Абапал смех паўстаў. У той час з Бернардынам
Суддзя граў у мар’яш. Ксёндз, страціўшы ўсе віна,
Ужо ледзь дыхаў, і Суддзя канчаць збіраўся,
Але даслухваннем аповесці заняўся
Настолькі, што, угору галаву задраўшы
І карту для біцця ў руцэ прырыхтаваўшы,
Сядзеў без руху і ксяндза трывожыў гэтым.
Пачуўшы заканчэнне, ход зрабіў валетам
I, смяючыся, так сказаў: «Няхай хто хоча
Ці немцаў хваліць, ці з Масквой нам лезе ў вочы,
Няхай Велькапаляны вучацца ад Швабаў
Судзіцца за лісу, казённых клікаць драбаў,
Каб гончага чужога захапіць у гаі.
У нас старыя, Богу дзякаваць, звычаі,
Халае нам звярыны, хопіць для суседства,
За справы гэткія мы не праводзім следства.
І збожжа ў нас даволі, не агаладаем,
Калі сабакі полем прабягуць ці гаем,
А ніў сялянскіх нельга нішчыць паляваннем».
Тут адазваўся Аканом: «Маспане,
Не трэба патураць вясковаму народу,
Бо мужыкі і рады, як да іх у шкоду
Ускочыць хорт. Хай дзесяць каласочкаў жыта
Саб’е, то пан капу даеш, і то не квіта,
Ці раз яны ў прыдатак талер атрымалі.
Павер мне, пан, што абнаглеюць, калі далей…»
Але далейшых разважанняў Аканома
Не мог Суддзя пачуць, бо тут падняўся гоман,
Абапал пачалося гутарак з дзесятак,
Апавяданняў, жартаў, спрэчак на астатак.
Тадэвуш з дамаю, забытыя усімі,
Сябе ўсё ж помнілі. Гаворка зноў між імі
Пайшла. Тадэвушу жарт пані спадабаўся,
Дык ён ёй кампліменты выказаць стараўся.
Тьм часам Талімэна голас суцішала,
А ён, нібы таму, што так шумела зала,
Не мог пачуць, дык прыхінуўся бліжай тварам,
І скронь жанчыны любым палыхнула жарам.
Ен прагна вуснамі лавіў суседчына ўздыханне
І вокам ясных воч яе праменяванне.
І вось мільгнула ім між вуснамі знянацку
Перш муха, а за ёю скураная «цацка».
У Літве даволі мух. Вядуцца між другімі
Такія, што шляхоцкіх атрымалі імя.
Па колеру і форме быццам тая ж муха,
Аднак шырэйшая за іншых, з большым брухам,
Лятаючы, гудзе дакучліва і звонка,
Такой не спыніць павучыная пляцёнка,
А ў сетку ўблытаная, тры дні будзе рвацца,
Ёй сіл хапае нават з павуком змагацца.
Праверыў гэта Войскі і даўно даводзіў,
Што з гэтых мух звычайны дробны род паходзіў,
Што мухі гэтыя — нібы для рою маткі,
Што з іхнім вынішчэннем згінуць мух астаткі.
І хоць ні ахмістрыня, ані ксёндз вясковы
Не вельмі верылі ў той вывад навуковы
І думалі па-свойму аб мушыным родзе,
Стары знішчаў іх пільна пры любой нагодзе —
Ледзь муху ўбачыў гэткую, забіць стараўся.
І вось яму над вухам «шляхціц» той азваўся.
Два разы Войскі пляснуў, але не пацэліў,
Махнуў яшчэ, аж шыбы ледзь не паляцелі.
Ад стукату такога муха у трывозе,
Убачыўшы людзей, што сталі на парозе,
Рашыла хутка прашмыгнуць паміж іх твараў,
І тут жа Войскі біткаю па ёй ударыў.
Так моцна пляснуў, што адскочылі галовы,
Як быццам дрэва гром разбіў на дзве паловы;
Абое з сілаю аб вушакі даліся,
Што сінякі пасля таго ў іх засталіся.