Выбрать главу

Філімон (бяжыць за ім). Як сьмееш?.. у маім доме!.. вучыць мяне!.. бачыце яго!.. блазьнюк!..

Зьява 8

Філімон, Марта, Люба.

Марта (ўвайшоўшы, да Філімона). Ну, чаго ўстаў? Ляжаў-бы лепей!.. Трэба паспаць, а то усю ноч ня спаў… Ідзі, ідзі, Філімон, завяду ў спальню, ляж на ложка… (вядзе яго ў спальню).

Філімон (бязвольна). Вядзі, Марта, куды хочаш… Вядзі, ведзьма ты старая, вядзі… (ідуць разам).

Зьява 9

Люба (адна).

Люба (моўчкі прыглядалася да гэтай сцэны з блюзачкай у руцэ). Аднак бедны ён!.. Але мне трэба ўжо зьбірацца… Ен мае сваю Марту, яна застанецца пры ім, а я маю свайго Міколу —і шчасьце там мяне чакае… Трэба толькі напісаць Філімону пісьмо, бо гэтак, бяз ніводнага слова, пакідаць яго дом нязручна, ён-жа мне нічога благога не зрабіў. (Сядае пры стале і піша): «Дарагі дзядзя! Хаця Вы й ня дзядзя, але я ўжо так прывыкла. Бывайце здаровы і ня гневайцеся. Я сягоньня пакідаю ваш дом. Люба». (Пакідае пісьмо на стале. бяжыць на балькон і кліча): Міколка! чэмаданчык узяў?… Узяў?… Ну, добра, я зараз ужо йду, толькі апрануся. (Бяжыць у свой пакой, узяўшы з сабой сваю блюзачку).

Зьява 10

Марта, пасьля Люба.

Марта (ўваходзіць). Ну, палажыла яго, як дзіця, здаецца, што ўжо засьне… Ах, бяда мне была з ім здаровым, а яшчэ горшая з хворым.

Люба (ўваходзіць, апрануўшыся ў капялюш і пальто). Ну, бывай здарова, Марта! Дзякую табе за ўсё, за ўсё! (цалуюцца).

Марта. Ну, бывай здарова, Любачка! Хай вас Бог сьцеражэ! Любеце адно аднаго і будзьце шчасьлівы! (Праводзіць яе да дзьвярэй і багаславіць яе).

Люба выходзіць.

Зьява 11

Марта (адна).

Марта. Ах, моладасьць! моладасьць! Раз у жыцьці толькі бываеш і назад ужо не варочаешся. Ты маеш вялікія правы, бо навет тыя глупстны, якія робіш, выглядаюць як разумнае дзела, а ў старасьці глупства рабіць нягожа… Ну, трэба пайсьці ў кухню зварыць нешта, бо і ён, як прачхнецца. мусіць захоча есьці, дый я нічога яшча ня ела. (Ідзе ў кухню).

Здалёк ледзь-ледзь чутно галасы людзей, якія падыходзяць усё бліжэй ды бліжэй і пяюць:

Мы выйдзем шчыльнымі радамі На родны, вольны свой прастор, Хай воля вечна будзе з намі, А гвалту мы дамо адпор.
      Хай ажыве закамянелы       Наш беларускі родны дух.       Штандар наш бел-чырвона-белы       Пакрый сабой народны рух [3].

Зьява 12

Філімон (адзін).

Філімон (уваходзіць неспакойны). Любачка! Дзе Любачка? Любачка! (ходзіць па сцэне, ідзе на балькон, пасьля пабачыў на стале пісьмо Любы, чытае): «Дарагі дзядзя! Хаця Вы й ня дзядзя, але я ўжо так прывыкла. Бывайце здаровы і ня гневайцеся. Я сягоньня пакідаю ваш дом. Люба». (Гавора). Уцякла! Любачка ўцякла!.. А можа толькі пажартавала, можа схавалася? (Ідзе ў пакой Любы, пасьля варочаецца). Няма… няма!.. Няма пальта, няма капялюша, няма чэмаданчыка! Уцякла, Любачка уцякла!..

Праз гэты час пяяньне прыблізілася, песьню чуваць ужо выразьней:

Імя і сілу беларуса Няхай пачуе й бачыць той, Хто сьмее нам нясьці прымусы I першы выкліча на бой.
      На бой за славу і за волю       Народу беднага свайго,       Браты, цярпеўшыя даволі,       На бой мы ўсе да аднаго!
вернуться

3

Словы М. Косьцевіча, музыка Тэраўскага