Ах, колькі ў духмяных, рыпучых вазах
Правезлі мы летаў і зім!
I мудрае іншым паспелі сказаць.
А трэба б —
Сабе самім.
* * *
Здавалася,
Што лязгатам метала
Зацюканае, хмарнае жыццё
Адкінула,
Змяло
I растаптала
Да каранёў бацькоўскіх пачуццё.
I можна жыць без голасу матулі,
Без блытанай суседскай гаманы,
Хаваючы ў шматвярховы вулей
Сакрэты,
Недарэчнасці
I сны.
Але яно пакліча,
Так, пакліча
Непераможнай цягаю зямной,
Лясной крынічкай
Ці старой каплічкай,
Ці курганком за вёскай пад сасной.
I набяжыць скупой слязой на вочы
На згубленай і знойдзенай вярсце —
I з каранёў загубленых аднойчы
Зялёнаю націнкай прарасце.
* * *
Якая яна гаючая —
У цёплых сонечных пырсках,
Якая яна пявучая —
У коніках і чмялях, —
Зялёная наша калыска,
Чароўная наша зямля!
Зямля не бывае бруднай —
Чорнай зямля бывае.
Зямля не бывае шэрай —
Пыльнай зямля бывае.
Зямля не бывае беднай —
Яна неўрадлівай бывае ...
Няўтульнай і непрыгожай
Зямля быць ніколі не можа.
Бруднай,
Шэрай
I беднай
Робіць яе чалавек.
* * *
Слава —
Марская вада,
Якой не прагоніш смагі
Ні конаўкаю з вядра,
Ні глыткамі з біклагі.
Хоць ёлкая соль пячэ,
Ды,
Злавіўшы струменьчык цёплы,
Просіць душа:
— Яшчэ!
Хоць кроплю,
Хаця б паўкроплі...
Не гасіць агонь вада.
Ад спёкі язык бялее.
А ў мора
Дна не відаць —
Святы,
Піры,
Юбілеі...
Колькі ні пі віно,
Колькі зорак сабе ні прывінчвай,
А вуснам усё адно
Трэба
Вады крыйічнай.
* * *
Наказ бацькоўскі я збярог
На Полаччыне і Палессі:
Не трэба мудраваць у лесе,
Шукаць нязведаных дарог.
Тут столькі ўжо людзей прайшло
I непрыкметных,
I вялікіх,
Што ў памяці лясной на ўліку
I камень кожны,
Iдупло.
Вядуць сцяжынкі
Да палян,
Да такавішчаў,
Да крыніцаў.
У лесе можна заблудзіцца,
Хіба што ўлезшы ў дурнап'ян.
Тут хтосьці да цябе хадзіў,
I след яго ляжыць гадамі...
Пакуль дарога пад нагамі,
Ты ў гэтым лесе не адзін.
* * *
Памяці Максіма Танка
Зноў пацямнеў наш родны небасхіл —
Упала зорка зыркая ў знямозе.
I сэрца, што ўжо больш не мела сіл,
Раптоўна спатыкнулася ў дарозе.
I выпала пяро з халодных рук.
I анямела белая папера...
Няўмольнасці бязлітасны павук
Закратаваў навек зямныя дзверы.
Жыццё пражыта.
У сівой траве
Згубілася паніклае калоссе...
Ды ўсё навокал дыхае, жыве.
Усё на гэтым свеце засталося.
Няма канца пракладзенай вярсце.
Яна вядзе ў прастор, як і ў пачатку...
I зорка, як бяссмертнае зярнятка,
На беларускай ніве прарасце.
* * *
Лес яшчэ не ўвесь павысякалі.
I каля наезджаных дарог
Грыбнікі гуляюць касякамі,
Топчучы сухі ссівелы мох.
Хай сабе набытак не шыкоўны —
Сыраежка,
Чашчавік,
Казляк...
Ды пад вечар будзе кошык поўны
I настрой —
Як прасвятлення знак.
Павядзе дамоў сцяжынка ў жыце,
Камары зазвоняць талакой.
I на сэрца зноў,
Што ні кажыце,
Сыйдуць ачышчэнне і спакой.
I так лёгка будзе скінуць змору
I не сумнявацца ні на міг,
Што сцяжынак,
Лесу
I прастору
Хопіць на зямлі яшчэ для ўсіх ...
* * *
Ліпеньскі малюнак незвычайны
Нечакана позірк мой спыніў —
Лётае разгубленая чайка
Над разлівам недаспелых ніў.