Выбрать главу
На шчасце, не зважаў ніхто, бо ў гэтым часе, Пасля спакойнай, хоць і шумнай, пачалася Гаворка бурная, аж перайшла у крыкі. Так гоніць лесам ліса гурт стральцоў вялікі: Чуваць трэск лому, стрэлы, рэдкі брэх сабачы, Аж раптам нехта нечакана дзіка ўбачыў, Даў знак, і гул падняўся ў паляўнічай гушчы, Як быццам загудзелі дрэвы ва ўсёй пушчы, — Так з гутаркай бывае — роўненька пляцецца, Пакуль, як на дзіка, на нешта не наткнецца. Тут дзікам гутаркі працяг быў спрэчкі ўпартай, Ці хорт Асэсараў, ці Рэентаў больш варты. Усё трывала толькі міг, ды ў той кароткай хвілі Адзін другому гэткіхслоў нагаварылі, Што вычарпалі раптам спрэчкі ўсе тры часці: Насмешкі, гнеў, абразу — толькі рукі ўскласці.
Шугнулі ўсе да іх з суседняга пакоя, Не тоўпячыся ў дзверы, бурнаю ракою, І пару маладых, падобную да Бога, Да Януса двухтварага, змялі з парога.
Тадэвуш з Талімэнай ледзь свае прычоскі Паправілі, як сціх той крык і гоман порсткі, І толькі смех і шматгалосы шум застаўся. Зноў мір настаў, бо ў сварку Робак умяшаўся: Хоць пажылы, ён быў прысадзісты, плячысты, Дык вось, калі падбег Асэсар да юрыста, Калі абодва ўжо махалі кулакамі, Схапіў іх каўняры абедзвюма рукамі І двойчы моцна стукнуў іхнія галовы, Як яйкі на вялікдзень, потым, без размовы, Раскінуў хутка рукі ўбок дарожным знакам І ў два куты пакоя кінуў забіякаў. Праз момант так стаяў з прасцёртымі рукамі I «Pax, — казаў ім, — Pax vobiskum, мір між вамі!»
Хоць гэта ім было не вельмі да спадобы, Але, з пашаны да духоўнае асобы, Ўсё ж засмяяліся. Пасля ж такое спробы Больш не пасмелі пры манаху задзірацца. А той, убачыўшы, што гнеў пачаў сцішацца, Трыумфу не шукаў у тым, што здзейсніў міры, Больш слова не сказаў ніводнаму задзіры, Каптур паправіў, рукі залажыў за пояс І моўчкі выйшаў.
А тым часам у пакоі Суддзя і Падкаморы між двума бакамі Стаялі. Войскі выступіў, развёў рукамі, Ен раптам, быццам разагнаў сваю дрымоту, Паправіў вус сівы і абцягнуў капоту, А вока ўсіх прысутных мігам ахапіла. І дзе яшчэ быў шум, ён, быццам ксёндз крапілам Сцішаючы, памахваў біткай скураною, Пасля, падняўшы тронкі па-над галавою, Нібы жазло маршалка, аб’явіў маўчанне:
«Суцішцеся, — казаў,— трэ’ж мець апанаванне. Вы, паляўнічыя найлепшыя ў павеце, Нязгоды вашай прыклад майце на прыкмеце! Надзея краю, наша моладзь дарагая, Што ўжо і так пра славу пушч не вельмі дбае, Калі ў яе і зараз лоўля не ў пашане, Пасля зусім закінуць можа паляванне, Убачыўшы, замест братэрскае нарады, Адны нязгоды пасля лоўлі, спрэчкі, звады. Дык слухайце мяне, старога: не палічыш, Якіх і дзе, і колькі знаў я паляўнічых. Я шмат разоў судом судзіў іх палюбоўным. Ну хто ў лясах літоўскіх Рэйтану быў роўным Ці то зрабіць аблаву, ці сустрэцца з зверам? З Белапятровічам каго мы зараз змерым? Хто гэтак, як страляў Жагота, можа стрэліць, Што ў зайца на бягу мог з пісталета ўцэліць? Бывала, Тараевіч, ідучы на дзікаў, Не браў з сабою іншай зброі, апроч пікаў. Будрэвіч браўся ўпол і з медзвядзём, бывала. Дык вось якіх герояў наша пушча знала! А паспрачаўшыся, як справу разбіралі? Ды суддзяў набіралі і заклад стаўлялі. Агінскі за ваўка прайграў валок сто лесу, Тры вёскі Несялоўскаму барсук звёў к бесу. І вам жа можна весці справу даўнім ладам, І спрэчку меншым, хай сабе, рашыць закладам. Гаворка — вецер, ёй канца на век не будзе, А дзеля зайца языка не варта трудзіць, Дык выбірайце зараз палюбоўных суддзяў, І іх рашэнне хай для вас законным будзе. Я папрашу Суддзю, каб ён дазволіў еграм Закончыць гон, каб на’т звярына ў збожжа ўбегла, І ласку гэту атрымаць я спадзяюся». Сказаўшы гэта, да кален Суддзі нагнуўся. «Каня! — ускрыкнуў Рэент, — я каня са збруяй Стаўляю і абавязацельства бяру я Суддзі ў salarium аддаць пярсцёнак гэты!» «А я, — сказаў Асэсар, — здам для той жа мэты Аброжку з яшчура — цудоўная работа! Шаўковы павадочак, колцаў пазалота, Каштоўны камень — ззяе ўсё здалёк і свеціць. Калісьці ў спадчыну мо атрымалі б дзеці, Каб ажаніўся. Даў яе мне, каб вы зналі, Князь Домінік[19], калі мы раз з ім палявалі Ды з Маршалам Сангушкам і з тым генералам Меенам[20]. Што мая там псярня вытварала, Паверыць трудна. Вось была, скажу вам, штука: Аж шэсць зайцоў мая злавіла запар сука! А гэта адбылося на Купіскім полі. Князь Радзівіл не бачыў гэткага ніколі, З каня сышоў, абняў маю харціху Каню І тройчы ў лоб пацалаваў на знак прызнання, А потым, тройчы пляснуўшы рукой па пысцы, Сказаў: „Дык будзь цяпер княгіняю Купіскай“. Вось так Напалеон сваім маршалам многім Даў тытулы князёў ад месцаў перамогі».
вернуться

19

Князь Дамінік Радзівіл, вялікі ахвотнік да палявання, эміграваў у Княства Варшаўскае і за ўласны кошт паставіў полк кавалерыі, якім камандаваў. Памёр у Францыі. На ім згасла мужчынская лінія князёў з Алыкі і Нясвіжа, найбольшых магнатаў у Польшчы і, пэўне, у Еўропе.

вернуться

20

Меен праславіўся ў нацыянальным паўстанні ў часы Касцюшкі. Дагэтуль паказваюць пад Вільняй Меенаўскія акопы.