Выбрать главу
А Мацек з Рэентам заўсёды сябравалі. Цяпер на Рэента стары так глянуў злосна, Што той спалохаўся, яму ўміг стала млосна, І ад няёмкасці руку ўзняў зашпіліцца. Дабрынскі ж толькі двойчы вымавіў: «Дурніца!» І так абурыўся за гэткае убранне, Што з-за стала падняўся і без развітання Сеў на каня крадком і выпхнуўся дахаты.
Тым часам Талімэна свой убор багаты І прыгажосць паказваць цешыцца з нагоды, Бо ўсё на ёй сягоння найсвяжэйшай моды. Ў якой была сукенцы, галаўным уборы, Дарма пісаць пяром, дарма ўсе абгаворы, Мо пэндзаль паказаў бы цюлі і птыфэні, Бландзіны, кашаміры, перлы і каменні, Ружовасць твару, вока ўзбліскі, броваў цені. Пазнаў яе і Граф, дык бледны ад знявагі, Ускочыў з-за стала, шукаў ля боку шпагі: «I гэта ты! — ускрыкнуў. — Ці тут злыя мары? Ты на маіх вачах ідзеш з другім у пары? Ілжывая, куды цябе нявернасць кліча? I не схаваеш зараз пад зямлю аблічча? Дык гэтак помніш тое, ў чым ты мне клялася? Пашто ж мне стужка гэта вось твая здалася? Бяда таму, хто так мяне зняважыў груба! Праз труп мой хіба пойдзе ён з табой да шлюба!»
Усталі госці, Рэент страшна ўсхваляваўся, Тут Падкаморы ворагаў змірыць стараўся. А Талімэна, Графа клікнуўшы ў старонку: «Яшчэ, — шапнула, — ён не ўзяў мяне за жонку. Калі ты пратэстуеш, дык у чым тут гора? Скажы мне толькі зараз проста, цвёрда, скора: Ці ўсё кахаеш, ці ў пачуццях не змяніўся І ці са мною зараз ты б тут ажаніўся, Сягоння, зараз? Хочаш, Рэента пакіну!» Граф адказаў: «I зразумей ты тут жанчыну! Ты гэткаю была ў пачуццях паэтычнай, А зараз сталася бясконца празаічнай. І што ў вас за жаніцьбы? Хіба дзеля мукі, Бо не кранаюць душ, а толькі вяжуць рукі. Павер, прызнанні ёсць без лішніх слоў, без ласкі І без абавязацельстваў ёсць абавязкі! Два сэрцы закаханыя на’т і здалёку З сабой вядуць размову, быццам зоркі ў змроку. Хто знае! Можа ад таго зямля ад сонца Імкнецца і так міла месяцу бясконца, Што бачаць век сябе, бягуць к сабе заўсёды, Ды збліжыцца з сабой няма у іх нагоды!» «Даволі гэтага, — спыніла, — не планета Я, з ласкі Божай, пане Графе, а кабета. Даволі плесці тут ні тое ані сёе. Прасцерагаю, піснеш слоўца хоць малое, Каб шлюб сарваць, дык так, як Бог святы мне мілы, Я скочу з кіпцюрамі ў твар і з цэлай сілы…» «Не буду, — Граф сказаў,— разбурваць шчасце пані». І сумны позірк адвярнуў без хвалявання. Пасля, как пакараць няверную каханку, Звярнуў сваю ўсю ўвагу на Падкамаранку.
А Войскі з думкай, што зайздроснікаў пагодзіць Разумным прыкладам, пачаў ізноў выводзіць Гісторыю Налібацкую з даўніх часаў Пра спрэчку Рэйтана і князя фон Дынасаў[67], Але, марожанае скончыўшы і воды, Усе на двор выходзяць дзеля ахалоды.
Канчаюць і сяляне. Мёд гарыць у шклянцы, Збан кружыць, але вось рыхтуюцца ўжо танцы. Тадэвуша шукаюць. Аж знайшлі нарэшце — Шаптаў ён штосьці, адышоўшы ўбок, нявесце:
«Хачу я, Зофія, пра нешта запыгацца, Я з дзядзькам гаварыў, не будзе ён спрачацца. Вось большасць вёсак, што маімі стацца маюць, Табе, паводле права, ў спадку прыпадаюць, Таму з’яўляюцца тваімі і сяляне. Не смею лёсу іх змяніць без згоды пані. А ў час, як зноў мы жыць у вольным краі сталі Ці ж хопіць, каб сяляне столькі скарысталі У тым, што пана на другога памянялі? Што праўда, і ранейшы пан быў к ім ласкавы, Ды невядома, як павернуцца ўсе справы, Вось я салдат, і мы смяротныя абое, Магу і не заўсёды згодным быць з сабою, Лепш будзе, калі я зракуся ўлады панскай І пад апеку права лёс аддам сялянскі. Мы вольныя, хай будуць вольнымі й сядяне, Аддайма ім зямлю на вечнае ўладанне, Бо за яе яны крывавай працай плацяць І цэлыя вякі ўсіх кормяць і багацяць. Але хачу напомніць: з земляў перадачай Даходы ў нас паменшацца, бо як жа йначай? Я змоладу прывык да сціплага даходу, Ты ж, Зофія, з высокага паходзіш роду І правяла ў сталіцы маладыя годы, Ці згодзішся застацца ў вёсцы назаўсёды Шляхцянкаю?»
Дык Зося сціпла адказала: «Жанчына я, аб гэтых справах знаю мала, Вы мужам будзеце, для рад я маладая, Што міла вам, таго й мая душа жадае. Калі, ім даўшы волю, будзеш і бяднейшым, То для душы маёй ты станеш даражэйшым. Пра род свой мала ведаю і мала дбаю, Была я сіратой бяздомнаю і знаю, Што я была ў Сапліцаў за дачку прынята І з ласкі іхняе вось ты мяне засватаў. Я вёскі не баюся, хай сабе і годы Жыла я ў горадзе даўней, але заўсёды Сяло любіла, і мілейшыя мне куры Былі заўжды, чым горад той чужы, пануры. Калі я па людзях, па гулях сумавала, Дык гэта ў час дзяцінства, а цяпер пазнала, Што ў горадзе сумую. Як была зімою У Вільні, дык ніяк не мела супакою I сярод гуляў думала пра Сапліцова. Тут мне знаёма ўсё, я молада, здарова, Умею і ключы насіць, і працы не баюся, Убачыш, як я гаспадарыць навучуся!» А ў час, як Зося словы тыя дамаўляла, З ёй побач стаў Гервазы, здзіўлены нямала: «Я чуў,— сказаў,— Суддзя казаў мне пра свабоду, Але не ведаю, нашто яна народу! Баюся, ці няма тут выдумкі нямецкай, Бо воля толькі нашай справай ёсць, шляхецкай! Хоць, праўда, ўсе мы род выводзім ад Адама, Я чуў, што мужыкі ўрадзіліся ад Хама, Габрэі ад Яфета, шляхта ўся ад Сіма, Таму вось і пануем мы над абаімі. Вядома, ксёндз іначай вучыць на амбоне… Ён кажа, што ў старым было вось так законе, Але калі Хрыстос, хоць з царскага быў роду, Радзіўся ў стайні сярод простага народу, Дык тым усіх зраўняў, прынёс любоў і згоду. Няхай і гэтак будзе, калі йнакш не можна! Тым больш, калі пачуў я, што з яснавяльможнай Маёю паняй Зофіяй прайшла нарада. Мне выпаўняць яе загад — пры ёй улада. Але засцярагаю, каб вы ім не далі Пустой свабоды, слоўнай, каб не прагадалі. Нябожчык Карп пусціў сваіх сялян на волю[68], А цар ім тройчы горшую прыдумаў долю. Я раджу, мужыкам, даўнейшым абычаем, Шляхоцтва даць і аб’явіць, што мы прымаем Іх к гербам. Частцы даць, напрыклад, Паўказіца, Другім сваю Ляліву хай дасць пан Сапліца. Тады Рамбайла мужыка прызнае роўньм, Калі той стане ўжо вяльможным і гярбоўным. А сейм пацвердзіць.
вернуться

67

Гісторыя спрэчкі Рэйтана з князем De Nassau, не даведзеная Войскім да канца, вядомая з падання. Для чытача зацікаўленага падаем яе заканчэнне: Рэйтан, усхваляваны самахвальствам князя De Nassau, стаў ля яго на вузкай сцяжыне; якраз вялізарны адзінец, раз’юшаны стралянінай і цкаваннем, імчаў на сцежку. Рэйтан вырывае ў князя з рук стрэльбу, сваю кідае на зямлю і, хапіўшы рагаціну, а другую падаючы немцу: «Зараз, — сказаў,— убачыш, хто лепш валодае пікай». Ужо кабан надбягаў, калі Войскі Грачэха, які стаяў воддаль, трапным стрэлам зваліў звера. Паны перш гаеваліся, а потым памірыліся і багата ўзнагародзілі Грачэху.

вернуться

68

Расійскі ўрад не прызнае іншых вольных людзей, апроч шляхты. Сяляне, вызваленыя ўладальнікам, зараз жа запісваюцца ў «сказкі» царскіх сталовых маёмасцяў і замест паншчыны змушаны плаціць яшчэ большы аброк. Вядома, што ў 1818 годзе грамадзяне Віленскай губерні прынялі на сейміку праект вызвалення ўсіх сялян і назначылі з гэтай мэтай дэлегацыю да цара, але ўрад загадаў праект скасаваць і ніколі больш пра яго не згадваць. Пад рускім урадам няма іншага спосабу даць чалавеку «вольную», як толькі запісаць яго ў сваю «фамілію». Шмат хто такім чынам атрымалі шляхецтва з ласкі ці за грошы.