А на дзядзінцы гоман, крыкі, пераклічкі.
Стральцы выводзяць коней, пад’язджаюць брычкі,
Аж двор таго натоўпу агарнуць не ў сіле.
Вось граюць трубы, вось і псярні адчынілі.
Сабачы гурт вясёла скача і скавыча,
Убачыўшы ўкруг коней, зброю, паляўнічых.
Харты перш па дзядзінцы скачуць, як дурныя,
Пасля ў аброжкі самі падстаўляюць шыі.
Удачу варажылі гэткія прыкметы;
І ўсе за Падкаморым рушылі да мэты.
Перш егры ехалі адзін каля другога,
Але за брамай расцягнула іх дарога.
Асэсар з Рэентам трымаліся ўсё ж пары,
І хоць ім злосць крывіла час ад часу твары,
Вялі размову мірна, з гонарам, як людзі
Перад судом, дзе лёс іх вырашацца будзе.
З іх слоў не ўбачыш, як заўзятасці ў іх многа.
Асэсар вёў Сакола, а Рэент Кусога.
На брычках дамы ехалі ў канцы калоны,
А побач — моладзі натоўп вясёлы конны.
Ксёндз Робак па двары хадзіў павольным крокам,
Відаць, чытаў малітвы, але кідаў вокам
У бок Тадэвуша. З затоенай усмешкай
Даў знак. Тадэвуш да яго пад’ехаў спешна,
А ён ля носа пальцам пагражаць стаў строга.
І як Тадэвуш ні прасіў тады старога,
Каб той сказаў, што гэты знак пагрозы значыў,
Ды ксёндз шаптаў малітвы і не растлумачыў.
А як пайшоў, каптур націснуўшы на вочы,
Падцяў каня Тадэвуш і за браму скочыў.
А паляўнічыя якраз паход стрымалі
І нерухомай кавалькадаю стаялі.
Адзін другому знак маўчаць даваў рукамі,
І ўсе з цікаўнасцю глядзелі на той камень,
Дзе пан Суддзя стаяў. Ён звера ўжо убачыў
І жэстамі рукі загад здалёк тлумачыў.
Дык ясна ўсім: стаяць. Адны к яму паволі
Асэсар і пан Рэент трухаюць па полі.
Тадэвуш быў бліжэй, дык змог іх папярэдзіць;
Спыніўся ля Суддзі, каб перш за іх угледзець.
Даўно не быў на полі, на сівым прасторы
Не бачны заяц між каменняў у разоры.
Суддзя паказвае яго — шарак стуліўся,
Ля каменя ляжыць, з зямлёю шэрай зліўся,
Чырвоным вокам, у свой бок накіраваны,
Злавіў варожы зрок і, як зачараваны,
Са страху ад яго адняць не можа вока
І пад апокай мёртвы быў, нібы апока.
Тым часам поле курыцца ўсё бліжай, бліжай,
Ляціць на смычы Кусы, побач Сокал хіжы.
Тут Рэент і Асэсар «вычха!» ўраз раўнулі
I разам з гончымі ва ўзняты пыл нырнулі.
А ў час, як заяц быў прадметам інтарэсу,
З’явіўся раптам Граф ля замкавага лесу.
Уся акруга знала графава дзівацтва,
Што ён не мог нікуды на пару сабрацца.
Заспаў і сёння, дык вымову даў халопам,
Заўважыў паляўнічых і скакаў галопам.
Сурдут ангельскі белы свой суконны
На вецер расхінуў, а ззаду — слугі конна
У чорненькіх брыльках, аж лак на іх ільсніцца,
У ботах, куртачках і белых нагавіцах.
А слугі, што фарсяць у гэткай вось ліўрэі,
Завуцца ў графавым палацыку жакеі.
Скакала чвалам цераз поле чарада ўся,
Ды Граф заўважыў раптам замак і стрымаўся.
Ён першы раз тут быў уранні і не верыў,
Што гэта быў той самы мур, да гэткай меры
Адсвежыліся ранкам рысы пабудовы.
Здзівіў надзвычай Графа выгляд замка новы.
Вось вежа, што над ранняю імглой тырчэла,
Вышэйшаю здалася мо ўдвая; блішчэла
На блясе сонца — дах, як золатам, быў крыты,
Вясёлкамі цвілі кавалкі шыб пабітых.
Зямлю ахутала туману павалока
І скрыла шчыліны і выламы ад вока.
Далёкі гону крык, прынесены вятрамі,
Адбіўся некалькі разоў паміж мурамі;
Прысягу даў бы, што крык з замка, што ў тумане
Мур, аднавіўшыся, людскім стаў памяшканнем.
Любіў Граф захапляцца кожнай з’явай новай
І рамантычнай, як казаў. Ён рамансовай
Зваў галаву сваю, але на самай справе
Ён быў дзівак. Здаралася, што на аблаве
Раптоўна стане і ўгару глядзіць жалосна,
Як кот, калі заўважыць вераб’ёў на соснах.
Не раз без стрэльбы, без сабак блукаў у гаі,
Як дэзерцір, што бездарожжамі кульгае,
То пазіраў на хвалі нерухомым зрокам,
Як чапля, што ўсю рыбу зжорла б хцівым вокам
Такія дзіўныя былі ў яго звычаі.
Казалі ўсе, што Графу «трошкі не хапае»,
Аднак пашану меў, бо пан быў з прапрадзеда,
Багач, дабрак для мужыкоў, друг для еуседа
І на’т габрэя.