Да сцішаных акон
Даносяцца нязвыкла
То электрычкі звон,
То грукат матацыкла.
Запаланяе двор,
Задумлівы з маленства,
Гітары перабор,
Транзістара шаленства.
Плыве сівы туман,
Ахутвае абшары...
I месяц —
Як банан,
Закінуты за хмары...
* * *
...Я супакоена памру.
Ва ўсякім разе так хацеў бы —
Каб згледзець раннюю зару
I вуснамі крануцца неба,
Каб ціха ўзняцца ў вышыню,
Дзе прахалода — асалодай,
Дзе, можа быць, упершыню
Душа напоўніцца свабодай...
I пакідаю свой наказ:
Сябры мае,
I пасля смерці
Прышліце з голубам хоць раз
Зямную вестачку ў канверце.
* * *
Пад сухімі вербамі
Рэчка не цячэ.
Маладосць не вернецца,
Старасць не ўцячэ.
Ад кастроў нядрэмных —
Дым над галавой.
Сцежкі патаемныя
Зніклі пад травой.
Не знайсці ні зёлкаў,
Ні жывой вады,
Каб вярнуць далёкія
Юныя гады.
Выстылае сэрца
Прысак не пячэ.
Маладосць не вернецца,
Старасць не ўцячэ.
* * *
Кожны дзень гняце тупая стома,
Глушыць парыванняў гамана
I сціскае сэрца пакрыёма
Горкая апошняя віна.
Скончыцца жыццёвая дарога,
Згасне боль
I выветрыцца сум.
Каб вы толькі ведалі,
Як многа
Я туды з сабою панясу.
Колькі нерастрачанай пяшчоты
За пустымі жартамі хаваў,
Колькі песень адкладаў на потым
I сваёй зямлі не праспяваў!
Можа быць,
Усе мае дзівацтвы
Мае ўнукі сплоцяць за мяне.
Павініцца ж і паспавядацца
Так,
Як я б хацеў,
Не змогуць,
Не.
* * *
— Дзе новыя вершы? —
Пытаецца грозна чытач.
— Дзе новыя вехі? —
Пытаецца слёзна гісторык.
А ў шэрым тумане будзённасці —
Цёмна,
Хоць плач.
Ні дымнай паходні,
Ні прывідных праведных зорак.
Жыццё калываецца,
Быццам няўклюдны рыдван.
Знікаюць пахілых слупоў
Верставыя адзнакі.
На ўзбочыне справа —
Халодная ліпкая твань.
На ўзбочыне злева —
Кустоўяў былых патырчакі.
Насустрач плывуць,
Як чужыя няўцямныя сны,
То нізкія хаты,
То ў гронках цяжкіх арабіны.
I ў цэлым сусвеце
Спакойныя толькі
Адны
Усланыя лісцсм
Размолатыя каляіны...
Якія тут новыя вехі?
Навошта і дзе
Іх ставіць паспешна,
Каб досвіткам лёгка пазбыцца?
Якія тут вершы? ...
Каб толькі ў знясільнай хадзе
Не ўпасці аднойчы
I з гразкай дарогі не збіцца! ...
* * *
Я сяджу задумліва-мінорны
Вечарам асеннім пры акне.
Кажуць, што мінору болей нормы
Стала штосьці ў вершах у мяне.
Ну не ўмею я дзеля пракорму
Рыфмаваць салодзенькі мажор.
Ды і хто ўгадае тую норму,
Што і мне азначыў пракурор?
Зноў гляджу ў зажуранае неба,
Песню жураўліную лаўлю.
I ў душу маю плыве патрэба —
Адгукнуцца ціха жураўлю.
I паспагадаць людскому гору,
I схавацца ад будзённых спраў...
Вы ўжо мне даруйце,
Што мінору
Я звыш нормы сёння перабраў...
* * *
У начной бязладнай завірусе
Замяло сляды мае за мной.
Прыпыніўся я і азірнуўся
З горкаю трывогаю зямной.
На жыццёвых балыпаках падбіўся,
Ад густой пазёмкі пасівеў.
I, быць можа, так і не адбыўся,
Хоць ад Бога блаславенне меў.
Раны свае тайныя і страты
Не паспеў злічыць і прыглушыць.
Ці то лёс,
Ці сам я вінаваты,
Што баляць яны ў маёй душы.
Выплывае месячык двурогі.
Кропля неба стыне на шчацэ.
I стаю я пасярод дарогі
Са старою кульбаю ў руцэ.
* * *
Калі сэрца ў рэшце рэшт прыстане
I замгліцца месяц угары,
Што я вам скажу на развітанне,
Папрашу я вас аб чым,
Сябры?