Мусіў запыніцца
Аднак, бо вось Суддзя збліжаўся да крыніцы.
Гулялі з ветрам полы апранахі белай
І хустка, што канцом на поясе вісела,
А саламяны брыль, падвязаны за вухам,
Хістаўся, як лапух, услед за кожным рухам,
То ападаючы на плечы, то на вочы.
Вось гэтак з посахам Суддзя палянай крочыў.
Перш чым прысесці, к Талімэне прыступіцца,
Нагнуўся, рукі вымыў з берага ў крыніцы,
Апёрся на слановай булдавешцы кія,
На камень сеў і словы стаў казаць такія:
«Бач, ваша, з часу, як да нас прыбыў у госці
Тадэвуш, неспакой мяне гняце чагосьці.
Я сам стары, бяздзетны, гэты ж вось хлапчына
Усяго маёй уцехі, і такім вось чынам
Майго багацця ён наследнік. З ласкі неба,
Пакіну неблагі яму кавалак хлеба.
Пара падумаць пра яго усталяванне,
Ды толькі вось на клопат мой хай ваша гляне:
Мой брат, пан Яцак, бацька Тадавушкаў, знаеш,
Які дзівак, — яго намераў не згадаеш.
Вандруе і не хоча да сваіх вяртацца,
Не хоча сыну нават, што жыве, прызнацца,
А ўсё кіруе ім. То ў легіён меў планы
Яго паслаць… Я гэтым быў засумаваны
І ледзь дабіўся згоды, каб застаўся ён тут дом
І ажаніўся. Ажаніўся б ён, вядома,
Я пару ўжо нагледзеў. У ва ўсёй акрузе
Для Падкаморага па знатнасці, заслузе
Няма раўні. Старэйшая іх дочка Ганна
На выхадзе — прыгожая, з пасагам панна,
Спытаць хацеў я». Талімэна пабялела,
Злажыла кнігу, паднялася раптам, села.
«Клянуся мамай, — мовіла, — мой пане браце,
Які ж тут сэнс? Дзе ж ваша аб жыцці паняцце?
Дык думаеш Тадэвушу стаць дабрадзеем,
Зрабіўшы юнака такога грэчкасеем?
Завяжаш свет яму, павер, клясці вас будзе!
Такія таленты ў сяле зглуміць, у брудзе!
Павер, ён здольнае дзіця, як я пазнала,
І варта, каб ён свет пабачыў многа-мала.
Брат, добра зробіш, як пашлеш яго ў сталіцу,
Напрыклад, у Варшаву. Ці мо лепш спыніцца
На Пецярбурзе? На зіму туды, быць можа,
Ізноў паеду я. Мо ў гэта падарожжа
Тадэвуша б паслаць? Я там знаёмствы маю,
Уплывы. Гэта ж на карысць было б, я знаю.
З маёй падмогай ён прыняты ўсюды будзе,
А калі важныя яго пазнаюць людзі,
Чын атрымае, ордэн. Ну тады б падацца
Мог і ў адстаўку і дамоў сабе вяртацца,
Здабыўшы і значэнне, і знаёмства свету.
А, брат, як думаеш?» «Яно, у пору гэту, —
Сказаў Суддзя, — хлапцу праветрыцца шмат значыць,
Паміж людзьмі працерціся і свет пабачыць.
Я сам у маладосці выездзіў нямала,
Быў у Пятркове, ў Дубне. То за трыбуналам
Я палястрантам вандраваў, то зноў па справе
Пабыць мне давялося нават і ў Варшаве.
І скарыстаў не мала! Дык скажу зараней,
Што хлопца выправіў бы ў свет для вандравання,
Як шлюць рамесніка, каб практыкі набраўся,
Няхай бы ён са светам трохі запазнаўся,
А не для ордэнаў і ранг! Прашу прабачыць,
Ну што той ордэн царскі ў нас сягоння значыць?
Які ж у нас з паноў, ні то пгго каб важнейшых,
А толькі так між шляхтай трохі багацейшых
Пра гэту дробязь дбае? Але ж у estymie
Яны ў людзей, бо мы шануем род і імя,
А калі чын, дык земскі, выбарам прызнаны
Грамадскім, а не з нечай ласкі дараваны».
«Тым лепш, — сказала Талімэна, — дык брат можа
Яго як ваяжыра слаць у падарожжа».
«Хацеў,— сказаў Суддзя на гэта ў задуменні, —
Ды новыя, сястра, паўсталі затрудненні.
Пан Яцак не спускае з-пад апекі сына
І мне прыслаў якраз на карак бернардына
Рабака. Ён прыбыў з-за Віслы, з-за Варшавы,
Прыяцель брата, ведае ўсе нашы справы.
Яны рашылі аб Тадэвушавым лёсе
І хочуць, каб Тадэвуш ажаніўся з Зосяй,
Васпані выхаванкай. Мелі б ва ўладанні,
Апроч маёй фартункі, Яцкавы ўкладанні
У капіталах. Ваша, ведаеш, што мае
Ён капітал, грош не малы ў мяне трымае
І можа ім распараджацца. Ваша, зможаш
Усё абмеркаваць, ці справе дапаможаш.
Іх трэба пазнаёміць. Можа ранавата
Для Зосі замуж, ды не шкодзіць гэта сватам.
Пара б ужо нам Зосі не трымаць у хаце,
Бо, мабыць, вырасла яна ўжо з дзіцяняці».