У дзве святліцы побач разышліся госці.
Пры століку малым старыя ягамосці
Вялі бяседу перш аб справах гаспадарскіх,
А потым аб законах і указах царскіх.
Крануў пан Падкаморы і вайны пытанні,
І вывады свае рабіў і меркаванні.
Вайшчанка акуляры сінія ўзлажыла
І Падкаморысе на картах варажыла,
А моладзь абмяркоўваць стала паляванне.
Гуторылі спакойна ўсе, без хвалявання,
Бо Рэент і Асэсар, роўныя ў рыхтоўцы
Страляць і звера гнаць, вялікія прамоўцы,
Маркотныя былі, гпядзелі сумна, гнеўна.
Так добра пацкавалі, кожны з іх быў пэўны,
Што хорт ягоны тут здабудзе перамогу,
Ды шнур сялянскай ярыны закрыў дарогу:
Шарак нырнуў, і з ім харты з вачэй прапалі,
І вось загад Суддзі, каб мігам гон стрымалі,
Выконваць мусілі, хоць грызла злосць, трывога.
Вярнуліся сабакі, і ніхто нічога
Не ведае. ці звер уцёк, ці ў зубы трапіў
Абодвум, ці ў адну якую-небудзь ляпу.
Пра гэта розна тутка сёння гаварылі,
Але сапернікаў ізноў не памірылі.
А Войскі па пакоях сноўдаў адзінока
І пазіраў, нібы рассеяна, навокал.
Удзелу не прымаў ані ў адной бяседзе,
Відаць, што думкамі блукаў далёка недзе.
Насіў на мухі бітку; пастаіць без руху,
Падумае і біткай той прыстукне муху.
Тадэвуш з Талімэнай у свабоднай позе
Паміж пакоямі стаялі на парозе.
Таму што іх пачуць маглі ў абодвух залах,
Дык шэптам гаварылі. Вось яму сказала
Тут цётка Талімэна, што жыве заможна,
Прытым сказаць амаль з упэўненасцю можна,
Што блізкае радство іх між сабой не вяжа,
Ды мо радства ніхто наогул не дакажа,
Хоць дзядзька і заве яе сваёй сястрою —
Так іх бацькі зраднілі даўняю парою.
Пасля ж, калі яна ў сталіцы пражывала,
Паслуг Суддзі зрабіла розных там нямала,
Дык вось дзеля таго ён ганарыўся ёю
І зваў ахвотна пры людзях сваёй сястрою,
Чаго яна, па дружбе, не забараняла.
Тадэвуша ўсё гэта міла хвалявала.
Яшчэ багата спраў яны абгаварылі,
І здарылася гэта ўсё ў кароткай хвілі.
А побач, маючы на ўвазе Асасора,
Прамовіў Рэент: «Я казаў япічэ і ўчора,
Што ўдацца паляванне сёння ў нас не можа,
Яшчэ зарана, бо не ўсё пажата збожжа,
І мужыкі сваіх шнуроў не пакасілі,
І Графа ўсё няма, хоць мы і запрасілі.
А справы ж палявання Граф дакладна знае
І правілы заўсёды нам напамінае.
Ён за граніцай атрымоўваў выхаванне
І варварствам заве такое паляванне,
Калі палююць так, зусім без далягляду
I без увагі на закон і ўказы ўраду,
Калі не ў лік капцы чужыя ні граніцы,
І грунт чужы таптаць ніхто ў нас не баіцца.
Любой парой стралкі ў нас ходзяць полем, гаем,
Палююць на ліса тады, як ён ліняе,
Хоць бачаць, як харты рвуць котную зайчыху,
Ды мірацца са шкодніцтвам такім паціху.
Таму зусім не дзіва, што на нас Граф валіць
І кожны раз маскоўскія парадкі хваліць,
Бо там цара указы ёсць пра паляванні,
Паліцыі нагляд і розныя спагнанні».
Тут Талімэна слова мовіла дарэчы,
Хусцінкай абвяваючы свой твар і плечы:
«Клянуся мамай, — пачала, — у курсе справы
Пан Граф. Расію знаю я, парадак там цікавы.
Не верылі вы мне, як я не раз казала,
Якая строгасць там заўсёды панавала.
Не раз у Пецербургу быць мне давялося.
О мілы час! А колькі ж згадак засталося!
Цудоўны горад! Быў хто з вас мо ў гэтым месце?
Я маю ў бюрку план. А мо сюды прынесці?
Улетку пецярбургскі свет жыве на дачы,
Ў палацыках вясковых (дача — вёска, значыць).
Я над Нявой жыла ў палацы адзінока,
Не вельмі блізка ды не так, каб і далёка,
На ўзгорачку насыпаным, наколькі знаю.
Цудоўны домік! План яшчэ у бюрку маю.
Вось, на бяду, наняў якраз дом у суседстве
Чыноўнік нейкі дробны, што служыў у следстве.
Трымаў ён гончых. Ну і даўся ж ён мне ў знакі!
Бяда — чыноўнік дробны і яго сабакі!
Бывала, ледзь прайдуся з кніжкаю садочкам
На месяц глянуць ці падыхаць халадочкам,
Ураз бяжыць сабака і хвастом віляе.
А можа ён шалёны, хто яго там знае!
Спужалася не раз я. Сэрца падказала
Бяду мне ад сабак, вось так яно і стала.
Калі я з кніжкай выйшла ў сад аднога ранка,
Ля ног маіх майго загрыз хорт выхаванка —
Баноньчыка! Век буду помніць тую псінку!
Мне князь Сукін прыслаў яе дзеля ўспамінку —
Разумная і, як вавёрачка, жывая!
Яе партрэцік я і сёння ў бюрку маю.
Я, смерць яе пабачыўшы, у альтарац’і
Самлела, спазмы сталі, сэрца пальпітац’і.
Мо больш бяды здарэнне б тое натварыла,
Ды вось прыбыў з візітам на той час Кірыла
Гаўрылыч Казадусін, сам вялікі лоўчы.
Спытаў, як чуюся, — адказ не быў станоўчы.
Ён загадаў цягнуць чыноўніка за вушы.
Той пабялеў, увесь дрыжыць, ды слухаць змушан.
„Як смееш ты, наглец, — крычыць Кірыл грымотна, —
Пад царскім носам здзеквацца над ланню котнай?“
Дарма чыноўнік аслупелы заклінаўся,
Што паляваць зусім яшчэ і не збіраўся,
Што, з іхняй светласці ласкавым пазваленнем,
Сабачкам быў той звер, а не аленем…
„Ах ты, прахвост, — крычыць Кірыла, — як ты смееш
Сцвярджаць, што лепей паляванне разумееш,
Чым я сам, Казадусін, царскі егермайстар?
Няхай жа нас рассудзіць зараз паліцмайстар!“
Тут клічуць паліцмайстра, следства пачынаюць.
„Я, — кажа Казадусін, — гэтым вось сцвярджаю,
Што гэта лань, а ён: сабачка, кажа, пане!
Скажы, хто знае лепш звяроў і паляванне!“
А паліцмайстар знаць парадак справы змушан —
Здзівіўся вельмі той зухваласцю чынушы,
Набок яго адвёў і стаў, як брату, радзіць
Прызнацца да віны і гэтым грэх загладзіць.
Змякчэлы лоўчы абяцаў, што ён прадставіць
Цару ўсю справу, дык і суд мо кару збавіць.
У выніку вяроўкі гончым прысудзілі,
А пана іх аж на два тыдні пасадзілі.
Пасля таго было нам на ўвесь вечар смеху,
Бо хтосьці анекдот прыдумаў на пацеху
Аб тым, як лоўчы за сабачку заступаўся.
І ведаю напэўна, што й сам цар смяяўся».