Нас развялі і пасады і звады,
Новыя песні і новая доля.
Можа, мы гэтаму сёння не рады,
Ды ўжо не вернеш былога застолля.
Пэўна, мы лаўраў і воплескаў варты —
Хай за спіною павага буркоча.
А не чутны болей смелыя жарты
I не гараць апантанасцю вочы.
Можа, мы сыдземся зноў, як калісьці,
На пагулянцы ці на юбілеі,
Песні прыпомнім
I рукі паціснем.
Толькі разбітыя чаркі не склеім...
* * *
Як пакліча ўсявышні
У сваю благадаць,
Я не буду залішне
На зямлі назаляць.
У святую дарогу,
Дзе і мытні нямаш,
Мне не трэба падоўгу
Пакаваць свой багаж.
У прыпар ці ў завею,
На ляту, на бягу
Даспяваць не паспею,
Дакрычаць не змагу.
Да свайго каравана,
Што п'е з Леты ваду,
Адплыву нечакана,
Неўпрыкмет адыду...
Асенняе
Чаго душа мая шчыміць,
Не ведаю:
Ці ад таго,
Што нецікава жыць,
Ці ад таго,
Што неба сёння бледнае
I ліст апошні за акном дрыжыць.
А, можа, ад таго,
Што шмат растрачана
I быльнягом счарнелым зарасло,
Што з памяці сплывае ўсмешка матчына
I жураўля спазнелага крыло.
Забылася, схавалася пад верасам
Сцяжынка ля бацькоўскага двара.
I многія сябры мае не вернуцца
З дарогі той,
Куды і мне пара.
Не грэе сонца.
Горбяцца за крушнямі
Замшэлыя, цяжкія валуны.
Буслы зляцелі з балацін асушаных
I ўжо назад не прыляцяць яны.
На хмаркі
Промні выцвілымі пасмамі
Кладуцца,
Каб сплываць за далягляд.
I толькі пазняцвет
Вачамі яснымі
Глядзіць,
Як і паўсотні год назад ...
Рабіна рабіна
Жартоўная легенда
Рабін рабы
Пайшоў у грыбы.
I пры кожнай удачы
Рэбе
Стужачку вешаў на дрэве:
На бярозе,
Сасонцы,
Асіне —
Чырвоную,
Белую,
Сінюю,
А там,
Дзе найбольшы знайшоў баравік,
Пачапіў зялёны каснік.
Пасля падышлі кабеты,
Угледзелі вэрхал гэты,
Хацелі парадак навесці,
Ды сталі ўтрапёна на ўзлессі:
Навокал быў лес —
Гэта ж трэба! —
Рабы і вясёлы,
Як рэбе,
Як рэбе,
Крыху хітраваты,
Прыбраны,
Як ёлка на святы.
Кабет здзівіла нямала —
Без стужкі рабіна стаяла
З галінамі
Гнуткімі,
Тонкімі,
З цяжкімі чырвонымі гронкамі...
Яе ,
Адзінокую,
Зграбную,
Яны і назвалі
Рабінаю рабіна.
Вятры развязалі стужкі.
Склявалі рабіну птушкі.
Гады ж не змянілі мянушкі —
Цвіце і цяпер на сугрэве
Рабіна рабога рэбе.
* * *
Мне часамі боязна бывае,
Калі чую на пачатку дня
Толькі грукат ранняга трамвая,
А вакол — глухая цішыня.
Быццам свет бяссонны,
Што спакою
Ні на міг спакон вякоў не меў,
Ад людзей даведаўся такое,
Што ў здзіўленні раптам анямеў.
I таму нячутна і нябачна
Наш бядламны двор кудысьці знік
I няма ўжо ні грызні сабачай,
Ні дзіцячай шумнай валтузні.
Быццам стала ўся зямля пустая...
Мне ж патрэбна гэткая зямля,
Каб была з садамі і кустамі,
З крыкам сойкі,
З клічам жураўля,
Каб гула дуброва векавая
I галёкаў вецер верхавы,
Каб я ведаў,
Што зямля — жывая,
Як і я —
Пакуль яшчэ —
Жывы.
* * *
Нічога вечнага няма.
На санках з палазамі
Зноў ад'язджае ў лес зіма;
А снег у цень спаўзае.
I вызваляюцца палі
З-пад тонкай коўдры белай.
Іх красавіцкі дождж паліў
I сонейка сагрэла.
* * *
Як і даўней,
Асвер
Вітае вечар гулкі.
Але вакол цяпер
Зусім не тыя гукі,