Выбрать главу
Абрыдла Талімэне гутарка ўся скора, Хацела ў лес пайсці, падшуквала партнёра. Зняла з калочка кошык. «Вам, панове, мусіць, І дома добра, я дык на рыжкі прайдуся, Прашу са мной, хто ласкаў», — ветліва сказала І шаль чырвоны з кашаміру завязала. Руку падкамаранцы падала, другою Фальбоны прыўзняла, перш чым ступіць нагою. Тадэвуш у грыбы за ёй падаўся следам. Суддзя быў рад праходцы той перад абедам, У ёй ён бачыў спосаб на сцішэнне крыкаў. «Прашу у лес, панове! — весела заклікаў, — Хто сёння з вас рыжка найлепшага дабудзе, З найпрыгажэйшай побач той абедаць будзе Сам выбярэ яе. А калі знойдзе дама, Найпрыгажэйшага хай выбера таксама!»

Кніга трэцяя. Заляцанні

Змест: Графаў паход у сад. Таямнічая німфа пасе гусей. Падабенства грыбнікоў да элізейскіх ценяў. Гатункі грыбоў. Талімэна ў Святыні дум. Нарада ў справе Тадэвута. Граф — пейзажыст. Мастацкія заўвагі Тадэвуша пра дрэвы і хмары. Графавы думкі наконт мастацтва. Звон. Білецік. Мядзведзь, маспане!
Вярнуўся Граф, але прытрымваў верхавога
І на гарод глядзеў. Там не было нікога, Ды вось яму здалося, быццам у акенцы Ізноў мільгнула штосьці ў беленькай сукенцы, І нешта лёгкае зляцела ў зеляніну I, прашмыгнуўшы цераз грады, праз хвіліну Паміж зялёнымі свяцілася гуркамі, Як свеціць промень сонца, трапіўшы часамі, З-за хмар на крэмень палявы ў заранай скібе Ці ззяе між травы ў вады маленькай шыбе.
Граф злез з каня, адправіў слуг, што сталі ззаду, А сам пачаў крадком скіроўвацца ў бок саду. Знайшоў дзіру ў паркане і не без напору Праціснуўся ў гарод, як воўк які ў абору. Няшчасцем закрануў куст агрэсту сухога. Гароднічка спужалася, і хоць нічога Вакол сябе не ўбачыла, ды ў момант вока Ускочыла і апынулася далёка. А Граф між шчаўя конскага, паміж павою Праз лапушыную густэчу поўз травою, Скакаў, як жаба, і, падкраўшыся ўжо блізка, Заўважыў від цудоўны ў ясных сонца бліках.
Раслі ў той палавіне саду вішні зрэдку, А паміж імі мешанка на ўсім палетку: Пшаніца, кукуруза, боб, ячмень вусаты, Гарошак, проса, кветкі, рад кустоў пукатых Гародчык гэты зрыхтавала ахмістрыня, Калісьці слаўная ў акрузе гаспадыня, Какошніцкая, з дому Ендыкавічанка, Для свойскіх птушак. Гэта вось дзялянка — Адкрыцце цэлае. Той спосаб беззаганны Спярша быў толькі ёй самою скарыстаны І найбліжэйшымі сяброўкамі ў сакрэце, Аж покуль каляндар не раструбіў па свеце Пра «Спосаб супроць шулякоў, або Сакрэты Гадоўлі свойскай птушкі» — пра гародчык гэты.
Дык вось ледзь толькі певень, вартаўнік кашлаты, На месцы стаўшы з дзюбаю ўгару паднятай І грабяністы чуб звярнуўшы трохі бокам, Каб тым лягчэй нацэліцца ў нябёсы вокам, Заўважыць дзесьці ў хмарах ястраба цень буры І ўскрыкне — ўміг хаваюцца ў садочак куры, А нават гусі, павы, і лятуць ад страху У сховак гуртам галубы з крутога даху.
Цяпер быў без драпежнікаў блакіт высокі, Ён толькі дыхаў жарам сонечнае спёкі, Дык птушкі халадок знайшлі ў сваім садочку, Ляжаць на мураве, купаюцца ў пясочку.