Выбрать главу
Новай уладзе не пашанцавала — Хоць да спадобы ёй бульба і сала, I самазвалы, I фермы, I нівы, Непераборлівы люд наш цярплівы, Бор карабельны I мёд верасовы, — Косткаю ў горле — Народная мова.
Колькі цкавалі яе і глумілі, А не складае падбітае крылле, А ўсё' жыве і ніяк не канае — Песня азёрная, Казка лясная.
Перажыла наша родная мова I Бенкендорфа, і Мураўёва, Панскія здзекі, Чэкісцкія чысткі, Рогат імперскі, Вырак фашысцкі...
Тых, Што з трасянкаю ў галаве, Перажыве!..
* * *
Ах, як хочацца весялосці! Ах, як хочацца дабрыні! А жыццё' дабаўляе злосці, Колькі ты яе ні кляні.
Ты шукаеш адданасць і радасць, Да расчыненых вокнаў бяжыш, А адтуль лезуць зайздрасць і здрада, Як з балота вясною вужы.
Калі ў бойцы і спрэчцы суровай Давяраюць пятлі і нажу, Я ўжо верыць баюся на слова I на дзверы са страхам гляджу.
Могуць лёгка ў мяне за спіною I мяне прадаць за пятак... Значыць, нешта не тое са мною, Нешта ў свеце нашым не так...
* * *
Верыць лестачкам хітрым І подлай хлусні, I дурному нязбытнаму цуду, Хоць вяроўку на шыі маёй захлісні, Не магу, Не хачу I не буду.
Мірна слухаць абвалы напышлівых слоў І старога тупога прыблуду, Хоць абвешай мяне серабром медалёў, Не магу, Не хачу I не буду.
Прызнаваць верхавенства чыноўнай гайні I цану палітычнага хлуду, Хоць на плошчы галоўнай мяне разапні, Не магу, Не хачу I не буду.
А служыць занядбанай сваёй старане I цярпліваму роднаму люду, Хоць яны і не ўепомняць пасля пра мяпе, Як змагу, I хачу я I буду.
* * *
Гісторыя, Разумніца сівая, Сваім дыханнем чыстым На ляту Ад ісціны Рашуча адсявае Бяздарную, базарную лухту.
Яе шырокай нівы не заселе Ні хітрасць, Ні прыгожая мана. Спакойнаю рукою Пустазелле Бязлітасна выполвае яна.
Не ўзяць яе ні ласкай, ні аблогай, Хоць пагражай, Прасі Ці скавычы. Ад будучага дня I ад былога Адна яна захоўвае ключы.
Ніякаю абгорткай адмысловай Не ўсунеш ёй траянскія дары. За ўсе вякі, За ўсе перабудовы Яшчэ ніхто яе не абдурыў. Не набівайся ж да яе ў сваяцтва, Не дуй старанна ў гулкую дуду, А ўсю сваю завершаную працу Аддай яе сумленнаму суду...
* * *
Тэхнічнага прагрэсу дзеці, Ці вінаваты ў чым яны, Што раз'язджаюцца па свеце Твае, Мой родны край, Сыны?
Заве духоўная патрэба, У працы хочуць бачыць толк Ці проста мець кавалак хлеба І дэмакратыі глыток?
Цяжкой пакутай адлучэння Перапаўняюць цягнікі Твае сыны па нараджэнні, Чужых краін працаўнікі.
Дзяцінства Казкай незабытай Ім сніцца будзе за мяжой Каля чужога дабрабыту, Ля светлай радасці чужой.
Ці ўдасца ім З нявестай гладкай Прайсці бязбедна па жыцці I да заморскага парадку Душой самотнай прырасці? Ці вечна З думаю аб хлебе На лёс свой скардзіцца ў журбе?.. ... А каб вярнуліся, Дык лепей Было б для іх I для цябе.
* * *
Ну што, Беларусь, у цябе за сыны? — Хто быў паштаром, Плугаром Ці падпаскам, Як толькі праб'ецца хоць трохі ў чыны, Забыць цябе лічыць сваім абавязкам.
Ад хлева вясковага вернуць лычы, Хоць бацькава сала ядуць як зазвычай I матчыну мову гатовы лічыць I "беднай", I "хамскай" I проста "мужычай".
Не лезе у вушы ім даўні назоў, Псуецца настрой ад бабуліных строяў. Зусім ім не трэба Ні нашых князёў, Ні нашых прарокаў, Ні нашых герояў.