Мы не адразу разумеем,
Як цяжка ўзняць было б крыло
I ўзвіцца ўверх на зло завеям,
Каб іх на свеце не было.
Яны з далёкасці сусветнай
Душою светлай кожны міг
За намі сочаць непрыкметна,
Аж гюкуль прыйдзем мы да іх...
* * *
Каму патрэбнае "Поле-полечка",
Каб у душы запал закінеў,
А мне —
"Купалінка",
"Перапёлачка",
I звон цымбальны,
I дудкі спеў.
Каму — "Лезгінка",
"Гапак"
Ці "Хора",
Каб у вандроўках быў лёгкім к]
А мне найлепей,
Каб быць у гуморы, —
"Мікіта",
"Бульба"
I "Чабарок".
Хто — стэп карнаямі агалошвае,
Хто — дудуком адгукаецца з гор.
Мая жалейка —
Зусім не горшая,
Не сапсуе паважаны хор.
Няхай дзівак ярлыкі развешвае,
Багацце ўзважвае —
Дзе чыё.
Маё — не горшае,
Хай і не лепшае.
А Богам дадзенае —
Маё.
* * *
Там — правалы,
А тут — прагалы
Ці зусім ніякіх слядоў.
Колькі коней не запрагаю,
Не дагнаць маладых гадоў.
Не дагнаць,
Не вярнуць,
Не аклікнуць,
Грыву цёплую не ўхапіць —
Паўз балынак пралятаюць без ліку,
Толькі збоку мільгаюць слупы.
Эх вы, коні мае буланыя,
Падкаваныя капыты!
Праімчыце міма каханай
Праз калінавыя масты.
I спыніцеся ля крыніцы,
Апусціце ў траву павады.
Нам даўно ўжо трэба напіцца
Гэтай чыстай жывой вады.
Мы пранесліся гулкім алюрам
Праз такія брады і шляхі,
Што і Богам,
Суровым і хмурым,
Дараваны ўсе нашы грахі.
Не бяда, што гадоў не дагонім —
Кліча вецер з далёкай вярсты.
I яшчэ не распрэжаны коні.
I яшчэ не струхлелі масты...
* * *
У век неразбярыхі
Між вар'ятаў
Не выжыў бы ніколі я,
Калі б
На свеце не было
Бацькоўскай хаты,
Зімовых соснаў
I вясновых ліп.
Калі б не меў ратунку —
Пры патрэбе,
Каўтнуўшы ёлкай роспачнасці ком,
Параіцца
З качным высокім небам
I споведным купалавым радком.
Быць можа,
Д'яблу я душу аддаў бы,
Паслухаўшы, як маняць каралі,
Калі б зусім не ведаў
Простай праўды,
Вялікай праўды плуга і раллі.
Быць можа,
Горка плачучы,
Манеце
I кулаку
Пайшоў бы на паклон,
Калі б не ведаў,
Што бяда мінецца
I застанецца чорнай працы плён.
Вось і трываю на зямлі таму я.
I веру непахісна,
Што жыццё
Нарэшце ўсіх вар'ятаў утаймуе
I кіне іх навекі ў забыццё ...
* * *
Я ездзіў рэдка да бацькоўскай хаты,
Дзе сцены пахнуць мохам і смалой.
I больш за ўсё я горка вінаваты
Перад сваёй радзімаю малой.
Вось і клянуся полацкаму краю,
Дзе над Дзвіной крутыя берагі,
Што аж да скону вернасць захаваю
I песнямі аддам свае даўгі.
Ну а калі, быць можа, не паспею,
Віну не поўнай мераю сплачу,—
Туманам апушчуся на Асвею
I жаўрам да Расонаў прылячу.
Дачны вечар
Калі суцішаецца дзённая спёка,
На луг вечаровы кладзецца туман,
У вёсцы суседняй,
Далёка-далёка,
Забытую песню выводзіць баян.
Нябачныя конікі звонка стракочуць,
Пілуюць зялёны шаўковы сувой,
Нібыта мелодыю слухаць не хочуць,
Занятыя вечнай турботай сваёй.
Пад ветрам самотна ўздыхаюць рабіны,
Запознена клён завяршае імшу...
А з вокнаў расчыненых
Тэленавіны
Сусветным вар'яцтвам
Вярэдзяць душу.
* * *
Калі павуцінка злятае з рабін
I пахне былым дзераза,
Так хочацца добрае штосьці зрабіць
I мудрае штосьці сказаць.
Пражыўшы жыцця некароткага трэць,
Пара перастаць дурэць.
З гадамі трэба не толькі старэць.
З гадамі трэба мудрэць.