«I розум меў! — сказаў Тадэвуш з жарам жвава, —
Бо небу італьянскаму за што ў нас слава?
Пустое, сіняе яно, як шыба лёду.
Па-мойму, неба прыгажэе ў непагоду.
У нас даволі вочы ўзняць, і ў рухах хмары
Убачыш мноства фарбаў, сцэн, малюнкі, чары,
Бо хмары розныя. Асенняю парою,
Як чарапаха, хмара сунецца гарою,
Пузатая вадой, к зямлі спускае косы —
Дажджу шырокія празрыстыя палосы.
А хмара з градам сунецца аэрастатам,
Блакітна-цёмная з адценем жаўтаватым —
Вялікі шум чуваць вакол. І проста хмаркі
Цікава выглядаюць, бег іх лёгкі, шпаркі.
Яны, як лебедзі ці гусак гурт плывучы,
А вецер, быццам сокал, гоніць іх да кучы,
Дык ціснуцца, растуць, грубеюць… што за дзіва?
Вось шыі выгінаюць, распускаюць грывы
I, выставіўшы ног рады, па неба склепе
Ляцяць, як дзікіх коней табуны па стэпе —
Усе, як срэбра, белыя. Зноў замяшанне:
Праз момант з каркаў мачты, ветразь з грыў устане
Табун стаў караблём, і вось па сіняй далі
Яго пад ціхім ветрам хвалі загайдалі».
Граф з Талімэнай пазіралі пільна ўгору,
Тадэвуш хмару паказаў і ў тую ж пору
Другой рукой паціснуў ручку Талімэны.
Мінула некалькі хвілін той ціхай сцэны,
Граф ліст паперы палажыў на капялюшык
І алавік дастаў. Аж раптам рэзнуў вушы
Удар у дворны звон, і ўслед за першым рэхам
Азваўся ціхі лес гуканнем, крыкам, смехам.
Граф галавой кіўнуў, прамовіў сумным тонам:
«Вось гэтак лёс канчае ўсё на свеце звонам —
Разлікі думак нашых, уяўленні, планы,
Нявінную гульню і дружбы гарт каваны,
І сэрцаў чулых голас. Хай медзь зарыкае,
І ўсё мяшаецца і рвецца, і знікае!»
На Талімэну глянуўшы, пасля хвіліны
Спьггаў: «А што ж нам застаецца?» «Успаміны», —
Прамовіла і, каб пацешыць Графа ў смутку,
Дала яму, сарваўшы, кветку-незабудку.
Граф кветку к вуснам прыпаднёс, чапляў к жакету.
Тадэвуш кусцік расхінаў у пору гэту,
Заўважыўшы, што нешта між лістоў бялее
Што раз бліжэй. Была там ручка, як лілея.
Схапіў яе і вуснамі тануў паціху
У ёй, нібы пчала у ліліі кяліху.
Пачуў на вуснах холад, ключ заўважыў шэры
І побач, трубкай скручаны, лісток паперы.
Схапіў, схаваў, не ведае, што ключ той значыць,
Ды беленькі лісток, напэўна, растлумачыць.
А звон званіў, і з нетраў лесу разам з рэхам
Нясліся галасы з гуканнямі і смехам —
Хор розных поклічаў склікання і шукання —
Сігнал закончанага ўжо грыбоў збірання.
Не сумна звон званіў, і Граф таго не ведаў,
Што звон быў не хаўтурны, а склікаў к абеду.
Звон гэты кожны поўдзень з-пад страхі гукае
І ўсіх гасцей і чэлядзь на абед склікае.
Як адгалосак даўняга ў дварах звьлаю,
Ён захаваўся і ў Суддзі. Дык зараз з гаю
Вькодзіць гуртам госці пачалі з кашамі,
Кашолкі поўныя набраўшы, з вузялкамі.
Паненкі неслі у руках дзеля паказу
Вялізны баравік, як веер або вазу,
А побач, быццам кветкі, што растуць ля сцежкі,
Апенькі і ўсялякіх фарбаў сыраежкі.
А Войскі нёс свой мухамор. Ды толькі дрэнна
Грыбы збіралі Граф, Тадэвуш, Талімэна.
Парадкам госці увайшлі. Праз час каторы
За стол з паўкруга першы рушыў Падкаморы.
(За важны чын і ўзрост яму тут гонар гэткі.)
Ён дамам кланяўся, старым і малалеткам.
Пры ім стаў ксёндз-манах, Суддзя пры бернардыне.
Бернардын памаліўся хутка па-лаціне,
Пасля далі гарэлку, а затым паселі
І халаднік літоўскі моўчкі жвава елі.
Абед цішэйшы быў, чым іншым днём бывала.
І хоць Суддзя бадзёрыў, гутарылі вяла,
Бо тыя, хто за гончых сёння быў у звадзе,
Спынялі, пэўне, думкі на сваім закладзе,
А веліч дум, звычайна, вусны зачыняе.
Размовы толькі Талімэна не спыняе:
З Тадэвушам гаворыць, Графу слоўца кіне
І зрок спыняе на Асэсаравай міне.
Вось гэтак, на шчыглоў нарыхтаваўшы сетку,
Лавец пільнуе вераб’ёў. А на суседку
Глядзяць Тадэвуш з Графам. Кожны з іх шчаслівы,
Напоўнены надзеяй і таму маўклівы.
Граф штораз з гонарам свой зрок звяртаў на кветку,
Тадэвуш на кішэнь касіўся неўзаметку,
Ці ключык той не ўцёк, і поўны неспакою
Лісточак непрачытаны круціў рукою.
Суддзя, хоць Падкамораму віна ў кяліхі
Ўсё падліваў і кланяўся, і сам быў ціхі,
І гутарыць не меў звычайнае ахвоты,
Відаць, перажываў ён нейкія клапоты.