Сярод галоў птушыных у высокім зеллі
Галоўкі дробныя дзіцячыя бялелі
І шыйкі голыя да плечак. З дзецьмі тымі
Была дзяўчына з валасамі больш даўгімі.
За дзетварой сядзеў паўлін. Нібы ў вясёлцы,
Свяціліся ў яго хвасце кругі і колцы.
Галоўкі дзетак на тым фоне цёмна-сінім
Блішчэлі асабліва, быццам на карціне,
Абведзеныя кругам воч паўліных гожа,
Што, як вяночак з зор, прасвечвалі між збожжа,
Між палак кукурузных, распусціўшых коскі,
Між траў ангельскіх, маляваных у палоскі,
І між каралаў шчыру, што з зялёным слязам
І колеры, і формы скрыжавалі разам,
Як быццам срэбра з золатам пераплялося,
Накшталт заслоны лёгкай з кветак, траў, калосся.
Над гушчаром бадылля, кветак, зеляніны
Узняўся балдахін імглісты матыліны —
Рой лёгкіх бабак, што трасуць на небе сінім
Празрыстым светлым крыллем, быццам павуцінне.
Калі яны ў паветры ўюцца лёгкім пухам,
Хоць бзыкаюць, здаецца, што вісяць без руху.
Дзяўчына ўзмахвала пучком уверх узнятым,
Як быццам з пер’я страўса, веерам багатым,
Падумаў бы, што ім дзяцей абараняла
Ад залатога матылёў дажджу. Трымала
Апроч таго ў другой руцэ прадмет якісьці
І дзецям па чарзе давала піць ці ўгрызці
Таго чагосьці залацістага крутога,
Падобнага зусім да Амальтэі рога.
Хоць так занятая, а ўсё ж не давярала
Кусту, што шалясцеў, і ў той бок пазірала.
Не ведала, што вораг абышоў здалёку
І вужам праз загоны поўз з другога боку.
Вось выскачыў з былля. Убачыла — быў блізка,
Праз град чатыры мо, і кланяўся ёй нізка.
Дык адвярнулася, рукамі узмахнула
І спуджанаю краскай з месца пырханула,
Ступнямі лёгкімі мільгнуўшы над гародам.
Тут дзеці, спуджаныя Графа надыходам
І ўцёкамі дзяўчыны, крыкнулі трывожна.
Пачула, зразумела, што ніяк не можна
Дзяцей малых пакінуць у перапалоху.
Вярталася назад, збліжалася патроху,
Як неахопны дух, прыкліканы закляццем.
Падбегла да найбольш крыклівага дзіцяці,
Прысела да яго, туліць да ўлоння стала,
Другое гладзіла, суцішвала ласкава.
Памалу сціхлі ўсе, галоўкі затулілі
У яе падол, як птушаняты маці ў крыллі.
Яна тады прамовіла: «Ну ці ж прыгожа
Крычаць так? Вас спалохацца пан гэты можа.
Пан страшыць не прыйшоў, не старац ён хаджалы,
А госць, пан добры, гляньце — вунь які удалы».
І глянула сама. Прыемна Графу стала,
Ён усміхнуўся ёй за ўсе яе пахвалы.
Агледзелася, змоўкла, апусціла вочы,
І фарба ружы ўкрыла твар яе дзявочы.
А ён і быў удалы: ростам быў высокі,
Хоць з твару і худы, а свежыя меў шчокі
І вочы сінія, а волас белаваты,
Даўгі, хоць, праўда, ў гэты час крыху калматы
І поўны лісту, цэлы бо вянок зялёны
Уплёўся Графу ў чуб, як лез ён праз загоны.
«О ты! Якім бы я цябе ні ўважыў званнем, —
Прамовіў ён, — багіняй, німфаю ці зданню,
Кажы, ці ўласнай воляй ты к зямлі прыстала,
Ці ўлада ворага цябе тут прыкавала?
Ах, здагадаўся: не інакш, любоўнік злосны
Якісьці пан-багач ці апякун зайздросны
Цябе замкнёнаю трымае ў парку гэтам!
Ты, вартая быць рыцарскіх баёў прадметам
І гераіняю раманаў, эпасаў жалосных,
Даверся мне ў сваіх цяжкіх, магчыма, лёсах,
Я буду збаўцам! Дык валодай жа ў спакоі,
Ты, сэрцаў уладарніца, маёй рукою!»
І выцягнуў руку.
Яна ў румянцы кволым,
Але з абліччам слухала яго вясёлым.
Так за малюнкам дзіцянё вачыма водзіць
І ў водблісках лічыльнікаў гульню знаходзіць,
Перш, чым пазнае вартасць іх; так слых ласкала
Ёй гутарка яго, а змест даходзіў мала.
Дык проста запытала: «Скуль пан прыбывае?
Чаго, пан дабрадзей, па градах тут шукае?»
Збянтэжыўся, здумеўся Граф, адкрыўшы вочы,
Маўчаў. Пасля сказаў, зірнуўшы ў твар дзявочы,
Інакшым тонам: «Выбачайце, перашкодзіў,
Відаць, я ў гулях! Ах, я тутка вось праходзіў
На снеданне — пара ўжо, не хацеў спазніцца.
Дарогай, ведама, прыйшлося б мне кружыцца,
А праз гарод, здалося мне, прасцей намнога».
Яна сказала: «Вось, ягомасць, тут дарога,
Але не трэба град псаваць, там ёсць ля дрэва
Сцяжынка». Граф спытаў: «Направа ці налева?»
Гароднічка, падняўшы вочкі са спакоем,
Старалася уцяміць, што тут ёсць такое,
Бо дом — за крокаў тысячу, як на далоні,
А ён пытае пра дарогу? Ды Граф сёння
Ахвоту меў пагаварыць, шукаў нагоду
Да гутаркі. «Вы жывяце тут, ля гароду?
Ці ў вёсцы? У двары, чамусьці, я не бачыў
Паненкі. Тут даўно? Прыезджая, няйначай?»
Яна крутнула галавой. «Прабач, паненка,
Ці панна там жывеш, дзе тое вунь акенка?»
І думаў: «Што ж, няхай яна не гераіня
Рамансаў, але ёсць чароўнасць у дзяўчыне.
Бывае, мысляў скарб, захованы глыбока,
Як ружа між лясоў, цвіце дзесь адзінока,
А вынесі яго на свет, дзе сонца ззяе,
Адразу тысячамі фарбаў задзіўляе!»