Гароднічка тым часам моўчкі з месца ўстала,
Малое падняла, што больш за ўсіх крычала,
Другое ўзяўшы за руку, ўсім карагодам,
Нібы за гуртам гусак, рушыла гародам.
А азірнуўшыся, сказала: «Ці не можа
Пан птушак спуджаных сагнаць назад у збожжа?»
«Я — птушак заганяць?» — спытаў Граф са здзіўленнем.
Яна тым часам знікла па-за дрэваў ценем.
Хвіліну з-за кустоў, з-паміж зялёных звояў
Яшчэ свяціла штосьці, як бы вочак двое.
Граф доўга ў садзе думаў адзінока,
Душа яго зацягвалася шэрым змрокам
I, як зямля з заходам сонца, астывала.
Хацеў памарыць, але мараў не ставала.
Прачнуўся, сам не ведаў, на каго злаваўся,
На жаль, знайшоў не многа — лішне спадзяваўся!
Бо ў час, калі к пастушцы падпаўзаў загонам,
Гарэла ў галаве, а сэрца біла звонам —
Такую прыгажосць ён у русалцы бачыў
І ўсё вакол цудоўна так тлумачыў!
А ўсё знайшоў інакш: твар, праўда, быў прыгожы,
А стан зусім яшчэ не складзены. Быць можа,
Што тая шчок акругласць і румянца жывасць,
Малюючы яе прасцяцкую шчаслівасць,
Не сведчаць, што спіць думка, сэрца спачывае
Ды вёска ж праз яе адказы праглядае!
«Няма сумнення, — крыкнуў,— я ўжо ўпэўнен цалкам
Гусей пасе мая таемная русалка!»
А са знікненнем німфы чар быў зразу зняты
З усёй карціны той: вось залатыя краты
І стужкі ўміг саломай сталі з каласкамі.
Граф з заламанымі глядзеў цяпер рукамі
На жменьку шэрай, звязанай травой мятліцы,
Што пер’ем страўсавым умела серабрыцца.
А конаўка, што ў дзеўчыны руках так ззяла,
Той Амальтэі рог, звычайнай морквай стала —
Ён бачыў, як дзіця яе жавала хціва.
Дык і расплыўся чар, развеялася дзіва.
Юнак, калі цыкорыі заўважыць кветку,
Што вабіць мяккасцю далонь, і неўзаметку
Дыхне, узяўшы ў рукі, дык з паветра рухам
Рассыплецца ўся тая кветка лёгкім пухам.
І вельмі здзівіцца дапытлівы хлапчына,
Як з кветкі застанецца голая сцябліна.
Граф, капялюш націснуўшы, назад вяртаўся,
Але дарогу ўсё ж пакараціць стараўся:
Па агародніне, праз кветкі, агрэст крочыў,
Аж уздыхнуў, як агароджу пераскочыў.
Прыпомніў, што казаў пра снеданне дзяўчыне
А можа бачыў хто яго а той хвіліне,
Як быў з ёй у гародзе? Мо пачнуць шуканне?
I што падумаюць пра гэткае спатканне?
Вярнуцца выпадала. Дык крадком за плотам,
Праз зелле меж, зрабіўшы сотні паваротаў,
Нарэшце выбраўся шчасліва на гасцінец,
Што проста ў дворны накіроўваўся дзядзінец.
Ішоў ля плоту, ды ад саду твар адводзіў,
Як злодзей ад каморы, у якой нашкодзіў,
Ці думае пабыць у ёй у зручным часе.
Хітрыў Граф, хоць за ім мо сочка не вялася.
У супроцьлеглы саду бок глядзеў — управа.
Быў скрозь травой заросшы гай стары, радкавы.
Як па кілімах, ля бярозак беластвольных
Пад навессю шатреў зялёных і прывольных
Снавалі постаці. Нагадвалі іх рухі
То танцы дзіўныя, то нейкіх дзіўных духаў
Блуканне ў блясках месяца. Адны у чорных
І цесных вопратках, другія ў больш прасторных
І белых, быццам снег. Той з голай галавою,
Той пад брылём шырокім, тыя, бы чалмою,
Як светлым воблакам, галовы агарнулі
I, як камета хвост, канцы яе цягнулі.
У кожнага свой выгляд: з месца той не сходзіць,
Адно вачыма, долу спушчанымі, водзіць,
Той, гледзячы наперад, быццам сонны, крочыць,
Як па канаце, і нікуды ўжо не збочыць.
А ўсе згінаюцца к зямлі памалу, сонна,
Зусім, як быццам адбіваючы паклоны.
Калі ж адзін супроць другога раптам стане,
Маўчаць і разыходзяцца без прывітання.
Усе ў задуме, ўсе ва ўладзе летуценняў.
Граф думаў, што ён бачыць элізейскіх ценяў,
Што хоць не ведаюць зямных клапот і ліха,
Блукаюць сумныя павольна, моўчкі, ціха.