Міналі стравы, моўчкі сходзіў час абеду,
Аж раптам уварваўся ў нудную бяседу
Неспадзяваны госць — ляснік. Паходкай жвавай,
Нягледзячы на час абедні, з нейкай справай
Падбег да пана. Адгадаеш з рухаў, з міны,
Што пасланец ён нейкай важнае навіны.
Звярнулі вочы на яго паны і пані,
А ён, адсопшыся, сказаў: «Мядзведзь, маспане!»
І рэшту адгадалі ўсе: што з цёмнай гушчы
Звер выйшаў і што краўся з Занямонскай пушчы,
Што трэ’дагнаць яго. У момант зразумелі,
Хоць абсудзіць той справы часу йшчэ не мелі.
Супольнасць думак праявілася адразу
Праз жэсты рук, праз сэнс загаду ці наказу,
Якіх хоць многа загуло ў хвіліну гэту,
Ды ўсе яны адну на ўвазе мелі мэту.
«Ў сяло, — сказаў Суддзя, — хай сотнік скача жвава!
Паклікаць дабравольцаў, бо чуць свет — аблава!
Хто з пікай вырушыць ахвотна, без адказу,
Таму спісаць пяць дзён і дзве шарваркі зразу!»
А Падкаморы крыкнуў: «Зараз жа на Сівай
Скакаць ка мне у двор і, захапіўшы жыва
Дзве п’яўкі, слаўныя заядласцю й навукай —
Сабака Спраўнікам завецца, Страпчай — сука[23], —
У мяхі ўвапхнуць, у морды затычкі заправіць
І конна, для паспешнасці, сюды даставіць!»
«Гэй, Ванька! — закрычаў Асэсар рускай мовай, —
Цясак бруском звядзі! Каб мне было гатова
Усё! Цясак — Сангушкі князя падарунак,
Паняўў Правер і ў пасе кожную з ладунак!»
«Рыхтуйце стрэльбы!» — ўсе крычалі ўсхвалявана
Асэсар волава шукаў. «Куль трэба алавяных! —
Крычаў. — Я форму ў торбе маю!» «Да плябана, —
Сказаў Суддзя, — паслаць ганца, каб заўтра рана
Прыбыў імшу адправіць у лясной капліцы —
Святому Губерту за ўдачу памаліцца».
Пасля загадаў тых усе пазамаўкалі,
Задумаліся, быццам між сабой шукалі
Кагосьці. І міжволі ўсіх прысутных вочы
Твар Войскага старога цягне, адзіночыць.
Відаць, правадыром яго ўсе выбіралі
І моўчкі булаву яму перадавалі.
Падняўся Войскі, зразумеў сваё заданне
I, стукнуўшы рукою ў стол, сярод маўчання
Дастаў з-за пазухі ланцуг, які на вушку
Трымаў грубы гадзіннік з добрую ігрушку.
«Паўпятае, — прамовіў,— заўтра ля капліцы
Сабрацца ўсім ганцам, ды толькі не пазніцца»
Тут рушыў з-за стала, за ім без затрымання
Пайшоў ляснік. Ішлі абдумаць паляванне.
Вось так і камандзіры пры чаканні бою,
Калі байцы адпачываюць, чысцяць зброю
Ці спяць на шынялях, ці сядуць сілкавацца, —
Цішком вядуць нарады доўгія ў палатцы.
Абед спыніўся, дзень прайшоў у неспакоі, —
У клопатах пра коней, пра сабак, аб зброі.
А ў час вячэры госці вельмі мала елі
І на’т ахвоты спрэчкі прадаўжаць не мелі
За ганчакоў. Мір заключыўшы ў тым разгары,
Асэсар з Рэентам ідуць пад рукі ў пары —
Шукаюць волава. Другія пасля працы
Пайшлі спаць рана, каб на досвітку падняцца.
Кніга чацвертая. Дыпламатыка і ловы
Змест: З’ява ў папільётках будзіць Тадэвуша. Запозненае асэнсаванне памылкі. Карчма. Эмісар. Спрытнае ўжыванне табакеркі звяртае дыскусію на патрэбную дарогу. Матачнік. Мядзведзь. Тадэвуш і Граф у небяспецы. Тры выстралы. Спрэчка Сагалясоўкі з Сангушкоўкай, вырашаная на карысць Гарэшкаўскай аднастволкі. Бігас. Аповесць Войскага пра паядынак Давэйкі з Дамэйкам перарвана цкаваннем зайца. Канец аповесці пра Давэйку і Дамэйку.
Равеснікі князёў літоўскіх слаўных, дрэвы
Панараў, Свіцязі, пушч цёмных, Кушалева!
Вы ж ценем прыкрывалі каралёў галовы:
Вітэна грознага, вялікага Міндовы
І Гедыміна ў час, як на хрыбце Панараў
Ля вогнішча на скуры медзвядзя ён марыў,
Заслуханы у песні мудрага Ліздэйкі,
І ўсплёскамі Вяллі, і пошумам Вялейкі
Закалыханы, сніў ваўка ў жалезнай зброі[24].
А потым, згодна з воляю багоў святою,
Ён горад Вільню ўзнёс, што між лясоў-суседзяў
Сядзіць, як воўк між зубраў, дзікаў і мядзведзяў.
А з горада таго, як з рымскае ваўчыцы,
Паходзяць Ольгерд, Кейстут і Альгердавічы —
Праслаўленыя звераловы і героі,
Што звера ўмелі гнаць, былі майстрамі бою.
Сон паляўнічага адкрыў нам тайны неба,
Што для Літвы заўжды лясоў, жалеза трэба.
вернуться
23
Парода англійскіх сабак малых і дужых, празваных п’яўкамі, прыдатная да палявання на буйнага звера, асабліва на мядзведзя.
Спраўнік, або капітан спраўнік — начальнік земскай паліцыі.
Страпчы — пасада накшталт дзяржаўнага пракурора. Гэта чыноўнікі, якія, маючы часта нагоду перавышаць сваю ўладу, знаходзяцца ў вялікай пагардзе ў грамадзян.
вернуться
24
Паводле падання, вялікі князь Гедымін сасніў на Панарскай гары жалезнага ваўка і з парады песняра Ліздэйкі заснаваў горад Вільню.