Выбрать главу

Адам Міцкевіч

Пан Тадэвуш, або Апошні наезд у Літве[1]

Задума напісаць «шляхецкую быліцу» у Адама Міцкевіча ўзнікла восенню 1831 года, калі адчайны пілігрым з Італіі напаў на Пазнаншчыну, дзе яго напаткала пякучая вестка пра разгром Лістападаўскага паўстання. Роспач ад няўдачы (паэт спяшаўся прыняць удзел у барацьбе з царызмам са зброяй у руках), расчараванне ва ўяўнай еднасці кіраўнікоў, надзея на новы рэвалюцыйны ўздым палякаў — усё гэта на пазнанскай зямлі, прырода якой балюча нагадвала родныя наваградскія абшары, абвастрыла ў Міцкевіча настальгічнае пачуццё, якое і прывяло да задумы напісаць гімн-успамін пра вольны край, дзе жыло хоць трохі шчасця: край маленства. Памяць пра яго чалавек носіць у сэрцы са святой пашанай, як пілігрым жменю бацькоўскай зямлі. Бо чужына не грэе.

Глыбокай восенню 1832 г. Міцкевіч вярнуўся да ранейшага намеру і ў лісце сябру Стафану Гарчыньскаму 12 студзеня 1833 года паведамляў з Парыжа: «Паволі пішу вясковую паэму». Далейшае развіццё задумы можна прасачыць па чарнавых аўтографах паэмы і пісьмах творцы. Напісаўшы 4-ю песню, паэт лічыў працу амаль завершанай. Праз паўгода вымушанага перапынку над працягам «Пана Тадэвуша», скончыўшы 5-ю песню, у лісце да А. Адынца, удакладняў: «Засталося яшчэ тры». Пазней, на думку аўтара, памер твора не павінен быў перавысіць 10 песень, і ў такім аб’ёме «Пана Тадэвуша» рэкламавалі парыжскія кніжныя каталогі. Урэшце, з аўтографу бачна, што кніга 11 мела падзагаловак «Кніга апошняя». Дакладны памер шэдэўра не ўяўляўся, пакуль 13 лютага 1834 года геній не паставіў кропку і з радаснай палёгкай ад здзейсненага не ўсклікнуў: «Песень вялікіх дванаццаць!». Мо так доўга вымалёўвалася гэта агромністае палатно славянскага тытана, што падчас яго напісання аўтару мроілася, быццам жыве ў каханай Літве.

Лёс першага беларускага перакладу паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш» (В. Дунін-Марцінкевіч) склаўся трагічна. Пачатковыя дзве «быліцы», што пабачылі свет у Вільні ў 1859 годзе, царская цэнзура канфіскавала і, па няпэўных звестках, увесь наклад выдання спаліла. Не менш трагічны лёс напаткаў і другі беларускі пераклад, здзейснены ў 1931–1932 гадах у лёхах польскіх турмаў вядомым беларускім грамадскім і палітычным дзеячам Браніславам Тарашкевічам (1892–1938), які ў выніку абмену палітвязнямі з верасня 1933-га жыў у СССР, дзе ў 1937 годзе зноўку быў арыштаваны і, як «агент панска-буржуазнай Польшчы», расстраляны. Вывезеныя ім з «белапольскіх» турэмных сутарэнняў пераклады «Іліяды» Гамера і «Пана Тадэвуша» А.Міцкевіча апынуліся ў нетрах падвалаў НКУС, адкуль здолеў выплыць толькі апошні рукапіс, каб праз паўстагоддзе стаць здабыткам кулыуры (Мінск, 1981; Ольштын, 1984). Таму калі чарговы (ужо пасляваенны) вязень сталінскіх лагероў Пятро Бітэль узяўся перакладаць шэдэўр сусветнай паэзіі, ён нічога не мог «падгледзець» у сваіх двух пакутных папярэднікаў. Магчыма, гадаванец Барунскай і Віленскай настаўніцкіх семінарый (1925–1931) і не заняўся б перакладам, калі б не малох сталінізму, які ў 1950 годзе кінуў настаўніка нямецкай мовы з Валожыншчыны за турэмныя краты, а потым у Сібір. Там, у лагерных умовах напрадвесні 1953-га хтосьці з нявольнікаў атрымаў з Варшавы на самым дне харчовай пасылкі том паэзіі вялікага генія. Ды лічаныя беларусы разумелі польскую мову, асабліва з маладых (у савецкія «папраўча-працоўныя» лагеры траплялі нават вучні старэйшых класаў). Як вялікая рака пачынаецца з крыштальна бруістай крынічкі, так і гэты пераклад паклікала да жыцця неаднаразовая просьба вязня-падлетка, які прагнуў паэтычнага слова ў тых нялюдскіх варунках. І вось для юнака Лёні Мазуры з Дзятлава пачаў «пераствараць» паэму П.Біталь. Першыя слухачы — зняволеныя беларусы, летувісы, ды «крэсовыя» палякі — натхнялі ў адзін голас: перакладай далей!.. Ніхто не дзяліў Міцкевіча на «свайго» ці «чужога». Так ад самага пачатку бітзлеўскі пераклад, як і сам твор, насычаўся духам інтэрнацыяналізму. Пераклад Пятра Бітэля паўстаў у 1953–1955 гадах паміж лесапавалам-будоўлямі Кемераўскай вобласці і меднымі руднікамі Джэзказгана (новабудоўлі тыя потым залічалі ў актыў маладым камсамольцам-добраахвотнікам). І мала каму цяпер вядома, што замест асадкі скарыстоўваўся самаробны «аловак» з алавянага дроту, выцягнутага патаемна з ізаляцыйнага кабелю. Што замест атласнага чорнага атраманту не адна тысяча звонкіх радкоў выводзілася зялёнкай, вынесенай пакрыёма з медсанчасці знаёмым санітарам. Што замест белых аркушаў паперы разразаліся запыленыя трохслойныя мяхі з-пад цэмента. І першы «ганарар» яму вызначылі канваіры: калі ўжо «Кніга другая» (менавіта з яе пачаў пераклад П. Бітэль) была скончаная і пайшлі сотні радкоў першай кнігі, яго пасля адбою залавілі за гэтым малазразумелым (і ад таго яшчэ больш небяспечным) заняткам. Кара — трое сутак карцару. Так знакаміты твор, перакладзены на нашу мову, увайшоў у кроў і плоць, знітаваўся з імем перакладчыка, які праробленую працу лічыў сваім найгалоўным творчым здабыткам. П.Бітэль прадэманстраваў бліскучае веданне беларускай і польскай моў, здзяйсняючы свой пераклад без адпаведных слоўнікаў пад рукой. Толькі пакутны пераклад каторае дзесяцігоддзе не мог пабачыць свет, і нарэшце гэты «лагерны помнік» у выглядзе выдатнага юбілейнага фаліянта выйшаў да 200-гадовага юбілею А. Міцкевіча.

вернуться

1

У часы Рэчы Паспалітай Польскай выкананне прысудаў бьыо вельмі цяжкім — у краіне, дзе выканаўчая ўлада амаль не мела пад сваім кіраўніцтвам ніякай паліцыі, а багатыя грамадзяне трымалі прыдворныя палкі, некаторыя нават, як князі Радзівілы, больш чым дзесяцітысячнае войска. Такім чынам, скаржнік, атрымаўшы дэкрэт, быў змушаны дзеля спагнання прысуду звяртацца да рыцарскага саслоўя, г. зн. да шляхты, якая мела таксама і выканаўчую ўладу. Узброеныя сваякі, сябры, суседзі ехалі з дэкрэтам у руках і ў суправаджэнні з возным дабывалі, часта не без крыві, прысуджаную скаржніку ўласнасць. Такая ўзброеная экзекуцыя дэкрэту называлася наездам. У даўнейшыя часы, пакуль шанавалі закон, найбагацейшыя паны не смелі супраціўляцца прысудам, напады здараліся рэдка, а гвалт амаль ніколі не заставаўся без кары. Вядомы з гісторыі сумны канец Васіля Сангушкі і Стадніцкага, празванага Д’яблам. Упадак грамадскіх звычаяў Рэчы Паспалітай стаў прычынай павелічэння колькасці наездаў, якія бесперапынна парушалі спакой Літвы. (Тут і далей заўвагі аўтара.)