Графскі конь убок з дарогі
Праз поле пад замковыя пабег парогі.
Самотна уздыхнуў Граф, стоячы ля муру,
Дастаў паперу і пачаў чарціць фігуру.
Аж вось, зірнуўшы ўбок, за дваццаць, можа, крокаў
Заўважыў чалавека. Моўчкі адзінока
Стаяў ён, рукі ўсунуўшы ў кішэні,
Задраўшы галаву, нібы лічыў каменні.
Пазнаў яго пан Граф, ды, пэўне, са тры разы
Гукнуў, пакуль на кліч той адказаў Гервазы.
Быў гэта шляхціц, колішні слуга Гарэшкі,
Апошні з тых, якія тут тапталі сцежкі.
Стары быў рослы і сівы, твар меў здаровы,
Але маршчыністы, пануры і суровы.
Даўней са шляхтай весяліўся пастаянна,
Ды з дня, ў якім ягонага забілі пана,
Гервазы адмяніўся. Хоць гады ляцелі,
І Не быў больш на кірмашы, ані на вяселлі.
І з той пары ўжо больш не жартаваў ніколі,
Ніхто й яго усмешкі ўжо не бачыў болей.
Насіў Гарэшкаву ліўрэю беззаменна,
Хоць жоўты колер курткі захаваўся дрэнна,
Галун зжаўцеў і перастаў іскрыцца,
Ды ўсё ж віднеў яшчэ паўкозіц на пятліцах —
Гарэшкаў герб. Таму, не дзеля жарту злога,
Паўкозіцам празвалі шляхціца старога,
Таксама ад прымоўкі, што без перастанку
І Ён паўтараў, народ дражніў яго Мапанку
Ці Шчэрбам, бо на лысіне рубцоў меў многа
А зваўся ён Рамбайла, герба ж быў якога,
Не ведалі. Ён Ключнікам тытулаваўся,
Бо ключнікам спрадвеку ў замку заставаўся.
Дагэтуль пук ключоў ля боку, як калісьці,
Насіў на стужцы з кутасамі, хоць карысці
Цяпер з ключоў тых не было, бо дзверы замка
Даўно стаялі насцеж. Дык замкі і клямкі
Прыладзіў да дваіх дзвярэй сваім стараннем
І I штодня забаўляўся іхнім адмыканнем.
Знайшоў сабе прытулак у адным з пакояў,
Хоць мог у Графа жыць у поўным супакоі,
Ды ўсюды сумаваў і чуўся слабым, хворым,
Аж покуль не вяртаўся зноўку ў гэты хорам.
За шапку, Графа ўгледзеўшы, стары схапіўся
І сваяку паноў даўнейшых пакланіўся,
Схіліўшы лысіну бліскучую пад сонца,
Якое асвяціла ўміг рубцоў бясконца.
Падходзіў, гладзячы яе, яшчэ раз нізка
І Прыгнуўся і сказаў: «Мапанку, мой паніска!
Даруй, што так кажу, мой ясны Графе пане,
З прывычкі гавару, а не з неўшанавання.
„Мапанку“ прымаўляць Гарэшкі мелі моду,
Апошні Стольнік, пан мой, так казаў заўсёды.
Ці праўда, што, мапанку, сталі вы скупіцца
На суд і замак здумалі аддаць Сапліцам?
Не верыў я ды чутка гэта ходзіць вокал».
Тут, гледзячы на замак, уздыхнуў глыбока.
«А што ж тут, — Граф сказаў,— за дзіва? Кошт і нудна.
Хачу канчаць, ды мо сумысля так марудна
Вядзецца справа. Ведае стары: знуджуся,
Не вытрымаю доўга. Сёння ўжо здаюся,
Прыму умовы згоды так, як суд падкажа».
Гервазы ўскрыкнуў: «Згоды? Што пан гэта кажа?!
З Сапліцамі, мапанку, згода? — Тут скрывіўся,
Як быццам сам сваёй гаворцы задзівіўся. —
З Сапліцам згода! Што, мапанку, гэта хіба
Жарт! Замак, вечная Гарэшкава сяліба
Сапліцам пераходзіць! Хай пан толькі рачыць
З каня сысці. Няхай пан толькі сам убачыць!
Не знаеш, пан, што робіш! Не ўпірайся, пане,
Злазь, пан!» — І стрэмя ў рукі ўзяў для прытрымання.
Пайшлі у замак, сталі пры ўваходзе ў сені.
«Вось тут, — сказаў Гервазы, — ў пышным акружэнні
Паны у крэслы, паабедаўшы, сядалі.
Сялян мірыў тут пан, а часам дні бывалі,
Што ён расказваў нешта весела і складна
Ці слухаў жарты і аповесці спагадна.
А моладзь фехтавала на двары заўзята,
А не, дык аб’язджала маладых бахматаў».
Далей стары працягваў: «Вось пад тым скляпеннем
Няма ў паркеце залы гэтулькі каменняў,
Якую колькасць бочак він яна глынула.
На паясах іх шляхта з пограба цягнула,
Прыбыўшы к нам на імяніннае гулянне,
Або на сейм, на сеймік ці на паляванне.
А вунь на хорах там капэлія стаяла,
Яна ў арган і іншыя інструменты іграла[16].
Як мы ўзнімалі чары, трубы безупынна,
Як судным днём раўлі, а тосты гучна, чынна
Ішлі чаргой: найперш за караля, а далей
За прымаса, за каралеву выпівалі,
Пасля ў чэсць шляхты і ўсяе Рэч Паспалітай.
А там ужо, за пятай шклянкаю дапітай,
„Кахаймася“ пілі ўжо ўсе без затрымання,
І тост, пачаты ўдзень, канчаўся толькі зрання,
Калі запрэжак падрыхтованых багата
Чакала, каб адвезці кожнага дахаты».