Выбрать главу

Мікола. Калі надта высока, дык небясьпечна. Можна абарвацца й паляцець уніз.

Філімон. Ха-ха-ха! Паляцець уніз — кажаце. Вы гэта добра сказалі. Бывае, усяляк бывае, але незаўсёды і ня з кожным… Ну, дык можа пачнем, ці што? каб часу ня траціць.

Мікола. Я гатоў… Вось я ўзяў з сабой кніжачку. Напішам, перш-наперш, дыктоўку, каб я ведаў, колькі вы ўжо ўмееце.

Філімон. Добра. Але, але! Напішам дыктовачку! (Сядае пры стале, задам да балькону).

Мікола (глядзіць у кніжку, пасьля зачыняе яе і дыктуе з памяці). «Найвялікшая радасьць людзей і багоў была і будзе заўсёды любоў».

Філімон (паўтарае і піша). «Найвялікшая радасьць людзей і багоў была і будзе заўсёды любоў»… Добрая фраза… (да Любы). Чуеш, Любачка?

Люба. Чую, дзядзенька!

Філімон (піша)… «была і будзе заўсёды любоў»… (да Міколы). Любоў пішацца праз «ў» з хвосьцікам?

Мікола (праз гэты час, як Філімон піша, перамігіваецца з Любай. Люба ківае пальцам, даючы знак, што гэтую міміку можа заўважыць Філімон). Але, але! Любоў заўсёды. з хвосьцікам.

Філімон. Ужо. Напісаў. (Абярнуўся).

Мікола (адскочыў ад балькону, ходзіць па сцэне і дыктуе). «Ты і я ўдваіх станем сьмелай ступой змагаць гора-бяду, паніжэньне і блуд, жыць, любіць і цярпець, ненаглядка, з табой, за нявольны свой край, за свой змучаны люд»[2]. (У часе гэтай фразы таксама, як раней, мімічная ігра з Любай).

Філімон (піша). Зараз, зараз… ня так хутка, я не пасьпею… Як там было? «…жыць, любіць і цярпець?»…

Мікола. «Жыць, любіць і цярпець, ненаглядка, з табой…» (Падходзіць ціханька на балькон і раптам цалуе Любу).

Зьвініць званок.

Мікола (адскочыў ад Любы).

Філімон (крычыць). Марта! глухая, ці што? Адчыні! Нехта звоніць. (Схаваў сшыток пад стол і чакае).

Зьява 6

Мікола, Люба, Філімон і Марта.

Марта (праходзіць праз сцэну, ідзе адчыніць дзьверы, пасьля варочаецца з газэтай у руцэ і кладзе яе на стале перад Філімонам). ІІачтальён газэту прынёс. (Ідзе ў кухню).

Зьява 7

Філімон, Люба і Мікола

Філімон. Ага, газэта! Добра… (да Міколы). Зараз… устрымаемся крыху, я толькі перагледжу. (Разварочвае газэту і перабягае яе вачыма). Што гэта? Што?! Біяграфію маю абсьмяялі! Памфлет!.. Жулікі! (да Міколы). Дзе гэты ваш Скакун? Скажэце вы гэтаму свайму прыяцелю, што ён за гэтакія штукі да бяды даскачацца! Ну, хіба я ніколі ў жыцьці яго не спаткаю! Хіба ён пад зямлю ад мяне схаваецца! Хм! Падумайце толькі! Якое нахальства! Абсьмяялі! Маю аўтабіяграфію абсьмяялі!.. Маю аўтабіяграфію!.. Гэта-ж чорт ведае, што такое! (Ходзіць па сцэне). Фу! не магу супакоіцца. Вось гіцаль! А яшчэ ўзяў на «расходы»! Добра, што я яму так мала даў. Вось і Скакун! Каб ты ў пекла скочыў у гарачую смалу, скакун ты гэтакі!

Мікола. Дык можа я ў другі раз?.. Заўтра?…

Філімон. Не, не, пачакайце крыху, я зараз супакоюся. Вось дачытаю гэтую паганую газэту і зараз будзем пісаць далей дыктоўку… Гм! Абсьмяялі! Абдурылі! Ах, вы, гады! (гурчыць сабе нешта пад нос і чытае газэту).

У гэты час Люба цалуе кветку і кідае яе Міколе. Мікола таксама цалуе кветку і кідае яе Любачцы.

Філімон. Што?! што?!.. (крычыць). Правалілі! правалілі! правалілі!.. (газэта падае з яго рук на падлогу).

Люба (падбягае да Філімона). Каго, дзядзенька, правалілі?

Філімон. Мяне правалілі!.. А кілбасу маю елі, а гарэлку маю пілі, а правалілі!

Мікола (падтрымліваючы яго на крэсьле). Нічога, панок, сядзеце спакойна, не праваліцеся, я вас падтрымаю.

Філімон. Ідзеце к чорту! Непатрэбны мне вашыя дыктоўкі! непатрэбна мне вашая беларуская пісьменнасьць, калі ў міністры не папаў… Правалілі!

Мікола пасылае рукой пацалунак Любачцы і выходзіць.

Зьява 8

Філімон і Люба.

Філімон (сядзіць на крэсьле і што-раз цішэй мармыча): Правалілі… правалілі…

вернуться

2

Верш Я. Купалы.