Яна ўжо ведала,
Як мала
Дыхання засталося ёй,
I развітальны крык трымала
Усёй істотаю сваёй.
У барацьбе з хваробай лютай
Ёй так хацелася, відаць,
Каб і апошняю пакутай
Нікому клопату не даць ...
* * *
У нездаволеных сталіцах,
Каб славы ў купалы даліць,
Як многім хочацца дзяліцца,
Як многа хочуць падзяліць!
Высокім іменем народа
Чужыя лічаць караблі...
Ну што ж,
Калі такая мода,
Дзяліце ўсё,
Што нажылі.
Дзяліце славу і няславу,
Дзяліце чарку і пірог,
Маскву,
Адэсу
I Дзяржаву,
Клубок заблытаных дарог,
Дзяліце волю і няволю,
Рыданне,
Песню
I імшу...
Але ніколі не дазволю
Дзяліць яшчэ маю душу!
* * *
Б'юць па спіне цапы.
Зрок засцілае мліва ...
Цярні, народ, цярпі,
Раз ты такі цярплівы.
Твой дзеляць каравай,
Твае ламаюць жорны ...
А ты, народ, трывай,
Раз ты такі пакорны.
Твае паслугачы
Падбрэхваюць лісліва.
А ты, народ, маўчы,
Раз ты такі маўклівы.
Грызі сухі калач,
Збірай завялы верас...
Не плач, народ, не плач —
Масква слязам не верыць ...
* * *
Не крыўдую і не плачу,
Не кляну сваю бяду.
На чарговую раздачу
Да начальства не пайду.
Дзе даюць усім па лычцы,
Дзе хаўрусніцтва ў цане,
Вы туды мяне не клічце.
Гэта ўсё не для мяне.
Не трымаюся за касу,
За дзяржаўную дзяжу.
Па вярхоўнаму заказу
Не служыў і не служу.
Ды заўсёды маю троху
За скупы даробак свой —
Ці то грэчкі,
Ці гароху
Пры дарозе палявой.
Толькі б выдужала сэрца
На ляту і на бягу ...
Так спяваю,
Як пяецца,
I жыву так,
Як магу.
Чуллівым мемуарыстам
О, як вы любіце сябе,
Сваю кашулю і прычоску!
(Каб гэтак вы любілі вёску,
Дзе сівы конь мурог скубе!)
О, як вы помніце сябе,
Прыгоды даўнія і мары!
(Каб гэтак помнілі абшары,
Дзе плачуць кнігаўкі ў журбе!)
Як ганарыцеся сабой,
Сваімі ўмелымі рукамі!
(Каб ганарыліся бацькамі
Вось так у велічы сваёй!)
Як вы шкадуеце сябе,
Сваіх прыхільнікаў і дзетак!
(Каб край свой шкадавалі гэтак.
Дык ён бы сёння не гібеў!)
Ды боль чужы,
Чужая слава
Па сэрцу вашаму не б'е.
I вам нічога не цікава,
Апроч сябе,
Апроч сябе.
Папытайце Філарэта...
Як у нас бывае гэта,
Як людзей мяняе свет,
Папытайце Філарэта.
Вам раскажа Філарэт.
Сан шануючы ягоны,
Не пакепвайце з таго,
Як дзяржаўныя персоны
Уцякалі ад яго,
Як партыйныя падлізы,
Несучы на твары жах,
Адбягалі ўбок ад рызы
I свяшчэннага крыжа.
Гэта ўсё не толькі модна —
Было выгадна,
Калі
Чорны опіум народны
Выкрывалі і клялі.
А цяпер парыў інакшы
Зачмурае галаву.
I былыя слугі нашы
Пацягнуліся ў царкву,
Бо яны і ў часе гэтым
Вельмі хочуць цараваць
I ўладыку Філарэту
Лезуць рукі цалаваць.
Беражна трымаюць свечкі,
Не хаваючы слязы,
Быццам божыя авечкі,
Тупаюць пад абразы.
I ківаюць галавою.
I ўзнімаюць вочы ўверх.
I яны цяпер з царквою
Неразлучныя навек...
Ну а як завецца гэта,
Дзе тут Новы Запавет, —
Папытайце Філарэта.
Можа, скажа Філарэт...
* * *
І я —
Міжвольны сведка
Дзяржаўных эскапад.
Гісторыя нярэдка
Вяртае нас назад.
I помніцца пустое,
Што запаўняла дні:
Засос часоў застоя,
I мора балбатні,
I прывід камунізму,
I чадны дух віна,
I зверху,
Збоку,
Знізу —
Мана,
Мана,
Мана.