але і нашых думак вугалі Здалёк свяціліся ў халодным змроку.
Наш родны край для нас не быў чужым. Сваё мы адпакутвалі — I баста! А дзеці? Ну няўжо на плечы ім Абрынем мы дзяржаўнае нядбальства?
Няўжо прапусцім і ў наступны век З чужацкай незруйнованай засады I цемрашальства ашалелы здзек, I чорную атруту подлай здрады? Сярод глухіх асушаных імшар Ці знойдзе ўнук таварыша і брата?.. Таму вось і баліць мая душа I на дзяцей гляджу я вінавата.
Шасцідзесятнікі
Што ад нас застанецца — Ці песня, Ці хата, Ці дрэва, Ці зямля, Што навекі Ва ўсіх нас адна? Хто рукой нам махне — Папялушка Або каралева? Хто ўсіх нас адпяе — Завіруха, Залева, Вайна?
Мы, здаецца, Ніколі Ні бацькам, ні сабе Не хлусілі. Як умелі, Рабілі. Жылі, Як маглі. Надаралася, Плакалі моўчкі ў бяссіллі. Зубы сцяўшы, Паўзлі Па крывёй набрынялай зямлі. Так, Не ўсё мы паспелі, Не ўсё завяршылі. Не збудзілі ад сну Наш знямелы, збалелы народ. Прайдзісветы Залезлі на нашы вышыні, Ілгуны-недавучкі Нам заціснулі рот.
Перад небам і вечнасцю Мы вінаваты. Ды пры нас I без нас I цяпер, I пасля Застануцца жывымі Песні, Дрэвы I хаты, Нашы дзеці і ўнукі, Наша маці-зямля...
Значыць, мы на зямлі Недарэмна жылі...
* * *
Нехта — з пекла, А нехта — з раю Голас мне сябры падаюць. Вельмі рана сябры паміраюць. А вось ворагі Доўга жывуць, Абмінаюць судовую лаву I шалеюць ад п'яных піроў, I крадуць Пасмяротную славу У маіх нешчаслівых сяброў.
Смерць і праўда — Бяздушна-сляпая, Калі ўсіх іх раўняе ў цане. А сяброў маіх так не хапае I зямлі беларускай, I мне.
Я крыві не хачу, Вы паверце, I граху не вазьму на душу. Не прашу я для ворагаў смерці — Для сяброў даўгалецця прашу.
* * *
Чорнай навалаю коціцца зверху Гвалт небывалы, Раз'ятраны вэрхал. У кіраўнічых суровых прамовах Бэсціцца зноў беларуская мова: Быццам бы наскія словы не здатны Выказаць талент і розум выдатны.