Выбрать главу
Здаралася, ў Літву з манастыра чужога Манах з’яўляўся і, асмелены нямнога, Газету выпараў з-паміж сваіх шкаплераў, А ў ёй быў спісаны дакладна лік жаўнераў І камандзіраў прозвішчы, чыны і званні, І іх геройстваў або смерцяў апісанні. І першы раз за шмат гадоў сям’я пазнала, Што сына недзе смерць ці пахвала спаткала. Прымаў жалобу дом, не смеючы прызнацца, Па кім яна была, і толькі здагадацца Маглі суседзі. Толькі сум таёмны гэты Ці радасць панская служылі за газеты.
Ксёндз Робак гэтакім манахам быў, здаецца. Бывала, што ў пакоі ён з Суддзём запрэцца, Пра штосьці гутарыць, а потым і навіна Расходзіцца ў суседстве. Выгляд Бернардына Казаў, што не заўсёды быў ён служкам Божым І жыў не век за манастырскай агароджай. Над правым вухам меў ён, трохі вышай скроні, Кавалак скуры здзёрты ў шырыню далоні І след у барадзе ад стрэлу ці мо ўдару. — Не мог ля алтара ён так пашкодзіць твару. І не адны шрамы, зрок, голас забіяцкі, А кожны рух яго і голас быў салдацкі.
У час імшы, калі з паднятымі рукамі Звяртаўся да людзей, гаворачы «Пан з вамі», То часам павярнуўся гэткім спрытным рухам, Нібы яму «кругом!» скамандваў хто над вухам, І словы літургіі гэткім мовіў тонам, Як быццам не служыў, а кіраваў швадронам. Прыслужнікі заўсёды заўважалі гэта. І ў справах палітычных, што кіравалі светам, Больш Робак разбіраўся, чым у справах веры. У горад часта ездзіў, нейкія паперы Ці пісьмы атрымоўваў, ды ў чужых ніколі Тых пісьмаў не чытаў. І іншых спраў даволі Ў яго было: ён рассылаў ганцоў кудысьці І часта ў ноч ішоў для нейкае карысці, Паноў наведваў і са шляхтаю шаптаўся. Знаёмая была яму і бедната ўся, З сялянамі ў карчме любіў разгаварыцца І ўсё пра розныя падзеі за граніцай. Цяпер Суддзю, што спаў ужо каля гадзіны, Ішоў будзіць, меў, пэўне, важныя навіны.

Кніга другая. Замак

Змест: Паляванне з гончымі на асочанага. Госць у замку. Апошні з прыдворных расказвае гісторыю апошняга з Гарэшкаў. Позірк у сад. Дзяўчына ў агурках. Снеданне. Пецярбургскі анекдот пані Талімэны. Новы выбух спрэчкі за Кусага і Сокала. Інтэрвенцыя Робака. Прамова Войскага. Заклад. У грыбы!
Хто з нас юнацкіх год не помніць, як, бывала, Ішоў са стрэльбай полем, свішчучы удала, Калі ні плот, ні вал ніякі не спужае, Калі мяжа не спыніць нават і чужая. Бо у Літве стралок, як тое судна ў моры, Куды захоча, вольна ходзіць па прасторы. Ён, як прарок, глядзіць у неба, дзе ў аблоку Шмат знакаў для стралецкага адкрыта зроку, Або з зямлёй гаворыць, што для мешчаніна Глухая, а яму штось шэпча безупынна.
Вось драч на сенажаці рэзка адазваўся I, як шчупак у Нёмне, у траве схаваўся, А тут над галавою раззвінеўся песняй Званочак ранні — жаўранак, вястун прадвесняў. А там арол зашастаў крыллямі над пашай I, як цара камета, вераб’ёў настрашыў. А ястраб, узляцеўшы высака ў блакіты, Трапечацца, як шпількай матылёк прыбіты, I, зайца ўгледзеўшы ці птушку вострым зрокам, Нырне раптоўна долу, быццам зорка ў змроку.
Калі ж вярнуцца нам з вандроўкі Бог дазволіць, Каб жыць зноў мірна ўдому, працаваць на полі, У конніцы служыць, што зайцаў даганяе, Або ў пяхоце, што на птушкі стрэльбы мае, Не ведаць іншых, як каса і серп, рыштункаў, Другіх газет, апроч дамашніх разрахункаў?
Над Сапліцовам сонейка ўзышло і ўпала На стрэхі, шчылкамі ўглыб пуні завітала. І па зялёным, свежым і пахучым сене, З якога далятала моладзі храпенне, Паўзлі з мігценнем светлым залатыя смужкі З дзіры ў страсе і выглядалі, быццам стужкі. І вось казыча вусны спячых промень ранка, Як каласком дзяўчына, будзячы каханка. Вось вераб’і цвіркочуць, скачучы па стрэхах, Гусак загагаў тройчы, а за ім, як рэха, Увесь птушыны двор стаў адклікацца ў хоры, I статак зарыкаў, выходзячы з аборы.
Усталі ўсе. Тадэвуш сну прагнаць не можа, Бо найпазней заснуў. Збянтэжыў, растрывожыў Яго ўчарашні дзень, дык пеўні ўжо запелі, А ён не сплюшчыў вока і ў сваёй пасцелі Круціўся так, што ў сене ледзьве не ўтапіўся. Ён моцна спаў, ды вось ад ветру падхапіўся, Калі старыя дзверы заскрыпелі звонка І бернардын ксёндз Робак стаў ля застаронка. Ён крыкнуў: «Surge, puer!» — і жартліва ўзняты Паказваў пояс свой манаскі вузлаваты.