Выбрать главу
Пайшлі далей. Гервазы моўчкі ў задуменні То зрок запыніць на сцяне, то на скляпенні: Яго ўспамінаў розных хваля агарнула, Здавалася, хацеў сказаць: «Усё мінула!» То галавой кіўне, а то махне рукою, Відаць, што згадкі не давалі супакою. Відаць, іх адганяў; аж крокі затрымалі Наверсе, у люстэркавай вялікай залі, Дзе ад люстэркаў засталіся толькі рамы, Без шыбаў вокны, галерэя супраць брамы. Схіліў стары тут голаў ад душэўнай мукі І твар далонямі прыкрыў, пасля зняў рукі, Ды боль і роспач засталіся на абліччы. Хоць Графу тут было ўсё цьмяным, таямнічым, Кранула ўсё ж яго старога хваляванне, Руку яму паціснуў, і тады маўчанне Парушыў той. Падняўшы ўверх руку-правіцу, Сказаў: «Няма, мапанку, згоды між Сапліцам І ўсёй Гарэшкавай крывёй! А пан жа крэўны, Па маці Лоўчыне, як знаеш сам, напэўна, Народжанай другою дочкай Кашталяна, Які быў, як вядома, дзядзькам майго пана. Паслухай пан гісторыю, што адбылася Ў тваёй сям’і, вось тут не ў вельмі даўнім часе.
Нябожчык Стольнік, пан мой, знатны пан, мой пане, Які ў павеце ў самай большай быў пашане, Дачку красы анёльскай меў, таму нямала Багатых панічоў рукі яе шукала. Між шляхтай славіўся тады задзіра знаны, Сапліца Яцак, Ваяводаю празваны, Бо ён сапраўды многа ў ваяводстве значыў: У ім правадыра ўвесь род Сапліцаў бачыў, Дык трыста галасоў трымаў ён сільнай воляй, А сам не меў нічога, проч кавалка поля Ды шаблі і вусоў даўгіх, як у нікога. Вось Стольнік заклікаў малойчыка ліхога І ў замку частаваў, бо выбараў парою Ён меў шмат галасоў з сябрамі і раднёю. Пасля таго так абнаглеў Вусач-Сапліца, Што ўздумаў у зяці да Стольніка ўкруціцца. Ужо няпрошаны у замку ён з’яўляўся, А потым, нібы ўдому, ў нас абсталяваўся. Ужо збіраўся сватаць, ды чакаць не сталі І чорнай поліўкай яго пачаставалі[17]. Як быццам Стальнічанцы ён упаў у вока, Ды ад бацькоў таіла пачуццё глыбока.
Было ўсё гэта пры Касцюшцы. Пан збіраўся За „Трэці май“ змагацца, з шляхтаю звязаўся І да канфедэратаў браць хацеў напрамак, Ды раптам уначы Маскаль напаў на замак. Ледзь быў час выпаліць з марціры на трывогу, Ход ніжні заваліць, і вось — прымай аблогу! У замку быў пан Стольнік, я, паненка, паня, Кухмайстар і два кухты, п’яныя дазвання, Ксёндз, лёкай, гайдукі чатыры — больш нікога. Мы з стрэльбамі — да вокнаў. Вораг ля парога „Ура!“ крычыць і рвецца сілаю вялікай. Мы ў дзесяць стрэльбаў пальнулі: а хто вас клікаў! Усё закрыла цемра. Слугі знізу білі, А з гэтай галерэі пан і я палілі. Ішло ўсё вельмі спраўна, хоць і у трывозе. Ляжала дваццаць стрэльбаў тут вось на падлозе, Мы выстралім з адной, другую нам падносяць — Ксяндзу заняцца гэтай справай давялося, Таксама пані і паненцы і дзяўчатам. Стралялі тут мы ўтрох няспынна і заўзята. А маскалі тым часам куль не шкадавалі, Мы зрэдку, але метка ім адказ давалі. Разы тры гэта хамства дзверы штурмавала, Ды з кожным разам трое ногі задзірала. Тады ўцяклі пад свіран, а ўжо быў і ранак. Пан Стольнік выйшаў радасны з ружжом на ганак І, як салдат які, матнуўся ў завуголлі, Ён стрэл даваў і не мыляўся аніколі — Кашкет за кожным разам у траву валіўся. Пасля таго ўжо ўвесь атрад да сцен туліўся. Убачыўшы, што вораг топчацца трывожна, І што яго ўручную выбіць будзе можна, Пан шаблю ўзяў і гучна слугам даў наказы; Звярнуўшыся ка мне, сказаў: „За мной, Гервазы!“ Тут бахнуў стрэл з-пад брамы. Стольнік заікнуўся, Пачырванеў, збялеў, крывёю папярхнуўся. Тады заўважыў я насупраць сэрца пляму, А пан з хістаннем паказаў рукой на браму. Пазнаў я зразу лотру! Я пазнаў Сапліцу Па росце і вусах! Ён толькі мог рашыцца На гэткі крок! Я бачыў! Стрэльбу ўверх узняўшы, Стаяў латруга. Дым яшчэ не быў апаўшы, Калі я ўзяў яго на цэль. Ён быў, як скамянелы. Я стрэліў аж два разы, і абодва стрэлы Не трапілі. Са злосці маху даў ці з жалю… Як глянуў — пан не жыў… наўкол лемантавалі».
вернуться

17

Чорная поліўка, паданая на стол хлопцу, які сватаўся, азначала адмову.