Асаблiва шчыравала бабка Мар'я, старая ўжо, зусiм сiвая, бяззубая. Але i ёй хацелася трапiць у кiно, i яе ўсхваляваў успамiн - як гэта было тады, у тыя часы, каб яны век не вярнулiся.
- Зоська, Зоська, як цяпер помню, ты была ў каптане з жалезнымi гузiкамi, - напамiнала яна сваёй суседцы. - I чамайдан драўляны несла. У зялёны пакрашаны.
- Цетачка, дык жа той чамадан Мiцька забраў, як у тэхнiкум ехаў.
- А ты ў Iванiхi вазьмi. У той акурат такi чамайдан. А яна з клункам iшла, як цяпер помню...
Сама бабка Мар'я завязала i тую хустку, у якой хадзiла ў бежанцы, вялiкую, шэрую, у клеткi - i клунак сабрала акурат такой велiчынi, як быў той.
З бабкаю збiраўся iсцi "здымацца ў кiне" i яе ўнук трактарыст Косця. Яму цяпер было столькi гадоў, як у вайну яго бацьку, сыну бабкi Мар'i, якога забiлi немцы. I падобны ж быў Косця на бацьку - ну вылiты Вiця, бабчын сын.
Калi амаль усе жыхары вёскi выйшлi на тракт - з клункамi, з чамаданамi, з дзецьмi на вазах, - карцiна сапраўды атрымалася такой жа, як тады, у сорак першым. У бабкi Мар'i аж забалела сэрца. Успомнiлася ўсё да драбнiц, як было ў вайну. А ў гэты час артысты, апранутыя ў нямецкую форму, схапiлi яе ўнука Косцю i пацягнулi з дарогi ў лес.
I бабка Мар'я нема загаласiла, падалася за ўнукам. З вачэй яе палiлiся непадробныя слёзы. Яна не бачыла апарата, якi ў гэты час здымаў яе буйным планам.
Пасля спецыялiсты, якiя глядзелi гатовы фiльм, казалi, што артыстка вельмi добра сыграла эпiзод. Вельмi праўдзiва.
У Сiмферопальскiм аэрапорце
Пачатак верасня. Мяккае сонца. Пах крыху прывялых лiстоў i яблыкаў, кавуноў, вiнаграду, якiмi завалены тут усе ларочкi.
Амаль не сцiхае гул самалётаў - то далятае здалёк, то ўзрываецца, аж дрыжыць зямля, тут, каля будынку.
На лавачках - хто на сонцы, хто ў цянi - сядзяць пасажыры, чакаюць пасадкi на самалёты. Па дарожках i алеях праходзяць жанчыны ў лёгкiх сукенках, якiя адкрываюць iх загарэлыя рукi i плечы. Мужчыны ў тэнiсках i белых кашулях, i твары ў iх аж бурыя ад загару, абветраныя, прасоленыя марскiм ветрам. Чуецца смех. Гаворка. I людзi - то заклапочаныя, то вясёлыя, то задуменныя, то бесклапотныя - праходзяць перад табою, каб знiкнуць у кiпенi жыцця i больш нiколi, магчыма, табе не спаткацца.
Але вось мая ўвага спынiлася на трох. Па дарожцы да аэрадрома iшла жанчына - высокая, светлавалосая, у прыгожай стракатай сукенцы. У руках яна несла пакет з вiнаградам. Пакет быў зроблены не вельмi ўдала, i гронкi вiнаграду ледзь не вывальвалiся з яго. Жанчына папраўляла пакет, прытрымлiвала вiнаград рукамi, але на твары ў яе не было заклапочанасцi цi раздражнення, якiя часта бываюць у чалавека, калi яму нешта замiнае. Жанчына ўсмiхалася, i, здавалася, каб пакет раптам зусiм выслiзнуў у яе з рук i пляснуўся вобземлю, яна б толькi зарагатала.
Па баках у жанчыны iшло двое юнакоў. Адзiн, старэйшы, гадоў дваццацi трох, высокi, танклявы. Другi - крышку маладзейшы, шыракаплечы. Абодва хлопцы былi ў новенькiх, з iголачкi, касцюмах, у бялюткiх кашулях i абодва такiя сiмпатычныя. I адразу было вiдаць, што юнакi - браты, а жанчына - iх мацi, так усе яны былi падобны з твару.
У старэйшага ў руках быў невялiкi чамаданчык, у малодшага - сумка цераз плячо.
Да мяне даляталi словы размовы:
- Вось не паслухалася мяне той раз i намучылася, а цяпер - зноў, казаў малодшы, забягаючы наперад мацi. - Нiколi ты мяне не слухаешся!
- Ах, якi ў мяне грозны сын, - адказвала мацi, а голас яе смяяўся.
- Я ж казаў у сумку пакласцi... Давай сюды, - здымаў хлопец з пляча сумку.
Але мацi iшла наперад, не зважаючы на просьбу сына.
- А помнiш, як у вайну... - сказаў раптам старэйшы сын.
Што ўспомнiў хлопец, я не пачула, бо моцна загуў, узлятаючы, самалёт. Ды мо каб i пачула, не зразумела б, што прыгадалi яны. Мо ў iх успамiнах было такое, што зразумела i дорага толькi iм...
I ўсё ж гэтыя словы мяне ўскалыхнулi. Падумалася, як было гэтай жанчыне тады. Можа не раз прыходзiлася засланяць ёй сваiх дзяцей ад самалётаў з чорнымi крыжамi. Можа не раз, сама галодная, несла яна iм аднекуль на змуляных плячах мех бульбы цi круп. Дык хiба цяжка ёй цяпер несцi гэты пакет вiнаграду...
- Давай я вазьму, - прасiў цяпер старэйшы сын i працягваў руку, гатовы ўзяць тую ношу.
Але i старэйшаму сыну мацi не аддала пакета. Яна энергiчна iшла наперад, прыгожа ставячы стройныя ногi, прытрымлiваючы рукою гронкi вiнаграду, якiя маглi кожную хвiлiну вывалiцца ёй пад ногi. I па тым, як iшла яна - высокая, светлавалосая, гордая, як каралева, - было вiдаць, што яна шчаслiвая. Што ёй добра вось так iсцi i яе ноша ёй зусiм не замiнае.
1965 г.