Выбрать главу
Хай вас толькі не трывожыць, Што перадача земляў моцна вас зубожыць. Не дасць Бог, каб мазольныя я ўбачыў ручкі Маёй сучаснай пані, Стольніка унучкі. На гэта спосаб ёсць. Я знаю ў замку скрыню, У якой ляжыць Гарэшкавых сталоў начынне, Пры тым нашыйнікі, сыгнеты, бранзалеты І зброя дарагая — шаблі, пісталеты. Маёмасць добра захавана ад растраты, Вам, пані Зофія, належыць скарб багаты. Яго бярог, як вока, я — чаго таіцца? Ад маскалёў ды і ад вас, паны Сапліцы. Апроч таго я маю торбачку сваіх дукатаў, Сабраных мною з падарункаў і зарплаты. Я думаў, калі замак вернецца к нам зноўку, За гэты грош направіць мур і абмалёўку. Спатрэбіцца ён вам у гаспадарцы новай,
Дык к вам звярнуся, пан Сапліца, з прапановай: Дазвольце жыць пры вас, пад панінай аховай Гарэшкаў трэцяе ўжо нянчыць пакаленне. Як будзе ў пані сын, прывіць яму уменне Сцізорыкам валодаць. Войны надыходзяць, А ў час ваенны хлопчыкаў жанчыны родзяць».
Ледзь словы гэтыя сказаў стары Гервазы, Калі паважным крокам надышоў Пратазы, Схіліўся і дастаў з-за пазухі паперы. Там панегірык быў вялізарны без меры, Напісаны сяржантам з сённяшняй нагоды. Раней пісаў ён рыфмай у сталіцы оды, Пасля уздзеў мундзір ды ўсё быў белетрыстам. Вось Возны прачытаў радкоў ужо са трыста, А як дайшоў да месца: «Ты, якой прыгожасць Прыемны будзіць боль і мучыць страшна можа! Калі ты на Беллону звернеш твар цудоўны, Зламаюцца шчыты і пікі, безумоўна. Зваюй Гіменам Марса, з гідры злой нязгоды Рука твая гадзюк хай вырве назаўсёды!..» — Тадэвуш з Зофіяй у ладкі пляскаць сталі, Але, папраўдзе, не хацелі слухаць далей. Вось, стаўшы на стале, ксёндз голасам магутным Тадэвушаву волю аб’явіў прысутным.
Пачуўшы навіну так важную, сяляне Да паніча падбеглі, кінуліся к пані. «Няхай жывуць пан з паняю!» — крычалі ў згодзе. Тадэвуш крыкнуў: «Роўнасць хай жыве ў народзе!» Дамброўскі мовіў: «За народ падымем чашы!» Народ крычаў: «Жывуць хай камандзіры нашы! Хай армія жыве! Свабода! Люд наш просты!» І так ішлі чаргой віваты, крыкі, тосты.