Выбрать главу

Кукіш. Я п'ю.

Пупкін. Ах, сьмешны ты чалавек! Пайду, пагляджу, няўжо-ж я абмыліўся? (Ідзе да шафы). А! далібог! ёсьць! А я думаў, што воцат. Ну, тваё шчасьце. (Нясе бутэльку на стол). Толькі асьцярожна, каток, каб не пашкодзіла.

Кукіш. Гарэлка сэрца весяліць.

Пупкін. Весяліць, кажаш? Ну, дык і я папрабую. (Налівае чарку, выпівае, пасьля адрэзвае вялізны кусок кілбасы і закусвае). Ну, дык вось я табе дам гэты рукапіс, ты, калі што ня так, паравіш, пераложыш на беларускую мову і дасі ў газэту. Я табе скажу: гэта надта важна, гэта будзе мець вялізнае значэньне ў маёй палітычнай кар'еры. Трэба каб усе ведалі, ўсе чыталі…

Кукіш (праз гэты час наліў сабе цэлую шклянку гарэлкі, выпіў і закусіў, не шкадуючы кілбасы). Рукапіс я паправіць не магу, але прышлю табе знаёмага рэпортэра, Скакуна, ён табе ўсё наладзіць, а цяпер я піва хачу.

Пупкін. Піва? Скуль піва? У мяне няма.

Кукіш. Пазыч грошы, дык я пайду ў шынок.

Пупкін. Арцімоначка! Дык-жа я ня маю…

Кукіш (паглядзеўшы, што бутэлька ўжо пустая, пакідае яе на стале, забірае толькі ў кішэнь астаткі кілбасы). Ну, дык бывай здароў! (падаў Пупкіну руку й пайшоў).

Зьява 7

Пупкін (адзін).

Пупкін (доўга бяз слоў глядзіць яму ўсьлед, пасьля гавора). У? Напіўся мае крыві, крывапійца!.. Але нічога не парадзіш. Без пратэкцыі і без хабару навет міністрам ня зробішся.

(Пяе):

Міністрам ўжо хутка буду я — Тру-ля-ля, тру-ля-ля, тру-ля-ля!        Міністрам фінансаў хачу быць,        Бо грошы умею палічыць.
Шмат грошай ўжо маю я сваіх, І Бог дасьць мець буду болей іх.        А, маючы грошы, спэкульну,        Тысячку не адну зараблю.
Есьць смачна і смачна буду піць, З портфэлем пад пахай ўсьцяж хадзіць,        Шапачку нізеньк зьніме ўсяк        З пашанай, вось гэтак, вось так, так!                                               (жэст).
А Любачка скажа: мілы ён Мой дзядзя міністар, Філімон.        А Марту вон з хаты праганю,        Хай гвалтам ня лезе у радню.
І буду я «тоже» беларус, Бо маю на гэта шмат пакус.        Міністрам фінансаў буду я,        Тру-ля-ля, тру-ля-ля, тру-ля-ля!

(Гавора): Ну, а цяпер пагляджу, што робіць Любачка. (Глядзіць праз дзірачку ў дзьвярох). Распранаецца… Зьняла блюзачку! (Пауза). А вось зьнімае і… О, міленькая, бедненькая сіротанька!.. А вось і яшчэ…

Зьява 8

Пупкін і Марта.

Марта (ўваходзіць з кухні). Стары бясстыднік!

Пупкін. Што? Га? Хто? каго?… А!.. я вось бачу, Марта, што ўсюды завялося павучыньне, на дзьвярох павучыньне, — ўсюды!.. Ты, Марта, зусім ні аб чым ня дбаеш.

Марта. Дзьверы я ўчора сьціркай працірала. На вачох хіба ў цябе павучыньне.

Пупкін (грозна). Марта! Ты йзноў!?

Марта. Ну, добра!.. буду ўжо казаць «пан». Бачыш, якой фанабэрыі набраўся!

Пупкін. Марта! зразумей-жа ты ў канцы канцоў, што гэтак ня можа быць далей. Ты, чорт ведае, як са мной гаворыш, без ніякае пашаны! Я буду міністрм, тут будуць бываць розныя важныя фігуры, а ты ўсё: «Філімон ды Філімон, ты ды ты»!.. Дк ведай-жа, што, калі я цябе дагэтуль яшчэ не прагнаў, дык толькі з літасьці, бо мог-бы іншую кухарку знайсьці, каб хацеў.

Марта. Што?! з літасьці? Вось як! (Іронічна). Дык, значыцца, як першы раз тады ўночы ў кухню прыйшоў, дык можа таксама з літасьці?.. А што пасьля было?.. «Мартачка ды Маратчка!» — гэта таксама з літасьці?.. А калі прысягаў, што ажэнішся — гэта таксама з літасьці?.. (праз сьлёзы). О, бедная я, нешчасьлівая!.. (выцірае нос фартухом).

Пупкін. Ціха! ня пішчы! Не магу я жаніцца, бо даў сабе слова, што буду цяпер жыць, як манах

Марта. Як манах?… Я ведаю!.. А гэтую ціпачку — Любачку пашто з вёскі прывёз? Можа дзеля таго, каб манахам жыць? у манастыр ісьці?

Пупкін. Ты з глузду зьехала, ці што? Што гэта такое ўрэшце! Абрыдла ўжо мне усё гэта!.. Зьбірай свае манаткі і вон адгэтуль! Каб нагі тваей тут ня было! Чуеш! Зараз вон!