Хаця нашы душы хістала не раз
Пад сіверным ветрам разлукі,
Ды зноў сагравалі і зводзілі нас
Успаміны,
Дзеці
I ўнукі.
Зайздросныя людзі
Ці моташны час —
Хто больш разнімаў нашы рукі,
Не будзем спрачацца,
Бо ёсць яшчэ ў нас
Успаміны,
Дзеці
I ўнукі.
Хто скажа,
Які ў нашай згоды запас,
Наперадзе —
Шчасце ці мукі?
Але і паміраць, і выручаць нас
Успаміны,
Дзеці
I ўнукі.
* * *
Дзе ёсць парадак,
Там ёсць душа...
На цеснай падмеценай кухні
Жыве душа
На дне гладыша
I ў прыцьмелым вымытым кухлі,
У мяккім тканым палавіку,
У старой драўлянай сальніцы
I ў цёмным кутку,
Дзе ніяк павуку
Не даюць хоць на ноч пасяліцца...
Паўдзённае сонца,
Вячэрні спакой
За накрытым сталом дарэчы.
I ўсё пад рукой.
I жывуць талакой
Вясёлыя людзі і рэчы...
I не варта смяяцца з высокіх слоў:
У бядламе, смуродзе і брудзе,
Як пацверджана вопытам з даўніх часоў,
Не было душы і не будзе.
Купалле
Зноў запалалі зыркія кастры,
Зноў песні сустракаюцца ў бары
I ходзіць шчасце блізенька зусім.
I гэтак лёгка размінуцца з ім.
З былых вякоў у .новыя вякі
Плывуць, плывуць купальскія вянкі...
Як зоркі, іскры сыплюцца ў траву.
Як хмель, прызнанні кружаць галаву.
Касу калыша цёплая вада.
Для мілага нічога не шкада...
Ля кветкі — кветка.
Ля шчакі— шчака.
Цячэ, цячэ купальская рака...
* * *
Я прайшоў і праехаў столькі
З хлапчуковай вясёлай пары!
А ўсё клічуць тужліва сойкі
У цяністьш густым гушчары.
Там, дзе вечар туманны і ветлы,
Дзе ў сурэпцы круты касагор,
Мой дзяцінны куток запаветны,
Мой абстуканы дзятламі бор.
I ўсё вабіць здалеку лілея.
I стракозы ляцяць да лазы.
I лясная рака не мялее.
I не менее солі ў слязы...
I калі мяне ў вырай дачасны
Пазаве сцюжны вецер-скавыш,
Дзе знайду я такую вось яснасць
I такую славянскую ціш?...
У Міхайлаўскім
Яшчэ драмала слава маладая,
А ён быў неаглядна малады —
I толькі бомы з голасам Валдая
Сяброўскі ўздзіў прыносілі сюды.
Услед за ветрам бег ён летнім полем
I кідаўся ў разліў пахучых траў
I ўсім прысадам,
Сцежкам і таполям
Па-царску бессмяротнасць раздаваў.
Ён тут блукаў у гордым задуменні.
Ён тут чакаў каханкі тайны крок.
Нястомны грэшнік,
Кучаравы геній,
Насмешнік,
Задзірака
I прарок.
Усе грахі яму даўно адпушчаны
I дух ягоны ўзнесен на амбон...
Плыве,
Лунае над зямлёю Пушкіна
Усіх расійскіх храмаў перазвон.
* * *
Віктару Казько
Калі я разгадаў свой лёс,
Усім астаткам сіл
Я ўзняў далоні да нябёс
I знаку папрасіў.
Сабраўся ў мёртвай цішыні
У доўгі шлях адзін.
I з паднябеснай вышыні
Мне Бог сказаў:
"Ідзі!"
Мне секла ногі асака
I джгала крапіва,
I я шукаў хоць раўчука.
А Бог казаў:
"Трывай!"
Калі ж я ў прыдарожны пыл
Упаў зусім без сіл
I лоб разбіў аб камяні,
Бог мовіў:
"Адпачні".
А як я ўзняўся —
I ў вачах
Памроіўся Сезам,
Я запытаў, хто знойдзе шлях,
Бог адказаў:
"Ты сам".
Вясковая ідылія
Квецень асыпала вішня на росны гарод.
Певень заспаны ўзляцеў на паркан зухавата.
I над калодзежам рыпнуў стары калаўрот...
Гэта няспешна ступіла на вуліцу свята.
Зводдаль глядзяць вераб'і на памыты парог.
Ластаўка хоча бліжэй да акна прымасціцца.
Дыхае ў печы салодкі пшанічны пірог.
Пахнуць аерам пад ходнікам чыстым масніцы.