А Талімэна ў сполаху і ў задзіўленні
Прыпадымалася, устала на калені,
Перш пільна слухала, пасля далоні рухам
Пярэчыла, рукой махаючы над вухам
I, быццам мух, зганяючы за словам слова
Назад прамоўцы ў вусны.
«А вось гэта нова!
З чаго Тадэвуш будзе ў выйгрышы ці ў шкодзе, —
Сказала з гневам, — думай сам, васпан дабродзей,
Бо мне ён што? Як хочаце аб ім судзіце,
Зрабіце аканомам ці ў карчму садзіце,
Хай шынкаруе ці звярыну з лесу носіць,
З ім вы што хочаце рабіце, але… Зосі!
Васпанству што да Зосі? Я, без умяшання,
Яе рукой кірую! Што на выхаванне
Яе даваў пан Яцак грошы, што выплачваў
Ёй пенсійку, што, быццам, большую назначыў,
То не купіў яшчэ яе! Для вас сакрэту
Няма, і ведама ўсяму наўкола свету,
Што вашы шчодрасці для нас не без прычыны, —
Гарэшкам жа Сапліцы тое-сёе вінны!»
(Суддзя канец прамовы выслухаў на дзіва
Збянтэжана, у жалі і амаль гідліва,
Нібы баяўся слоў далейшых, накланіўся,
Рукой патакваў, але твар крывёй наліўся.)
«Я ёй сваячка, — Талімэна так казала, —
Я апякунка, Зосю я узгадавала,
І клопат толькі мой аб выхаванкі лёсе!»
«А мо знайшла б у тым замужжы шчасце Зося? —
Сказаў Суддзя, падняўшы зрок. — Мо Тадавушка
І ўпадабала б?» «Гэта — на вярбе ігрушка.
Палюбіць, не палюбіць — гэта мала важна!
Хоць Зося і не будзе вельмі ўжо пасажнай,
Ды не з абы сяла яна, абы шляхцянка:
Яна — з яснавяльможных і ваявадзянка
Ад маці Гарашчанкі! Мужа ўміг дастане!
Мы ж так стараліся, каб даць ёй выхаванне!
Хіба б здзічэла тут». Суддзя ўсё пільна слухаў,
У вочы гледзячы, пасля сабраўся з духам
І весела сказаў: «Ну што ж, сястрыца,
Бог бачыць, шчыра я хацеў дагаварыцца,
Прашу не гневацца. Што ж, ваша, я з тым згодзен,
Пярэчыць мае права; дык размовы годзе
Пра гэту справу. Я пытаў па просьбе брата.
Ганьбуеш, ваша, маладога, дык для свата
Цяпер пісьмом даць звестку Яцку застаецца,
Што Зося за Тадэвуша не аддаецца.
Цяпер сам буду дзейнічаць, мо з Падкаморым
Сватоўства распачнём і справу абгаворым».
Праз той час Талімэне трохі астывала
«Памалу, браце, я зусім не ганьбавала!
Брат сам казаў, што ранавата ім пабрацца,
Дык пачакайма, паглядзім, чаго ж спяшацца?
Вось пазнаёмім маладых і асцярожна
Разважым. Шчасцем іх рызыкаваць не можна.
Прашу аднак вас, пане браце, устрымацца
З намовамі яго у Зосю закахацца,
Бо сэрца не нявольнік, не прызнае пана
І ў кайданы сілком не можа быць скавана!»
Затым Суддзя ў задуме ад яе падаўся.
З другога боку пан Тадэвуш набліжаўся,
Від робячы, што грыб яго ў глыб лесу зводзіў.
І Граф у гэтым жа напрамку падыходзіў.
У той час, як Суддзя сядзеў тут з Талімэнай,
За дрэвам Граф стаяў. Задзіўлены той сцэнай,
Дастаў з кішэні алавік, лісток паперы,
Што пры сабе насіў, і, мастакоў манерай
Апёршыся на ствол, заняўся пільна маляваннем,
Гаворачы з сабой: «З такім вось згрупаваннем
Не часта стрэнешся: яна ў траве, а ў пары
З ёй ён на камені — кантраставыя твары,
Тыповыя галовы!»
Падыходзіў бліжай,
Спыняўся, цёр ларнет і вочы, гнуўся ніжай
І ўсё глядзеў: «Няўжо ўсе цені, фарбы, ўзбліскі
Загінуць, зменяцца, калі падыдзеш блізка?
Той аксаміт травы абернецца ў бацвінне,
І ўбачыш, што русалка — проста ахмістрыня?»
Хоць Граф і перад гэтым з Талімэнай знаўся,
Бо з ёю у Суддзёвым доме сустракаўся,
Ды ўвагі асаблівай не звяртаў, бывала,
Дык дзіву даўся, што яна мадэллю стала
Яго малюнку. Месца пышнасць, густ убрання
Змянілі выгляд памятны яму да-звання.
Яшчэ гарэлі вочы непатухшым гневам,
А твар, ажыўлены лясных вятроў павевам,
Размоваю з Суддзём, з’яўленнем хлопцаў гожых,
Стаў шмат свяжэйшым, больш румяным і прыгожым.
«За смеласць, — Граф сказаў,— прашу прабачыць, пані.
Прыходжу перапрошваць і нясу прызнанні:
Прашу прабачыць, што сачыў я пані крокі,
І дзякую, пгго сведкам дум быў адзінокім.
Я так зняважыў! Вінаваты вельмі многа!
Я ж перашкодзіў думкам, ды, сваёй дарогай,
Натхненне зведаў. Гневайся на чалавека,
Ды мастаку даруй, усцеш сваёй апекай!
Адважыўся на шмат, ды болыпае наважыў:
Судзі!» — укленчыў і падаў свае пейзажы.