Выбрать главу
Ды хто пазнаў бы ў гэтых марах ледзь рухомых, У тых людзях маўклівых, нам ужо вядомых Гасцей, сяброў Суддзі? З шумлівага снядання Пайшлі ўсе на ўрачыстае грыбоў збіранне. Як людзі з розумам, што ўмеюць карыстацца І рухамі, і мовай, каб дапасавацца Да кожнага выпадку, месца і звычаю, Яны прад тым, як рушыць за Суддзём да гаю, Від новы прынялі і вопраткі другія: Плашчы кужэльныя, шырокія, даўгія Панацягалі зверху на свае кунтушы, Брылі-капялюшы насунулі на вушы, Дык і бялелі, быццам тыя ў чысцы душы. І моладзь перапранена, ’проч Талімэны І тых-сіх моднікаў французскіх.
Гэтай сцэны Не ўцяміў Граф, не знаў вясковага звычаю, Дык здзіўлены надзвычай падбягаў да гаю. Грыбы ўрадзілі. Хлопцаў просяць пакланіцца, У песнях слаўныя, румяныя лісіцы — Дзявоцтва сімвал, бо іх чэрві не з’ядаюць I, дзіўна, насякомыя не абсядаюць. Паненкі дык баравіка ўсё выглядалі, Якога песні ў нас палкоўнікам назвалі[21]. А ўсе рыжка шукаюць; ён хоць і сціплейшы, І менш у песнях слаўны, але найсмачнейшы Ці солены, ці свежы, у любую пору. А Войскі дык збірае толькі мухаморы.
І іншыя грыбы, пакінутыя ў браку З прычыны ядавітасці ці злога смаку, Карысць сваю даюць: звярыне служаць ежай, Гняздом кузуркам, гай малююць фарбай свежай. На абрусе зялёных траў лясной паляны, Нібы сталовае суддзё парасстаўляны: Судзіначкі чырвона-жоўтых сыраежак З віном празрыстым, серабрыстым, ясным, свежым, Казляк, як быццам кубка дно, пукаты, клейкі, Як смуклыя шампанскія кілішкі — лейкі, А белякі далёка свецяць між паляны, Як малако ў вялікіх кубках паліваных I, пылам шэрым поўная, сядзіць у цені, Як перачніца, порхаўка. Другіх найменні Мо толькі ёсць у зайчай або воўчай мове, Іх людзі ж не хрысцілі, ган і так іх повен. Ніхто ні зайчых, ані воўчых не збірае, А хто, нагнуўшыся, сваю памылку заўважае, У гневе зломіць грыб або нагой падкіне. Не месца гэтакім слядам на зеляніне.
Людскіх ні воўчых Талімэна не збірае, Рассеяная, нудна вокал пазірае, Задраўшы галаву. Пан Рэент дык у гневе Казаў, што мо прыйшла шукаць грыбоў на дрэве. Асэсар з’едліва назваў яе ільвіцай, Што месца выглядае, дзе б гняздом спыніцца. Яна ж, відаць, шукала ціхай адзіноты I, ў грамадзе хадзіць не маючы ахвоты, Да ўзгорачка ляснога крокі скіравала, Дзе ценю больш, дзе болып магутных дрэў стаяла. Між дрэў прасвечваў камень; ручаёк пад глыбай Журчаў і пырскаў, а пасля шкляною шыбай, Як бы шукаючы цяньку, хаваўся ў зелле, Якое над вадой буйное лісце сцеле. Там шустры той дуронік, у траву спавіты, Лістамі падасланы, ад вачэй закрыты, Знячэўку пачынае ціханька шаптаці, Падобным стаўшы да крыклівага дзіцяці, Якому зыбку маці ахіне ў радзюжку І макаўя, каб спала, ўложыць пад падушку. Ахвотна Талімэна тут адпачывае І гэты кут Святыняй думак называе.
На бераг ручая на зелень разаслала Свой шаль кашаміровы колеру карала, А потым, як плыўчыха, што к вадзе хінецца Памалу, покуль першы раз не акунецца, Укленчыла і стала нахіляцца бокам I, схопленая тым каралавым патокам, Апала на яго і цела распасцёрла, Аблакацілася, рукамі твар падпёрла, Схіліла галаву. І ў той жа міг у зеллі Лісты французскай кнігі ярка заблішчэлі. Над алебастрам распасцёртага рамана Вілася косаў смоль істужкай пасплятана.
У травы смарагдзе, на крываўнікавым шалі, У доўгай сукні — яснай пляме на карале, З канца якой блішчэў прычоскі кок вялікі, А на другім канцы чарнелі чаравікі І ззяла бель між імі рук, панчошак, твару, Яна была зусім, як вусень, што з гушчару Павольна выпаўз на кляновы ліст. Ды толькі Малюнка гэтага краса, прынадаў столькі Дарма чакалі знатакоў — ніхто не гляне Ў той бок, так захапіла ўсіх грыбоў збіранне. Аднак Тадэвуш наглядаў, пастрэльваў вокам І ледзь прыкметна пачынаў збліжацца бокам, Як паляўнічы, што ў рухомай з голля будцы Стараецца на колцах к дрофам падцягнуцца Ці, севак ловячы, канём сябе прыкрые, Ідзе каля сядла, або пад конскай шыяй І быццам барануе ці мяжой праходзіць, А сам што раз бліжэй да птушак падыходзіць. Так краўся і Тадэвуш.
вернуться

21

Вядомая ў Літве народная песня пра грыбы, якія выходзілі на вайну пад камандай баравіка. У гэтай песні апісаны ўласцівасці ядомых грыбоў.