* * *
Плыве ў тумане вечар разамлелы.
I ў духаце чаромхавых завей
Шчыруе
Асмялелы,
Ахмялелы,
Бяссонны,
Утрапёны
Салавей.
Сок, сок, сок
Цёк,
Цёк,
Цёк —
Цур-р-р,
Цур-р-р,
Цур-р-р.
Ці-мох, Ці-мох
Піў, пі-іў,'піў.
У цяньку-у,
У цяньку-у-у
Аўдоц-цю, Аўдоц-цю
Цмок,
Цмок,
Цмок
I ўцёк.
Маленькі птах уздрыгвае ад ветру,
Падскоквае,
Нібыта на агні,
На цэлы свет вясковыя сакрэты
Апавяшчае ў гулкай цішыні.
I покуль ён у гордай адзіноце
Раскідвае сярэбраны гарох,
Заснуць не можа сумная Аўдоцця
I курыць аж да раніцы Цімох.
* * *
Свеча горела на столе,
Свеча горела...
На ўсёй зямлі спыніўся час.
I ў гэтым часе
Ты засталася ля пляча,
Ты засталася.
I месяц
Стомленым ваўком
Схаваўся нанач.
Шумела Нарач за акном,
Шумела Нарач.
Каб зоркі бліскалі ў акне,
Мы не хацелі.
Трымцелі цені на сцяне,
Трымцелі цені.
Нам сну не даў вясновы час —
Вясёлы скнара.
I вечнасць цэлую для нас
Шумела Нарач...
* * *
Я сябе старым не адчуваю,
Хоць прайшлі юначыя гады.
Прылятаюць з маладога маю
Салаўі ў асеннія сады.
Разарву тугую павуцінку
I, цяпло даверыўшы плашчу,
З-пад крыса азяблую дзяўчынку
Я ў халодны свет не адпушчу.
Цепліцца яшчэ вясна былая —
Тонкая і кволая свяча.
Хай яна спакойна дагарае
Ля майго пахілага пляча.
Ну а што на скронях стыне іней —
Гэта хітры восеньскі падман.
Проста пазаблытваўся ў чупрыне
Дым кастроў і ранішні туман.
* * *
Помніш,
Ты даверыла
Мне ключы,
Адчыніла дзверы
Уначы,
Не дала і трохі
Ачуняць,
Бо цябе палохала
Цішыня,
Што шапоча голлем
Ля акна,
Ходзіць завуголлем
Да відна?
Дыктавала правілы
Ты сама.
I мяне адправіла.
А — дарма.
Ад варот не вернуты,
Я замоўк.
Зачыніла дзверы ты
На замок.
I заснула ў радасці
I ані
Не баішся
Ранішняй
Цішыні.
* * *
Не трашчы так настырна, сарока,
Побач з даўнім, былым, дарагім,
Тут каханне прайшло недалёка.
Не са мною прайшло, а з другім.
Я і сёння іх постаці бачу —
Хто іх ведае:
Дзве ці адна.
Я і сёння не веру ва ўдачу,
Хоць чакаю яе да відна.
А яны насцярожаным крокам
Прамільгнуць міма нас па начы.
Памаўчы побач з імі, сарока.
Памаўчы, як і я.
Памаўчы.
* * *
У засяроджанай цішы
Неспадзявана
Сярод ночы
Скацілася з тваё'й душы
Сляза адчайнасці жаночай.
Паплач, любімая, паплач.
Хай роспачы тваёй паможа
Сваёю музыкай скрыпач,
Што за сцяной не спіць.
О Божа!..
Хай буду ведаць толькі я,
Як плакалі ў дрымоце зыбкай
Душа самотная твая
І растрывожаная скрыпка...
* * *
Мае аднагодкі-сяброўкі.
Мой першы наіўны спалох.
Ускінуты здзіўлена броўкі.
На вуснах — рамонкаў пылок.
Дзяўчаткі майго юнацтва,
Зялёнай, бяссонай пары...
Змаглі вы такімі ж застацца.
А я —
Беззваротна стары.
З касынкай
Ці ў модным берэце
Вы зноў прыбягаеце ў сне...
Я ўсіх вас прашу:
Не старэйце
I не праганяйце мяне.
Як майская песня да птушак,
Я з выраю часу
Гатоў
Вярнуцца да вашых вяснушак,
Да сцежак дзіцячых гадоў.
Я помню
I воблакі тыя,
I здані ўначы ля куп'я...
Якія вы ўсе маладыя,
Адзін толькі ведаю я...