Дрэмлецца мірна на лаўцы рудому катку.
З-пад рушнікоў абразы узіраюцца строга.
Хата падмецена.
Венік прыткнуўся ў кутку.
Цёпла і ўтульна,
Нібыта за пазухай Бога.
* * *
Рыгору Барадуліну
Споведнаю пеністаю чашай
Вёсны нас з табой не абняслі.
Пройдзем мы не раз яшчэ па нашай
Полацкай рамонкавай зямлі.
Скоціцца з ушацкага пагорка
Ранішняя зорка не адна.
Голасам кулініным —
"Рыгорка!"
Клікне прыдарожная сасна.
Змыем заклапочанасць цяжкую
Халадком крынічнае вады.
I зязюля шчодра накукуе
Нам з табою многія гады...
Лёс яшчэ ў наш дом зямны, часовы
Не паклаў апошняга вянца.
I ў сцяжынкі нашай верасовай
Не відно пакуль яшчэ канца...
Паўдзённы прыпар
Ад лясной паляны недалёкай
Хваляю густою
Зноў і зноў
Прыплывае з ліпеньскаю спёкай
Водар медуніц і палыноў.
Каля сцежкі чмель азваўся сіпла,
Ледзь сябе ад кветкі адарваў.
Конікаў навокал як насыпана,
Аж звініць-варушыцца трава.
Стома закалыхвае імгненна,
Расцякаецца ва ўсе бакі
Цёплым духам маладога сена,
Лёгкім свежым ветрам ад ракі...
* * *
Даруй мне, Бог,
Мае грахі,
Што я нажыў на свеце:
Быў часта да цябе глухі,
Не ўсіх сяброў прывеціў.
Зайздросны быў.
I злосны быў.
Не дапамог суседу.
I чашу хмельную любіў
I шумную бяседу.
Ды ў рот начальству не глядзеў,
Не пеў чужыя модлы.
I ні ў каханні,
Ні ў бядзе
Не быў ніколі подлы.
Не абяцаў,
Як пустабрэх,
Завесці ў рай прыгожы...
За гэта
Хоць адзін мой грэх
Ты мне скасуй,
Мой Божа.
Баравічок
У лесе пахне едлаўцовым дымам.
Гарэзліва патрэсквае касцёр...
Стаіўся пад асінамі рудымі
Баравічок,
Што хоча збегчы ў бор.
Ён цёплы мох
У сне салодкім бачыць,
Да верасовай выспачкі прынік
І чуе,
Як непадалёк грыбачыць
Вясёлы і няўдачлівы грыбнік.
I ён такі ж —
Пужліва адзінокі.
Здаецца,
Сам бы выдраў карані
I выбег на прыглушаныя крокі:
Я тут!
Вазьмі мяне,
Не абміні!..
* * *
Васілю Зуёнку
Па даху грукне яблык уначы,
Падкрэсліць цішу і спакой вясковы.
I ты між небам і зямлёй —
Нічыі,
Як іншапланецянін выпадковы.
Табе пашанцавала неўпрыкмет
Забрацца ў пуню на сухое сена,
З падстрэшша зорку кінуць у сусвет
I засмяяцца,
I заснуць імгненна.
I абдымаць туманам сенажаць,
I ветрам пралятаць па-над палямі,
I ў неба рукі лёгкія ўзнімаць,
I чуць зямлю жывую пад нагамі.
I забывацца,
Хто ты ёсць і дзе,
I несці ў сэрцы ўздым і азарэнне ...
Пакуль зялёны яблык не ўпадзе
I вернецца зямное прыцягненне.
* * *
Збор дадому нядоўгі.
Справы пільныя — ўбок
I раскручвай дарогі-
Каляровы клубок.
Прывязу я дахаты,
Да бацькоўскай страхі
Не цяжкія дукаты,
А цяжкія грахі. .
Галаву маю східяць
Без густога віна
Слёзы шчасця сухія
I сляпая віна.
I найбольшым багаццем
(Лепш не знойдзеш нідзе) —
Быць у матчынай хаце,
Паміж родных людзей.
* * *
У запыленым тубыллі,
Дзе сляпні і камары,
Нешта вы мяне забылі,
Закадычныя сябры.
I не клічаце ў застоллі
Ці ў лясныя буданы,
I паўпуда нашай солі
Даядаеце адны.
Ну ды я і сам прыеду
У зялёным цягніку.
Прывязу здалёк суседу
Дарагога каньяку.