Выбрать главу
Пад плотам грады без кустоў, без дрэў і кветак — Гарод на агуркі займае ўвесь палетак. Прыгожа выраслі і лісцем лапушыстым Пакрылі плоіпчу, быццам дываном пушыстым. Сярэдзінай дзяўчына ў ранішнім адзенні Ішла, а зелень ёй сягала па калені. Сыходзячы ў барозны, быццам не ступала, А па лістах плыла і ледзь-ледзь іх кранала. На скронях пад брылём шырокім саламяным Дзве стужкі колерам ірдзеліся румяным У пасмах светлых валасоў яе дзявочых. Трымала кошык на руцэ. Спусціла вочы, Руку наставіла, як быццам для хапання, Нібы дзяўчо, калі ў купальні гнацца стане За рыбкаю свавольнай. Так уздоўж загонаў Згінаецца з кашолкай над гурком зялёным, Які кране нагою ці прыкмеціць вокам.
Пан Граф, які заўважыў з’яву ненарокам, Цішком стаяў. Жакеям, што ўслед над’язджалі, Рукой даў знак спыніцца, дык і тыя сталі. Ён шыю выцягнуў, глядзіць, як той дзюбаты На варце журавель, старанна тым заняты, Каб толькі не заснуць, як гурт адпачывае, І камень у падкурчанай назе трымае.
Ды вось пачуўся Графу шэлест каля скроні. Быў гэта Робак і трымаў ён у далоні Падняты ўверх манаскі пояс вузлаваты: «Гуркоў вам хочацца? Іх тутака багата! Не лезь у шкоду, пане, бо на гэтым полі Чужы ўраджай, тваім не быць яму ніколі!» I, пальцам строга паківаўшы, ўбок падаўся. Дык і пан Граф тут доўга ўжо не заставаўся. Хоць засмяяўся, ды не рад быў перашкодзе. Вярнуўся вокам у гарод, але ў гародзе Яе ўжо не было, і толькі у аконцы Мільгнула сукня, стужка ўспыхнула на сонцы На градах знаць, якой трымалася дарогі, Бо цёмны ліст, які кранулі яе ногі, Падняўся ўгору, задрыжаў і стаў на месца, Так, як вада, калі к ёй птушка дакранецца. І толькі, дзе стаяла, кошычак з ракіты Угору дном ляжаў, са сполаху забыты. Гуркі згубіўшы, ён на лісці затрымаўся І на зялёнай хвалі лёганька хістаўся.
Праз момант навакол было бязмоўна, глуха; На дом Граф пазіраў, напружваючы вуха, І думаў, а жакеі воддаль нерухома Стаялі. Раптам у глухім маўклівым доме Пачуўся шум і гоман, потым крык вясёлы, Як у вуллі, калі ў яго ўлятаюць пчолы: Быў гэта знак, што госці едуць з палявання І чэлядзь завіхаецца наконт снядання.
Ва ўсіх пакоях рух, бо слугі ў той хвіліне Стаўлялі ежу і бутэлькі, і начынне. Зялёных вопратак мужчыны не змянялі, А ў тым, у чым прыйшлі, закусваць пачыналі З талеркамі ў руках расходжвалі свабодна Ці, вушакі падпёршы, гутарылі згодна. Суддзя і Падкаморства ля стала, паненкі ж Шапталіся асобна воддаль каля сценкі. Не той быў лад, як пры вячэры ці абедзе, Такая мода за граніцай выйшла недзе. Суддзя, хоць звычаю таго не пахваляе, Ды рад не рад, яго аднак жа дазваляе.
Мужчын і дам асобнай частавалі ежай: Разносіць посуд пачалі для кавы свежай, Дык на падносах, хораша размаляваных, Дыміўся рад пахучых чайнікаў бляшаных, Стаялі пазалочаныя філіжанкі, А побач — дробныя гарнушкі для смятанкі. Няма такой, як наша, кавы ў іншым краі, Бо ў Польшчы, дзе жывуць старыя абычаі, Жанчына ў доме адмысловая бывае, Кавяркай званая. Яна і здабывае У горадзе або ў віціннікаў[18] зярняты І варыць так, як кажа вопыт ёй багаты, Каб кава моккай пахла, як бурштын ірдзела, Чарнела, як вуголь, і вязкасць мёду мела. Вядома, чым для кавы добрая смятана, На вёсцы ёсць яна. Кавярка, ўстаўшы рана, Паставіць чайнікі, ў малочную ступае І лёгка свежы белы цвет збанкоў згартае У дробненькі прыгожы посуд філігранны — Для кожнай філіжанкі свой вяршок смятанны.
Старэйшыя з жанчын пілі ўжо каву зранку, Цяпер другі напітак мелі пры сняданку, Напітак, на які ніхто не гляне крыва: Гарачае з вяршкамі, з свежым сырам піва.
А для мужчын ляжала розная вяндліна: Гусяціна, валовіна, язык, свініна Найлепшага гатунку, спосабам мясцовым Увэнджаная дбайна дымам ядлаўцовым. А на астатак зразы чэлядзь падавала. Дык вось як снедалі ў Суддзі ў той час, бывала.
вернуться

18

Віціны — гэта вялікія судны на Нёмане, якімі ліцвіны карыстаюцца для гандлю з прусамі, сплаўляючы збожжа і атрымоўваючы ўзамен каланіяльныя тавары.